Четверг, 9 октября 2025

На палетках філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» з 25 верасня працуюць дзевяцікласнікі СШ № 3 г. Пружаны

96

Ці павінны нашы дзеці з маленства прывучацца да працы? Несумненна, бо праз колькі гадоў гэтым хлопцам і дзяўчатам не толькі жыць у прыгожай Беларусі, але і прымнажаць яе багацці, праслаўляць сваю краіну. А для гэтага маладыя людзі павінны ведаць, што булкі на дрэвах не растуць і бульбу з кустоў не здымаюць.

Помніцца той час, калі вучні ўсіх школ па восені дружна адпраўляліся на дапамогу вёсцы. Яна магла быць у выглядзе збірання бульбы за капалкай, чысткі кармавых буракоў, а яшчэ мы, як і студэнцтва, абрывалі і складвалі ў скрыні сакавітыя яблыкі. Усюды гучалі задорныя песні, нават танцы па вечарах ладзіліся, усе дружна браліся за работу, бо разумелі значнасць даручанай справы. Гэта дапамагала хутчэй пасталець, адчуць сваю прыналежнасць да працавітай кагорты беларусаў.

На сённяшні дзень такой масавай дапамогі сельгаставарыствам не назіраецца. Яны і самі ўжо выйшлі на такія магутнасці, што могуць аператыўна ўбіраць сваю прадукцыю. Але прыцягненне падлеткаў да сялянскай працы актуальнасці не губляе. Ствараюцца студатрады на летні перыяд, маладыя людзі ў гаспадарках раёна займаюцца відавой праполкай сельгаскультур, працуюць у майстэрнях, хто ўжо мае пасведчанне, сядае за руль трактара. Прыемна, што не цураюцца працы на зямлі, не баяцца мазалёў, не хаваюць рукі ў мазуце за спіну. Няхай і нялёгка даецца кожны рубель, але ж ты яго сам зарабіў і ўжо пэўна ведаеш, што сельскі работнік, як ніхто, заслугоўвае нізкага паклону.

Толькі такая «працоўная практыка» ідзе ў новым фармаце. У верасні бягучага года першы сакратар раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук прапанавала таксама не заставацца ўбаку ад уборачнай кампаніі. А іменна, дапамагчы сабраць ураджай бульбы. Гэтую ідэю адразу ж падхапіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 3 г. Пружаны Наталля Котыш і ажыццявіла. Вось таму на палетках філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» з 25 верасня і можна бачыць дзевяцікласнікаў, якія па сваім жаданні вызваліся папрацаваць і зарабіць, заўважым, сваю капейку.

Не трэба хвалявацца, вучэбнаму працэсу дадзеная работа ніяк не мяшае. Хлопцы і дзяўчаты спачатку скрупулёзна засвойваюць у поўным аб’ёме новы матэрыял, толькі пасля аўтобус сельгаставарыства іх забірае і падвозіць на бульбяны палетак. Скажам дзякуй кіраўніцтву гаспадаркі: не выпусціла з-пад увагі тую акалічнасць, што падлеткі прыязджаюць на работу даволі галоднымі. Таму, калі ласка, суп з кашай і кампот на трэцяе. Толькі добра падсілкаваўшыся, студатрад дружна бярэцца за збор бульбы, якая не патрапіла ў камбайн, і высыпае ў яшчэ няўбраныя радкі. Так атрымліваецца, што ні адзін клубняплод не застанецца на палетку. А пра чыстую ўборку пастаянна вядзецца размова на самым высокім узроўні ў нашай краіне. Вось і падрастаючае пакаленне цяпер задумаецца: гэта ж колькі сіл выдаткоўваецца, каб потым есці смачныя дранікі!

І зусім не ўбачылі карэспандэнты «раёнкі» на мінулым тыдні, што некаму з дзевяцікласнікаў работа не пад сілу і жаданне рассеялася. Такой вось дружнай кампаніяй, з азартам, жартамі і смехам снавалі па палетку, падбіраючы бульбу. А каб сапраўды не забалелі спіны, усталяваны час работы — 2,5 гадзіны з улікам абеду. Гэта ж, па сутнасці, дзеці. За парадкам пільна сачыла настаўніца музыкі Аксана Казлоўская. Яна была і за строгага суддзю, і за шчырага дарадцу.

Практыка таксама не працяглая. Зусім хутка гаспадарцы патрэбна разлічыцца з часовымі працаўнікамі і падзякаваць за сумленную работу, а можа, і запрасіць яшчэ калі-небудзь у госці. Вось так, спалучылі прыемнае з карысным, на час далучыліся да дружнай сям’і сельскіх працаўнікоў. І было б радасна праз некалькі гадоў неспадзявана сустрэць у адным з сельгаставарыстваў раёна каго-небудзь з гэтых дзевяцікласнікаў. І пачаць размову са слоў: а помніш нашу першую сустрэчу?

Як ставяцца школьнікі да «працоўнай практыкі»?

Дар’я Пабядзенка:
— Вельмі важна разумець, што ў жыцці нічога проста так не даецца, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Таму і вырашыла падмагчы, паспрабаваць свае сілы. Засталася задаволенай, чыстае паветра ды яшчэ смачна кармілі.

Арсеній Якута:
— Адна справа, калі грошы на што-небудзь табе даюць бацькі. А ўдвая прыемней зарабіць самому, адчуць сябе незалежным, бо не за доўгім часам усё роўна давядзецца ўступаць у самастойнае жыццё. Так што хутка буду ганяць на новым веласіпедзе.

Аляксандра Траццяк:
— Фізічная праца надае чалавеку высакароднасці. Толькі сам паспрабаваўшы, пачынаеш у поўна й меры паважаць працаўніка. А яшчэ задавальненне ад таго, што не баішся запэцкаць рукі.

Ілья Халецкі:
— У жыцці так многа нязведанага. І хочацца жа сябе паспрабаваць у розных накірунках дзейнасці. Ды і нефармальныя зносіны з аднакласнікамі таксама настройваюць на пазітыўны лад.