Воскресенье, 26 октября 2025

Пад шум колаў аўтамабіля…

79

У кожнага пакалення — свае героі. Сёння
мы пра тых, хто ўсё жыццё круціць баранку, а сур’ёзны погляд заўсёды прыкаваны да бясконцай стужкі асфальту. Іх праца не гучная і яскравая, але менавіта яна будуе гарады і злучае краіны. Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка наша гісторыя пра аднаго з такіх герояў, для якога дарога стала не проста працай, а глыбокім сэнсам і выдатнай школай жыцця.

Лёс Анатоля Лаўрэнцьевіча Гурды, ураджэнца вёскі Руднікі, быццам сышоў са старонак кнігі пра савецкую эпоху з яе строгімі правіламі, далёкімі камандзіроўкамі і асаблівым вадзіцельскім брацтвам. Яго шлях да вялікай дарогі, як і ў многіх, пачаўся з арміі. Служба на Сахаліне ў транспартных войсках, дзе ён упершыню сеў за руль ваеннага аўтамабіля ЗІЗ-150, стала той самай адпраўной кропкай, калі нарадзілася любоў да будучай прафесіі. Армейская звычка вадзіць сур’ёзны аўтамабіль, адчуваць яго моц і асабістую адказнасць ужо не адпускала.


Пасля арміі, каб «падняцца з кален», Анатоль зноў вярнуўся ў Сібір, на шахты Кузбаса. Але покліч малой радзімы і настойлівасць бацькоў вярнулі хлопца ў родны край. Працаваць ён прыйшоў у Пружанскую «Аўтабазу №11» і пачаў, што называецца, усё нанова. Спачатку сеў за баранку фургона ГАЗ-51 і развозіў пошту. Затым год работы на УАЗе канчаткова пераканаў яго — душа просіць маштабу. Яму патрэбны быў сапраўдны грузавік.


Так Анатоль перасеў на ЗІЛ, а з 1972 года і да самай пенсіі яго верным спадарожнікам стаў МАЗ. Трыццаць гадоў стажу за рулём вялікагруза — гэта не проста лічба ў працоўнай кніжцы, а сур’ёзнае выхаванне неверагоднай стойкасці характару, сілы духу і ўпартага жадання даводзіць пачатае да канца. Гэта доўгія гады камандзіровак, начныя рэйсы, непагадзь і неадкладныя заказы. У такім рытме бясконцай змены лакацый і шматтысячнага кіламетражу аб стомленасці гаварыць не даводзілася. Безумоўна, не ўсё давалася лёгка і проста, але адданасць прафесіі брала верх над любымі няўзгодамі.

брыгаду, славутую «дзясятку», ведала ўся аўтабаза. Часам працавалі ў дзве змены, да дзвюх гадзін ночы, выязджалі ў выхадныя і святы. Перавозілі жвір, пясок, шчэбень для дарожных і будаўнічых работ, літаральна з нуля будавалі «падмурак» цэлага рэгіёна. Асаблівым гонарам для Анатоля Лаўрэнцьевіча да гэтага часу застаецца ўдзел у маштабнай пабудове 1980 года — узвядзенні дарогі, якую ў народзе называюць «алімпійкай». Пачыналі з Кобрынскага раёна, ад ракі Мухавец, і аж да вёскі Малінаўка, што пад Мінскам. Нават уявіць цяжка, колькі часу і сіл было «пакладзена ў асфальт».


— Тады ніхто не думаў пра стомленасць і перапрацоўкі, проста ўмелі размяркоўваць сілы, ды і работа была цікавай і прыемнай, кожны ведаў свой участак адказнасці, — успамінае ветэран. — У той час трэба было выканаць якасна і ў тэрмін дзяржзаказ, вось і ўсё. І мы сваю справу рабілі на выдатна, а інакш і быць не магло.


У гэтых простых словах уся сутнасць пакалення таго часу — працавітых і адданых сваёй справе людзей. Рабочыя будні заўсёды ядналі, а калектыў станавіўся адной сям’ёй. Яны ўмелі не толькі працаваць, але і адпачываць, і прафесійнае свята адзначалі заўсёды разам. Вось і зараз кіраўніцтва арганізацыі не забывае сваіх герояў — ветэранаў працы. Да кожнага з іх праходзяць асабіста, заўсёды з падарункамі і добрымі словамі віншаванняў.

Сілы для такога рытму жыцця Анатоль чэрпаў у сваім галоўным захапленні — паляванні. Пакуль яго жонка Марыя гатавала розныя «смачнасці» і цярпліва чакала яго дома, ён як сапраўдны здабытчык заўсёды вяртаўся з трафеем. А па вечарах для душы плёў кошыкі і ўвіхаўся па гаспадарцы. Ён ніколі не сядзеў склаўшы рукі, жадання і энергіі хапала на ўсё. Разам з жонкай яны трымалі вялікую гаспадарку, садзілі агарод і разам збіралі ўраджай. Пазней набылі сельгастэхніку і ўсю хатнюю работу таксама дзялілі на дваіх, заўсёды ў каханні, згодзе і павазе адзін да аднаго.


Дванаццаць гадоў таму жонкі не стала. Цяпер яго галоўная падтрымка — дзве пляменніцы Таццяна і Алена. Ён ніколі не адчуваў сябе адзінокім і заўсёды знаходзіў рукам прымяненне. Не маючы спецыяльнай адукацыі, з нуля пабудаваў дамы ўсім сваім сваякам. Кажа, што гэта даецца звыш — рукі самі ведаюць, што і як рабіць, як быццам хтосьці нябачна падказвае кожны рух.

За шматгадовую працу ў транспартнай галіне яго святочны касцюм упрыгожваюць шматлікія медалі, значкі «Ударнік працы» ўсіх ступеняў, «Выдатнік сацспаборніцтваў аўтатранспарту БССР», нагрудны знак «Ганаровы транспартнік» Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. Але самай галоўнай узнагародай, прызнаннем яго прафесіяналізму ён лічыць «Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга». Усе яго заслугі, як галоўная сямейная рэліквія, беражліва захоўваюцца ў доме.
Сёння, сутыкнуўшыся з самым цяжкім выпрабаваннем, Анатоль Лаўрэнцьевіч не здаецца. Тры гады таму, пасля перанесенага каранавірусу, ён цалкам страціў зрок, але яго дух, загартаваны тысячамі кіламетраў дарог, і тут аказаўся мацнейшым. І зараз ён застаецца дзіўна аптымістычным, адкрытым чалавекам і чакае ў студзені свой 85-гадовы юбілей. Ён у курсе ўсіх сусветных падзей, сочыць за навінамі, абмяркоўвае іх з дамачадцамі. Аб сваёй прафесіі таксама можа расказваць бясконца. Так рамантыка дарог і вялікая адказнасць за любімую справу назаўжды перапляліся ў яго сэрцы і да гэтага часу працягваюць грэць душу ўспамінамі.

Жыццё і лёс нашага героя — не проста расказ пра звычайнага вадзіцеля. Гэта гісторыя пра тое, як прафесія выхоўвае моцных духам людзей і яшчэ раз падкрэслівае, што сапраўднае жыццё — у працы, адданасці і ва ўменні нават у поўнай цемры ўпэўнена круціць баранку, бачыць святло ў канцы вуліцы і ніколі не збочваць з абранага шляху.


Напярэдадні прафесійнага свята праз нашу «раёнку» Анатоль Лаўрэнцьевіч ад сябе асабіста і ўсіх ветэранаў працы папрасіў перадаць самае душэўнае віншаванне знакамітай брыгадзе № 10, а менавіта Віктару Курмысе, Мікалаю Гуку, Сяргею Новіку, Аляксандру Русакевічу, Уладзіміру Кнізе, Мікалаю Касцюковічу, Васілю Марозу, Ігару Чарнышову, Валянціне Покала, Ірыне Бароўскай і ўсяму калектыву філіяла «Аўтамабільны парк №11 г. Пружаны».


— Дарагія сябры, паважаныя ветэраны працы, калегі! Ад усяго сэрца віншуем вас з Днём аўтамабіліста і дарожніка! Няхай асфальт пад коламі будзе заўсёды роўным, а святлафоры — толькі зялёнымі. Жадаем лёгкіх дарог і спадарожнага ветру, моцнага здароўя, міру і дабрабыту, а галоўнае — вяртання ў свой цёплы дом толькі з усмешкай і добрымі навінамі. Беражыце сябе на гэтых бясконцых кіламетрах дарог.


Са святам вас, шаноўныя!
Ірына Велясевіч


Фота Кацярыны Масік