
Гэта не проста прагулачны маршрут па лесе, а цэлы адукацыйны і пазнавальны комплекс, створаны з любоўю да прыроды і жаданнем падзяліцца яе таямніцамі з кожным наведвальнікам.
Месца для экасцежкі выбрана невыпадкова — побач знаходзіцца музей Пружанскага лясгаса, заснаваны супрацоўнікамі ўстановы. Тут сабраны ўнікальныя экспанаты: прыборы і інструменты, з якімі працавалі лесаводы ў розныя часы. Таму гэтая кропка стала ідэальным пачаткам для знаёмства з лесам.
— Экалагічная сцежка «Жыццё лесу» створана з мэтай экалагічнай асветы і выхавання беражлівых адносін да прыроды. Нам хочацца, каб і дзеці, і дарослыя лепш разумелі, як уладкаваны лес, якія працэсы ў ім адбываюцца, — распавядае Ірына Раманюк, намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Пружанскага лясгаса. — Праз інфармацыйныя стэнды і наглядныя прыклады мы імкнёмся паказаць, што чалавек — гэта частка прыроды, а не яе гаспадар.
На маршруце размешчана 18 тэматычных станцый. Кожная з іх асобны раздзел «кнігі лесу». Тут можна не толькі прачытаць тэарэтычную інфармацыю, але і ўбачыць рэальныя аб’екты, да якіх можна дакрануцца. Сярод станцый ёсць: значэнне лесу, ферамонны нагляд, жывёлы, птушкі і шкоднікі лесу, падкормачная пляцоўка, лес — гэта не парк і іншыя.

Напрыклад, на станцыі «Лесааднаўленне» можна даведацца, чаму вырошчванне і памнажэнне зялёнага багацця — адна з галоўных задач у галіне і ключавы працэс для захавання экасістэмы. А на станцыі «Экалагічнае значэнне пнёў» адкрыецца, што нават мёртвае дрэва працягвае служыць прыродзе і становіцца домам для насякомых, грыбоў і дробных жывёл.
Кожная з 18 станцый нясе мноства карыснай інфармацыі. Пасля поўнага праходжання экасцежкі наведвальнік адчуе сябе значна бліжэй да лесу — у гэтым можна і не сумнявацца.
«Наша экасцежка знаёміць не толькі з жыццём лесу, але і дае веды, якія могуць спатрэбіцца ў складаных сітуацыях. Напрыклад, калі чалавек згубіцца, ён будзе ведаць, як арыентавацца ў лесе, што азначаюць квартальныя і лесагаспадарчыя слупы, як правільна дзейнічаць, каб знайсці дарогу. Гэта простыя, але важныя рэчы, якія могуць калі-небудзь дапамагчы», — адзначае Ірына Васільеўна.
Экалагічная сцежка адкрыта для наведвання круглы год. Яна падыходзіць для школьных экскурсій і сямейных прагулак. У бліжэйшы час Пружанскі лясгас плануе пачаць супрацоўніцтва з турыстычна-інфармацыйным цэнтрам раёна. Гэта зробіць экскурсіі яшчэ больш цікавымі, а сцежку — вядомай для жадаючых пабываць тут.

Каб трапіць на гэты аб’ект, дастаткова звярнуцца ў лесагаспадарчую ўстанову, дзе вам дадуць падрабязную інфармацыю і раскажуць, як дабрацца да месца.
Той, хто вырашыць наведаць экасцежку, атрымае магчымасць правесці час на свежым паветры, дакрануцца да таямніц лесу, пачуць шолах лістоты, адчуць дыханне зямлі і стаць часткай вялікага жывога свету, які нас акружае.
Прыязджайце — і вы не пашкадуеце!
Руслан Басак. Фота аўтара