Четверг, 9 октября 2025

Асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб правёў Аляксандр Пішч

630

У чацвер бягучага тыдня выязны асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Навазасімавіцкім сельсавеце правёў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч.

Да сенатара са сваімі пытаннямі звярнуліся тры чалавекі. Першае, пра што пагаварылі, — гэта добраўпарадкаванне аднайменнай вёскі. У першую чаргу, пешаходныя дарожкі паміж шматпавярхоўкамі, хацелася б іх падраўняць і ў некаторых месцах панізіць бардзюры, каб пажылым людзям было лягчэй іх пераступаць. Звярталася ўвага і на масткі цераз канавы, якія па правілах бяспекі павінны быць агароджаны, і пляцоўкі пад смеццязборнікамі прывесці ў парадак можна. Аляксандр Іванавіч адразу звярнуўся да прысутных на прыёме прадстаўнікоў КУВП «Камунальнік»: чым можна дапамагчы? І пачуў адказ, што пералічанае будзе выпраўлена ў бліжэйшы час. Проста, сапраўды, у камунальшчыкаў работы заўсёды хапае, і вінаваціць іх у абыякавасці нельга, яны стараюцца і на просьбы адгукаюцца. А калі гаворка зайшла пра жалезны прут, які тырчыць з-пад зямлі каля аднаго з дамоў… Проста хацелася спытаць у чалавека: а самому паспрабаваць яго прыбраць ці толькі скардзіцца ўмеем?

Станоўча вырашылася і пытанне дачніцы з вёскі Ляжайка. Жанчына скардзілася, што трактарамі ААТ «Жураўлінае» разбіваецца дарога да яе дома. Як дырэктар гэтай гаспадаркі Аляксандр Пішч растлумачыў, што на дадзены момант гэта вытворчая неабходнасць — вывозіцца ўгнаенне пад закладку будучага саду. І паабяцаў, што ў бліжэйшы час грэйдар сельгаставарыства параўняе дарожнае пакрыццё, а надалей гэтая работа будзе праводзіцца пастаянна.

І апошняе — што рабіць з двухпавярховым домам на чатыры кватэры ў вёсцы Парасляны, па завулку Дачным? Ён па факце нежылы і ўвесь зарослы. На што сенатар адказаў, што патрэбна глядзець, ці ёсць гаспадары квадратных метраў і прымушаць іх наводзіць парадак. А яшчэ можна паспрабаваць вызначыць, за якой арганізацыяй замацаваны дом, у гэтым можа дапамагчы і Пружанскі сельвыканкам.

Так вось, здаецца, звычайныя словы, а даволі часта мяняюць людзям настрой. Прыходзяць усхваляваныя, а глядзіш — і надзея ў вачах пачынае свяціцца. Для таго і жывём, каб дабро тварыць.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік