Воскресенье, 19 апреля 2026

85 фактаў з жыцця раёна

669

15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўнілася 85 гадоў. За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Працягваем успамінаць самыя значныя з іх.

Неаднойчы, вывучаючы гісторыю Пружанскага раёна, прыходзіў да высновы, што ўмоўна яе можна падзяліць на два перыяды — да і пасля «Дажынак». Магчыма, нехта са мной і не пагодзіцца, але лічу, што рэспубліканскі фестываль-кірмаш, які прайшоў у Пружанах у 2003 годзе, неверагодна паўплываў на развіццё нашага рэгіёна. І праяўляецца гэты ўплыў не толькі ў знешніх змяненнях. З глабальным абнаўленнем горада і шэрага тэрыторый раёна мы зразумелі, што можна жыць інакш. Прыйшло адчуванне, што Беларусь стала сапраўднай «дзяржавай для народа». Не ўяўнай, а рэальнай. Што абяцанні ўлады павінны здзяйсняцца, плануемае ажыццяўляцца. А яшчэ мы зразумелі, што вяртання да той «бездані», якую давялося перажыць — ужо не будзе.

2000-2005 гады:
69 факт.
Зноў з’яўляюцца навіны са словамі «адкрыўся», «створаны», «здадзены ў эксплуатацыю» і т. п. Пералічваць аб’екты доўга: бібліятэкі, магазіны, аўтазапраўкі… пераважная большасць новаўвядзенняў у райцэнтры, але і ў вясковай мясцовасці з’яўляліся цэлыя прадпрыемствы — «Уніформа», «Экалагічныя матэрыялы», «Адоб-Агра», «Бударама» і іншыя.
70 факт. Мы ўспомнілі, што жыццё складаецца не толькі з імкнення выжыць, але і пакінуць пасля сябе нешта каштоўнае. У прыватнасці, памяць пра гераізм нашага народа ў сумную часіну. 15 лютага 2002 года быў урачыста адкрыты помнік воінам-інтэрнацыяналістам і нашым землякам, якія загінулі, выконваючы вайсковы абавязак у Афганістане. 15 кастрычніка 2005 года — помнік «Спаленым вёскам», а ў наступным месяцы — абеліск на яўрэйскіх могілках па вул. Г.-Каляды. А яшчэ з 2005 года аднавіліся пошукавыя работы на невядомых пахаваннях часоў Вялікай Айчыннай вайны з перанясеннем знойдзеных астанкаў на вайсковыя могілкі ў в. Слабудка. Будзем памятаць мы — не забудуць і нашчадкі.
71 факт. Адбываюцца істотныя, нават эпахальныя пераўтварэнні ў сельскай мясцовасці Пружаншчыны. Па-першае, калгасы пераўтвараюцца ў акцыянерныя таварыствы, перавагу ад чаго яшчэ трэба адчуць. Па-другое, у рамках рэалізацыі Дзяржпраграмы вёскі, дзе размяшчаліся цэнтральныя сядзібы гаспадарак, было вырашана перайменаваць у агра-гарадкі.
72 факт. У 2005 годзе Пружанскі раён быў прызнаны адным з лепшых у рэспубліцы па колькасці пабудаваных на сяле жылых дамоў у рамках Прэзідэнцкай праграмы абнаўлення вёскі (150 у 2004 годзе).