Четверг, 9 октября 2025

Пасеяць — адно, а прапалоць?

342

Зараз сельгаставарыствы актыўна праводзяць хімпраполку азімых збожжавых, апрацоўваюць азімы рапс ростарэгулятарамі, не застаецца па-за ўвагай і барацьба са шкоднікамі.

Практычна ўсе працэсы, па сутнасці, механізаваны. Чалавеку застаецца толькі кіраваць тэхнікай, разбаўляць хімікаты вадой, пры патрэбе заняцца рамонтам таго ж трактара ці апырсквальніка. Іншая справа назіралася на палетках гадоў трыццаць таму, калі ручная праца была проста незаменнай у сельскай гаспадарцы. І тады, канечне, праводзілася механізацыя, але яна не ішла ні ў якое па-раўнанне з сённяшнім часам.

Кожны працэс — сяўба, догляд раслін, уборка ўраджаю — у любым выпадку патрабуе выдаткаў сіл, але ж у дваццаць першым стагоддзі натруджаныя рукі сельскіх працаўнікоў маюць больш падтрымкі.

Яно так. Толькі работа на зямлі штогод павінна быць з’яднана з любоўю да абранай справы, душэўнасцю да кожнага гектара і соткі. Таму і прыкладае ўсе намаганні трактарыст-машыніст ААТ «Пружанскае» Мітрафан Труш для таго, каб не запляміць пачэснае званне земляроба. А калі ўзяць пад увагу, што сельскай гаспадарцы аддаў ужо больш за дваццаць гадоў, то значыць на сваім месцы, ужо ж ён ведае цану кожнай мінуце работы, адданай дзеля роднага сельгаставарыства і сваёй сям’і.

Не першы год Мітрафан Міхайлавіч задзейнічаны на хімічнай праполцы азімых пасеваў. Не стаў выключэннем сёлетні год, і зноў за руль самаходнага апырсквальніка «Berthoud Boxer 4000 R», які, дарэчы, прымаў яшчэ зусім новым. Вялікая ёмістасць бункера ў 4000 літраў дазваляе дадзенай мадэлі апрацоўваць буйныя палеткі, да прыкладу, адной запраўкі хапае на 20 га. Так што вопытны механізатар з лёгкасцю за працоўны дзень праходзіць да 180 га. Праполку пачынае па перыметры ўчастка, а потым бартавы камп’ютар сам паказвае шлях руху тэхнікі, каб не засталося ніводнага неапрацаванага кавалачка.

Для знішчэння пустазелля, па словах галоўнага агранома ААТ «Пружанскае» Пятра Федасюка, выкарыстоўваюцца спецыяльныя вадкія гербіцыды. Яны адразу ж каля палетка разбаўляюцца вадой, якую дастаўляюць дзве адзінкі тэхнікі, аператыўнасць у дадзеным выпадку зусім не лішняя. Хімічныя рэчывы падбіраюцца згодна каталогу, складзенаму РУП «Інстытут абароны раслін». Навуковы падыход у звязцы з працавітасцю — вялікая сіла!

І вось што атрымліваецца: праца нялёгкая, час ад часу нават не васьмігадзінны дзень, пот, бывае, няма калі сцерці са лба. А ўсё роўна людзі ў большасці сваёй задаволены работай на зямлі. У чым сакрэт?

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік