Четверг, 9 октября 2025

Ёсць праблемы з добраўпарадкаваннем

678

Ва ўтульным дворыку па вул. Юбілейная размешчаны сучасны магазін мэблі «AMI-мэбля», які адкрыўся ў верасні мінулага года. Прыгожы будынак у сілу сваёй афарбоўкі знешне нагадвае сланечнік. У сярэдзіне таксама ўсё бездакорна. Але, калі літаральна зайсці за вугал, карцінка рэзка мяняецца: пакрышаная адмостка, шэрыя сцены, размаляваныя мясцовымі «ўмельцамі», зарослыя падыходы. Няўжо не хапіла часу навесці тут парадак? Давайце разбірацца.

Як кажуць у народзе — «з вачэй далоў і з сэрца прэч». Непарадку быццам бы і не відаць, але ад зоркага вока гараджан і гэты «закуток» не застаўся без увагі. Яркі прыгожы фасад так і прыцягвае да сябе патэнцыйных пакупнікоў. Аднак, усе ўсё бачаць і заўважаюць не толькі знешнюю прыгажосць і ўтульнасць памяшкання, але і тое, што адбываецца навокал, асабліва ў Год добраўпарадкавання. Шмат каго гэта проста раздражняе. Атрымліваецца як у людзей: аблічча памылі, а шыя і пяткі брудныя.

Па каментарый сітуацыі, якая склалася вакол так званага «сланечніка», мы звярнуліся ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Вось, што нам пракаментавалі.

— Спачатку трэба растлумачыць, што тэрыторыі, прылеглыя да пэўных аб’ектаў, замацаваны за суб’ектам гаспадарання. Гэта значыць, землекарыстальнік у межах гэтага ўчастка ажыццяўляе мерапрыемствы па навядзенні парадку да краю тратуара, а пры яго адсутнасці — да пачатку праезнай часткі. Участак за гэтай тэрыторыяй належыць землям агульнага карыстання, а значыць «Камунальніку». Што тычыцца якраз гэтай крамы, то на мінулым тыдні адбылася размова з уласнікам. Справа ў тым, што ў яго некалькі такіх аб’ектаў і матэрыялы на добраўпарадкаванне, у тым ліку і фасадаў будынкаў ужо закуплены. Цяпер ідзе рэканструкцыя на іншай кропцы і па меры завяршэння работ, з улікам эканамічнай мэтазгоднасці, пачнуць выкараняць недапрацоўкі магазіна «AMI-мэбля» на Юбілейнай. Згодна з абноўленымі правіламі добраўпарадкавання — утрыманне аб’екта, які знаходзіцца ва ўласнасці, павінна быць у тэхнічна спраўным стане і належным эстэтычным выглядзе. Адказнасць за невыкананне норм і правіл поўнасцю кладзецца на плечы суб’екта гаспадарання.

Спадзяемся, што да сярэдзіны лета гэтае пытанне з вострай павесткі ў жыцці неабыякавых грамадзян будзе знята і ўсе застануцца задаволеныя: і пакупнікі, і проста прахожыя, для якіх чысціня і ўтульнасць нашага горада — візітная картка роднага краю, залог іх спакою і дабрабыту.

Ульяна Рысь. Фота аўтара