Четверг, 9 октября 2025

Першы ўкос

686

Куды там спачываць пасля пасяўной кампаніі, калі вось ужо наступіў час першай касавіцы. Калі трэба аператыўна нарыхтаваць кармоў для буйной рагатай жывёлы на зімовы перыяд. І зрабіць усё не абыяк, а з веданнем справы, каб пасля не згубіць надоі малака, ды і здароўе кароў у многім залежыць ад таго, які рацыён ёй прапануеш. Пра гэта ўжо неаднаразова гаварылася на раённых семінарах, прысвечаных жывёлагадоўлі.

Што да першага ўкосу, то план для раёна — 28800 га, на панядзелак бягучага тыдня ўжо скасілі 11243 га (42%). Сёлета надвор’е не вельмі спрыяла росту травы: то засушліва па вясне было, то маразы часта потым наведваліся. На дадзены момант усе сілы гаспадаркі раёна кінулі на нарыхтоўку сенажу, якога трэба закласці ў траншэі 325820 тон.

Гэтым жа займаюцца і ААТ «Ліноўскае», пры чым робяць усё так зладжана, што проста радуешся за аграрыяў і хочацца ім абавязкова пажадаць цёплага надвор’я і спорных дожджыкаў, каб другі ўкос парадаваў буйнымі і сакавітымі травамі.

Напрыклад, ва ўрочышчы Тураса ў гэты панядзелак на энерганасычаным трактары «Беларус 3522» займаўся касьбой травы вопытны трактарыст-машыніст Васіль Яроцкі, якому ў гаспадарцы давяраюць любую справу, бо няма такой работы, якую б не адужаў паважаны механізатар. За дзень ён скошвае па 60-70 га ў залежнасці ад велічыні травянога покрыва (план для ААТ «Ліноўскае» — 1750 га).

Побач зграбаў сянажную масу ў валкі малады механізатар Аляксей Патапчук. Ніхто і не гаворыць, што маладосць — гэта загана, наадварот, вельмі прыемна, што не цураюцца хлопцы і дзяўчаты сельскай гаспадаркі, не баяцца запэцкаць рукі. А калі яшчэ працуеш побач з такім чалавекам, як Васіль Яроцкі, то і вопыту набярэшся, і на жывым прыкладзе пабачыш, што праца на зямлі — самая што ні на ёсць паважаная, ад якой таксама можна атрымліваць асалоду.

Вяртаемся назад, на палетак каля аг. Лінова, дзе два падборшчыкі і да 10 адзінак тэхнікі былі задзейнічаны на вывазцы сянажнай масы, якая першапачаткова была даведзена да вызначанай вільготнасці, — па сельгаставарыстве на 02 чэрвеня 2025 года 54% да скошанага. Што сказаць, абы жадалася і працавалася. А першага і другога ў працаўнікоў з ААТ «Ліноўскае» з верхам, нават могуць падзяліцца з іншымі.

Канчатковы прыпынак — сянажныя траншэі на тэрыторыі МТК «Лінова», дзе поўным ходам ішла трамбоўка масы з унясеннем кансервантаў і наступным укрыццём спецыяльнай плёнкай. Ужо паспелі закласці 1135 тон пры плане 11441 тона.

На голым энтузіязме не моцна папрацуеш, асабліва калі даводзіцца работу выконваць да наступлення цемнаты. Зусім іншая справа, калі цябе два разы смачна і сытна пакормяць гарачымі стравамі. Тады і сіл прыбаўляецца, і жыццё бачыцца весялейшым і цікавейшым.

Канечне, гэта толькі словы, якія, па сутнасці, лічбы па тых жа кармах не падымуць. Але ж так хочацца хоць неяк падтрымаць сельскіх працаўнікоў, паказаць шчырых людзей, усяліць веру ў іх сілы. І сказаць велізарны дзякуй за працу!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік