
Ёсць ціхая магія ў тым, як звычайная нітка, паслухмяная ўмелым рукам, можа стаць пейзажам, малітвай і цэлай гісторыяй жыцця. Як на чыстым палатне нараджаецца святло — то яркае, як водблеск летняга лугу, то строгае, як аблічча Збавіцеля, які сочыць за намі маўклівым позіркам. Так жыццё Святланы Несцеравай падобна сапраўднаму цуду.

У гэтым мастацтве, дзе цярпенне сплятаецца з натхненнем, а кожны крыжык — слова ў летапісе душы, няма месца мітусні. Менавіта тут, у спакойным рытме вышыўкі, набыла сваё творчае прызванне Святлана Мікалаеўна Несцерава, жыццё якой падобнае на складанае, шматколернае і цудоўнае палатно.
Дарога, якая вядзе да дому
Яе жыццёвы шлях пачаўся далёка ад беларускіх прастораў — у Арлоўскай вобласці. Лёс з дзяцінства даў ёй урокі працавітасці і адказнасці, бо гадавала маці яе адна, і з малых гадоў дзяўчына спазнала ўсю вясковую працу. Аграномія, якую яна вывучала спачатку ў тэхнікуме, а затым і ў інстытуце, стала не проста прафесіяй, а часткай яе цвёрдага характару — уменнем гадаваць, вырошчваць і цярпліва чакаць ураджай.

У 18 гадоў дзяўчына сустрэла свайго суджанага, маладыя пакахалі адзін аднаго і ў хуткім часе ажаніліся, а пазней нарадзілася дачка Аксана. Жыццё кідала сям’ю Несцеравых з вёскі ў горад і зноў назад, выпрабоўваючы на трываласць. Святлана працавала аграномам, кантралёрам, старшынёй сельвыканкама, брыгадзірам. Але ў гэтым ні перспектыў, ні яснай будучыні не бачылася. І тады з маленькай дачкой на руках маладая сям’я зрабіла рашучы крок — адправілася ў Беларусь, у Пружанскі раён, каб пачаць усё з чыстага ліста.
Жыццё жанчыны і маці — гэта не роўны сцяжок, а хутчэй пераборлівы ўзор.
І Беларусь адказала ўзаемнасцю. Спачатку была праца ў сельгасхіміі, а потым Святлана Мікалаеўна займала пасаду начальніка раённай станцыі хімізацыі, якую ўзначальвала амаль 16 гадоў. Здавалася, што ўсё адбылося: і сям’я, і кар’ера, і асабістае жыллё. Але абставіны прымусілі яе назаўжды змяніць вектар дзейнасці і пайсці ў гандаль. Маленькі бізнес апынуўся тым семечкам, якое яна, дасведчаны аграном, здолела ператварыць у моцную сямейную справу. Сёння яго з поспехам працягваюць дачка Аксана і зяць Аляксандр.
«Залаты ўзрост» — толькі пачатак
На заслужаным адпачынку? Для Святланы Несцеравай гэтае паняцце ўмоўнае. Яна дагэтуль дапамагае дзецям у гандлі, а яшчэ ўжо 9 гадоў кіруе клубам «Нам гады не бяда» — сапраўдным астраўком радасці і творчасці для людзей «залатога ўзросту». Яна — той самы чалавек, да якога цягнуцца за дапамогай і простым душэўным спакоем. Пад яе энергічным кіраўніцтвам удзельнікі клуба спяваюць, чытаюць вершы, байкі, рыхтуюць сцэнкі, канцэртныя праграмы і становяцца заўзятымі ўдзельнікамі ўсіх раённых мерапрыемстваў. Для многіх жанчына сапраўдны рэжысёр, пастаноўшчык, аднадумца і самы верны сябар. Яе пазітыва, жыццялюбства хапае і на сям’ю, і на грамадскую дзейнасць, і на догляд за хатнімі жывёламі. Дарэчы, у яе іх 11 — 7 катоў і 4 сабакі. І ўсе яны былі знойдзены і абагрэты. Такой неабыякавасці можна толькі пазайздросціць.
А яшчэ ў ёй заўсёды жыло нейкае трапяткое пачуццё да слова. Сотні вершаў ажываюць у памяці на розныя выпадкі. І гэта не проста радкі, а яскравы водгук душы на перыпетыі жыцця. Першым слухачом і самай адданай аўдыторыяй заўсёды становіцца муж Генадзь. Іх саюз — гэта асаблівая гісторыя кахання, узаемаразумення і павагі. У гэтым годзе яны адзначылі ізумруднае вяселле — 55 гадоў поруч. А просты сакрэт сямейнага шчасця крыецца на паверхні — заўсёды быць побач, рабіць усё разам, шанаваць сямейныя каштоўнасці.
Свае шэдэўры Святлана Несцерава нікому не прадае і не дорыць. Яны як маўклівы летапіс, яе самавыражэнне і бясцэнная спадчына. У іх — усё яе жыццё: і арлоўскае дзяцінства, і беларуская сталасць, і каханне мужа, і радасць мацярынства, і мудрасць «залатога веку».
Душа з алмазнымі ніткамі
Але галоўнае захапленне, якое адкрылася на заслужаным адпачынку — гэта вышыўка. Іголку і пяльцы Святлана Мікалаеўна асвоіла гэтак жа віртуёзна, як калісьці ўпраўлялася з гаспадаркай. Яе творчы шлях у рукадзеллі пачаўся з біблейскіх матываў, напоўненых глыбокай верай. Затым з’явіліся пейзажы, кветкі і сюжэты, прасякнутыя «жывымі пачуццямі».
Сапраўднае захапленне выклікаюць манахромныя карціны. У гэтай тэхніцы, дзе ўплятаюцца толькі адценні аднаго колеру, нараджаецца дзіўны аб’ём і глыбіня. Аблічча Ісуса Хрыста ў яе руках атрымалася незвычайным — гэта не проста выява, напоўненая ціхім смуткам і ўсеразуменнем. Гэта позірк, які, здаецца, сапраўды сочыць за табой з палатна, з якога боку не падысці. У кожную работу, да якой дакраналіся рукі майстрыхі, укладзена каласальная праца, цярпенне і часцінка яе адкрытай, светлай душы, а яшчэ — незвычайная жаночая цеплыня, якая сыходзіць ад самага сэрца.
Так і вышывае Святлана Несцерава выразны сюжэт свайго жыцця: шывок за шыўком, дзень за днём, ад простай вясковай дзяўчынкі да паважанай жанчыны і лідара цэлай суполкі. Беларусь для сям’і Несцеравых стала не проста другой радзімай, а тым самым домам, які даў ім усё, пра што можна толькі марыць: любімую справу, душэўны спакой і мірнае неба над галавой. А значыць, яе дзіўны летапіс, дзе нітачка лёсу сплятаецца з шоўкам мулінэ, будзе жыць доўга.
Ірына Велясевіч (тэкст і фота)