
Доўгачаканая не таму, што працяглы час доўжыўся рамонт будынка, а, як зазначыў галоўны ўрач ЦРБ Юрый Юзько, з-за таго, што раней гэтыя падраздзяленні працавалі ў прыстасаваных памяшканнях, дзе вельмі не хапала ні плошчы, ні камфорту.
Ва ўрачыстасці адкрыцця новага корпусу прыняла ўдзел першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Наталля Макар, якая ў сваім выступленні назвала гэта падраздзяленне сапраўдным «медыцынскім цэнтрам раённага ўзроўню». Менавіта з-за той аснашчанасці, укаранення сучасных тэхналогій і нават інавацыйных падыходаў. Але падрабязней пра гэта раскажам пазней.
Ад імя раённага народаўладдзя слова ўзяў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які засяродзіў увагу на тым, што ў нашай дзяржаве на першым месцы заўсёды знаходзіцца клопат аб мацярынстве і дзяцінстве. І гэта відаць практычна ва ўсіх кутках нашай краіны. Асаблівыя словы падзякі Мікалай Пятровіч выказаў Брэсцкаму аблвыканкаму, абласному ўпраўленню аховы здароўя, будаўнічым арганізацыям, мясцовым медработнікам — усім, хто прымаў непасрэдны ўдзел у вырашэнні гэтага вельмі важнага пытання для Пружаншчыны.
Своеасаблівую справаздачу трымаў начальнік ПМК-22 Іван Нінічук, які кіраваў будаўніча-рамонтнымі работамі. Як падзяліўся Іван Паўлавіч, рамантаваць значна складаней, чым будаваць нанава. Тым больш настолькі важны для пружанцаў аб’ект.
— Мы разам з прадстаўнікамі заказчыка, упраўлення капітальнага будаўніцтва некалькі разоў уносілі карэкціроўкі ў дакументацыю, улічвалі пажаданні медыкаў, каб стварыць сапраўдны камфорт і для персаналу, і для наведвальнікаў, — расказаў начальнік ПМК-22.— А яшчэ адзначу, што ўсё выканана рукамі пружанскіх будаўнікоў, жонкі і дзеці якіх таксама будуць карыстацца тут медыцынскімі паслугамі. Адсюль і неверагодная адказнасць, у першую чаргу, перад сабой.
Ад імя будаўнікоў сімвалічны ключ Іван Нінічук уручыў галоўнаму ўрачу Юрыю Юзько. Разам з гэтым душэўныя парады і работнікам падраздзялення, і тым, хто будзе карыстацца яго паслугамі, перадаў настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы айцец Вячаслаў.

Што новага атрымалі пружанцы? Па-першае, абноўлены будынак у дробязях адпавядае рэкамендацыям безбар’ернага асяроддзя, дзякуючы чаму пры любых фізічных здольнасцях наведвальнікі могуць патрапіць да ўрача. Па-другое, зроблена размежаванне паміж катэгорыямі наведвальнікаў: для дзетак адведзены першы паверх, а для жанчын — другі. Для чаго ўладкаваны два ўваходы, а яшчэ на другі паверх пацыентаў можа дастаўляць ліфт. Размежаванні ў выглядзе асобных боксаў зроблены і ў саміх аддзяленнях, каб лячэбныя і прафілактычныя зоны не датыкаліся паміж сабой.
Трэцяе новаўвядзенне закранае ўнутранае аснашчэнне. У прыватнасці, цяпер у бальніцы ёсць выдатны прышчэпачны пакой, абсталяваны па ўсіх санітарных нормах. У кабінеце ўльтрагукавой дыягностыкі працуе апарат экспертнага класу. Шэраг магчымасцей ужо змаглі ацаніць і медыкі, і наведвальнікі за час тэставай працы аддзяленняў.

Вельмі важны падарунак атрымалі жыхары раёна. Яго можна пералічыць ва ўкладзеных грашовых сумах, адзначыць, колькі працы закладзена ў падзею. Аднак не толькі гэта важна, а і тое, што зроблена менавіта для людзей. Відавочна, у святочныя падзеі заўсёды першымі ідуць пажаданні здароўя. Але і хварэць трэба ў зручных умовах, якія таксама спрыяюць хуткай папраўцы. А калі медыкі, як змагары з хваробамі, будуць працаваць у сучасных камфортных умовах, то і сам працэс лячэння будзе больш прафесійным.
Алег Сідарэнка (тэкст і фота)