Четверг, 9 октября 2025

Ад хімічнай апрацоўкі да падкормкі

552

На гэтым тыдні ў ААТ «Мурава» праводзілася другая хімічная апрацоўка азімых збожжавых. Давалі няшчадны адпор такім шкоднікам, як ліставыя пілільшчыкі, п’явіцы, клапы. І нічога не парадзіш і не прыдумаеш, ад гэтай работы ў карчы не схаваешся. Застаецца сабрацца з сіламі, паддаць сабе імпэту — і наперад! Колькі яшчэ рознай напасці на нашай зямлі. Для барацьбы абралі высокаэфектыўны інсектыцыд «Бярэта», якога расходуецца 0,4 л на 1 га.

Не даюць спуску земляробы сельгаставарыства і хваробам. Няма шанцаў і ў фузарыёзу коласа, і ў септарыёзу. Дапамогу аграрыям аказвае прэпарат «Празара». Запісваем рэцэпт: бяром 1 л сістэмнага фунгіцыду і апрацоўваем 1 га зямлі. Паверце эфект будзе станоўчы, калі ўсё зрабіць правільна і ў час.

Вось жа як атрымліваецца… Мала ўкласці шмат сіл у пасадку сельгаскультур, а гэта ж людскі рэсурс, тэхніка, паліва, і ўсё патрабуе выдаткаў, захавання агратэхнічных тэрмінаў. Адным словам, пралікі не дапускаюцца, бо ў будучым гэта можа адгукнуцца на ўраджаі. То вось вам яшчэ надакучаюць шкоднікі і хваробы, якіх, на жаль, кожны год ніяк не меншае. Вочы на гэтую акалічнасць не закрыеш, бо ў адзін момант сапсуюць пасевы. І не забываем пра падкормку. Такая яна, праца на зямлі.

Каб не зацягваць правядзенне хімпраполкі, у ААТ «Мурава» задзейнічана два апырсквальнікі, каля якіх пастаянна дзяжурыць тэхніка з цыстэрнамі, напоўненымі вадой для разбаўлення прэпаратаў. Адным словам, работа наладжана, прастоі выдаляюцца на корані. Таму і атрымліваецца за дзень апрацаваць да 200 га. Дарэчы, з чацвярга бягучага тыдня гаспадарка прыступіла да трэцяй хімічнай апрацоўкі цукровых буракоў. А як жа, кожная сельгаскультура павінна быць дагледжана.

А яшчэ ў ААТ «Мурава» поўным ходам ідзе падкормка кукурузы карбамідам. Дадзенае мінеральнае азотнае ўгнаенне павялічвае памер і колькасць лістоў, паляпшае вегетацыю, абмен рэчываў, станоўча ўплывае на развіццё расліны. Адны плюсы, якія ў будучым стануць добрай падмогай у нарыхтоўцы кармоў для буйной рагатай жывёлы.

Усё, што ні робіцца ў жыцці, — да лепшага. Ніколі не трэба апускаць рукі, а наадварот, быць пастаянна аптымістам. Ну, як нашы шаноўныя сельскія працаўнікі. Як бы часам цяжка не было, яны ведаюць пэўна, што хутка справа паправіцца і ў іх усё атрымаецца. Удачы вам ва ўсім!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік