Четверг, 9 октября 2025

Велікоднае віншаванне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

414

«Узрадуйцеся ўжо, хоры Анёлаў у небе, узрадуйцеся, Божыя слугі, няхай званы абвяшчаюць збаўленне, бо на карысць вялікага Валадара перамога». ( Пасхальнае пасланне «Exsultet»).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Людзі добрай волі!

Штогод у касцёлах мы збіраемся як адна сям’я на святкаванне таямніцы Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста. Распачынаем літургічную цэлебрацыю пры святле пасхальнага агню, а таксама слухаючы старажытны спеў велікоднага паслання: «Узрадуйцеся!» («Exsultet!»). Гэты гімн абвяшчае перамогу Божага Сына над грахом і смерцю. А запаленая адмысловая свечка нагадвае пра паўсталага з мёртвых Хрыста, які ёсць альфа і амега, пачатак і заканчэнне ўсяго, якому належыць час і вечнасць, які ёсць нязгасным святлом нашага жыцця і збаўлення (гл. Ап 21, 23; 22, 13).

Сустрэча з таямніцай Пасхі – гэта асаблівы дар Божага провіду, які шчодра адорвае нас пладамі пдкуплення. Пачынаючы з Вялікай Ночы Змёртвыхпаўстання Езуса, для ўсіх людзей запалена нязгасная паходня Божай міласэрнасці, якая асвятляе кожнаму чалавеку шлях да вечнага жыцця ў нябесным валадарстве хвалы, жыцця і любові.

Праслаўляем Бога, «які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз Уваскрасенне Езуса Хрыста, да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай» (1 П 1, 3-4). Будзем жа шчодра чэрпаць з пладоў Змёртвыхпаўстання Божага Сына, каб стаць апосталамі пасхальнай радасці і надзеі для кожнага, каго Пан Бог паставіць на нашым жыццёвым шляху.

З нагоды ўрачыстасці Хрыстовай Пасхі жадаю кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі, нязгаснай велікоднай радасці, супакою, надзеі і людской дабразычлівасці. Няхай Бог, бясконцы ў міласэрнасці, няспынна падтрымлівае вас у паспяховай рэалізацыі ўсіх планаў і жыццёвых заданняў. А пасхальная таямніца трыумфу жыцця няхай напоўніць неабходнымі сіламі, здароўем, Божым бласлаўленнем на далейшы плённы шлях на зямлі і шчаслівую вечнасць у нябесным валадарстве змёртвыхпаўсталага Адкупіцеля і Пераможцы.

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!

Антоні Дзям’янка Біскуп Пінскі