На мінулым тыдні ў Пружанскім раёне адбыўся абласны семінар для дырэктараў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Брэсцкай вобласці. Рост патрэбнасці ў спецыялізаванай дапамозе для пажылых —рэаліі, з якімі штодзень сутыкаецца сучаснае грамадства. Аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у тэрытарыяльных цэнтрах становяцца для многіх не проста месцам часовага пражывання, а сапраўдным домам, дзе важны не толькі медыцынскі догляд і сацыяльныя паслугі, але і душэўная цеплыня, увага і пачуццё абароненасці.
Першая частка семінара прайшла на базе аддзялення кругласутачнага знаходжання ў аг. Лыскава, падчас якой яго загадчыца Таісія Кузьміч сумесна з дырэктарам Пружанскага ТЦСАН Нэлі Педчанка і намеснікам старшыні райвыканкама Русланам Супрыновічам падрабязна азнаёмілі ўдзельнікаў з арганізацыяй працы ўстановы, а таксама з бытам і вольным часам атрымальнікаў сацыяльных паслуг. Госці мерапрыемства адзначылі высокі ўзровень работы персаналу, камфортныя ўмовы знаходжання падапечных, па-сапраўднаму хатнія цяпло і ўтульнасць.
На сённяшні дзень у аддзяленні знаходзяцца 23 чалавекі, з іх 3 — інваліды І і ІІ групы. Установа аказвае дапамогу грамадзянам ва ўзросце 60 гадоў і старэйшым, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, маюць права на дзяржаўную пенсію, і інвалідам І і ІІ груп у форме стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання, пры неабходнасці — сацыяльна-медыцынскую дапамогу, а таксама арганізуе іх харчаванне і вольны час.
У другой палове дня ў Ружанскім сельвыканкаме адбылося пленарнае пасяджэнне з удзелам старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Генадзя Скробата. На парадку дня ўздымаліся пытанні, якія датычыліся не проста эфектыўнага кіравання рэсурсамі, навучання персаналу, захавання нарматыўных патрабаванняў, але і чалавечай годнасці, якасці жыцця і той падтрымкі, якую тэрытарыяльныя цэнтры абавязаны забяспечыць самым уразлівым катэгорыям насельніцтва. У сувязі з гэтым былі прапрацаваны тэмы якаснага аказання сацыяльных паслуг на даму, апекі і папячыцельства, прыцягнення валанцёраў, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы аддзяленняў з улікам патрэбнасцей пажылых грамадзян. Таксама размова ішла аб пошуках і ўкараненні новых формаў аказання сацыяльных паслуг, работы сядзелак і замяшчалных сем’яў.

На працягу дыскусіі свае прэзентацыі прадставілі дырэктары Бярозаўскага і Кобрынскага ТЦСАН, закранулі тэмы арганізацыі харчавання і вольнага часу, захавання санітарных нормаў і правілаў на харчаблоках, вядзення дакументацыі, а таксама арганізацыі пераводу пацыентаў бальніц сястрынскага догляду ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання, абмеркавалі праблемы і шляхі іх вырашэння.
Начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных сацыяльных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Марына Банчук падкрэсліла асаблівую важнасць такіх сустрэч у сферы развіцця аказання сацыяльных паслуг. У ходзе семінара быў прыняты шэраг рашэнняў і намечаны планы на бліжэйшую перспектыву. Таксама Марына Сцяпанаўна адзначыла, што кожны дзень каманды работнікаў цэнтраў робяць усё, каб ствараць камфорт, гарантуюць бяспеку і вяртаюць веру ў заўтрашні дзень тым, хто асабліва мае ў гэтым патрэбу.
Безумоўна, свет не стаіць на месцы: мяняюцца тэхналогіі, заканадаўства, патрэбнасці пажылых грамадзян. Задача тэрытарыяльных цэнтраў — ісці ў нагу з часам, абменьвацца лепшымі практыкамі, знаходзіць нестандартныя рашэнні і, самае галоўнае, рабіць так, каб кожны пражыты дзень у аддзяленнях ТЦСАН быў напоўнены клопатам і павагай.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік