Четверг, 23 октября 2025

Высока сяджу і далёка гляджу?

431

Пытанне да адваката

Пражываю ў кватэры двухкватэрнай блакаванай хаты. Сусед у нашым агульным двары ўсталяваў камеру відэаназірання. Ці законна гэта?
Аляксей, г. Пружаны

Адказвае загадчык юрыдычнай кансультацыі Алеся Мацаюк:


— У сілу арт. 250 Грамадзянскага Кодэкса Рэспублікі Беларусь карыстанне зямельным участкам павінна ажыццяўляцца толькі па згодзе паміж усімі ўладальнікамі. Дадзенае правіла датычыцца і ўстаноўкі камеры відэаназірання.

Больш таго, самавольнай устаноўкай камеры відэаназірання парушаецца гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў прыватнае жыццё.
Дадаткова трэба адзначыць, што дзяржава стварае ўмовы для абароны персанальных дадзеных і бяспекі асобы і грамадства пры іх выкарыстанні.

У адпаведнасці з абз. 8 ч. 2 арт. ГК, умяшанне ў прыватныя справы не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі гэта ажыццяўляецца на падставе прававых нормаў у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (прынцып недапушчальнасці свавольнага ўмяшання ў прыватныя справы).

У сілу арт. 18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» збор, апрацоўка, захоўванне, падаванне, распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці фізічнай асобы, а таксама карыстанне ёю і апрацоўка персанальных дадзеных ажыццяўляюцца са згоды грамадзяніна, калі іншае не ўсталявана заканадаўчымі актамі.

Варта адзначыць, што з 2021 года ў нашай дзяржаве дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абароне персанальных дадзеных», мэтай якога і служыць абарона інтарэсаў грамадзян. Відавочна, што праз відэаназіранне ажыццяўляецца збор, апрацоўка, захоўванне інфармацыі аб прыватным жыцці ўдзельнікаў долевай уласнасці, а таксама членаў іх сем’яў. Такім чынам, кругласутачная работа ўстаноўленай ў прыватным парадку відэакамеры без згоды суседзяў з’яўляецца незаконнай. Што таксама справядліва і для жыхароў шматкватэрнай забудовы.

Алег СІДАРЭНКА