Воскресенье, 26 октября 2025

Пад мірным небам Беларусі

637

Краіна адсвяткавала юбілей Вялікай Перамогі. Мы жывём пад мірным небам 80 гадоў, будуем сваю краіну, развіваемся, глядзім з аптымізмам у будучыню. Як у Пружанах сустракалі Дзень Перамогі? Аб гэтым наш рэпартаж.

Падрыхтоўка да юбілею Пераможнага мая пачалася задоўга да свята. У выніку Пружаны і населеныя пункты раёна сталі прыгожымі, прыбранымі, урачыстымі. Як ішла падрыхтоўка мы расказвалі амаль у кожным нумары газеты, сацсетках і месенджарах «раёнкі». Сам дзень 9 мая быў сонечным, яркім. З раніцы ўдзячныя нашчадкі салдат Перамогі прыходзілі да памятных мясцін, брацкіх пахаванняў, ускладалі вянкі і кветкі.

На брацкім пахаванні, якое знаходзіцца на праваслаўных могілках па вуліцы Горка, прайшоў мітынг з удзелам кіраўніцтва раёна, моладзі, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый горада.
Пранікнённыя словы і віншаванні казалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі, ваенны камісар раёна Кірыл Шаўчэнка, настаяцель Свята-Праабражэнскага храма протаіерэй Ігар Мрыхін. Пасля мінуты маўчання былі ўскладзены вянкі і кветкі.

На вуліцы Рыгора Шырмы ў Пружанах выстраілася ўрачыстая калона жыхароў і гасцей горада. Пасля бою званоў храма Аляксандра Неўскага і мінуты ўсебеларускага маўчання, людскі паток вялікай паўнаводнай ракой рушыў ў святочным шэсці. Узначалілі калону байкеры на матацыклах. Былі тут і нашы мясцовыя, і госці. Затым ехаў аўтамабіль, на якім замацавана велічнае слова «Победа». Ваеннаслужачыя неслі вялікае палотнішча Дзяржаўнага сцяга. Шэсце працягвала моладзь з партрэтамі салдат і афіцэраў Вялікай Айчыннай вайны. Беларусь сапраўды памятае сваіх герояў! Духавы аркестр маршамі задаваў тэмп і ўрачыстасць шэсцю. Замыкала калону тэхніка, стылізаваная пад гістарычнае мінулае і ўпрыгожаная сімваламі Дня Перамогі. Ля кінатэатра «Спадарожнік», Палаца культуры радавалі вока і слых тэатралізаваныя кампазіцыі, якія прадстаўлялі творчыя калектывы. Уражлівай была тэатралізаваная кампазіцыя партызанскага прывалу, якую прадставіла ААТ «Жураўлінае».

Каля помніка «Спаленым вёскам» прайшоў урачысты мітынг, на якім выступілі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Пішч, старшыня савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, благачынны праваслаўных прыходаў Пружанскага раёна протаіерэй Міхаіл Носка. Кранальнымі да слёз былі кампазіцыі, падрыхтаваныя работнікамі аддзела культуры, выхаванцамі студый і гурткоў Палаца культуры. Да помніка ўсклалі вянкі і кветкі.

Свята працягвалася ў гарадскім парку і на вуліцы Савецкая. Тут былі выстаўлены ўзоры сучаснай ваеннай тэхнікі, якая стаіць на ўзбраенні Рэспублікі Беларусь. Гэта выклікала цікавасць не толькі дзяцей, але і дарослых. Калі яшчэ пасядзіш у кабіне ракетнага комплексу «С-300», ці паспрабуеш разабраць аўтамат, прыцэлішся праз оптыку зенітнай устаноўкі? 9 мая такая магчымасць была ва ўсіх.

У гарадскім парку можна было паспытаць салдацкай кашы, юшкі, іншых прысмакаў, набыць вырабы мастакоў, рамеснікаў, патанчыць пад «Сінюю хустачку» і іншыя песні ваенных часоў — такую музычную пляцоўку арганізавала ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Заняткаў у парку хапіла ўсім – і дзецям, і дарослым.
Завяршыўся святочны дзень тэатралізаваным паказам ад работнікаў культуры, канцэртам з удзелам калектываў Жабінкаўскага раёна і святочным салютам.Так прыйшла да нас Перамога, якой споўнілася 80 гадоў.


Віктар Ільюшчанка

Фота Кацярыны Масік