Суббота, 18 апреля 2026

75-гадовы юбілей Раісы Аляксандраўны Бульчук

716
НА ЗДЫМКУ: Раіса Аляксандраўна прымае ўзнагароду ад старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталлі Чарэшка.

Жыццё — гэта дзіўнае падарожжа, дзе кропкі на карце злучаюцца не проста дарогамі, а ніткамі лёсу. Часам яно пачынае свой шлях у самых суровых краях, каб потым расцвісці ў ціхай беларускай глыбінцы. Менавіта такі лёс быў наканаваны Раісе Аляксандраўне Бульчук, чый 75-гадовы юбілей — не проста дата, а цэлая аповесць аб веры, каханні, стойкасці і бязмежным служэнні людзям.

Яе жыццё пачалося за тысячы кіламетраў ад Беларусі, на Далёкім Усходзе, у пасёлку Чарнаўскія Копі Чыцінскай вобласці, увабраўшы ў сябе беларускую грунтоўнасць бацькі, ураджэнца Гомельшчыны, і рускую душу маці. Але лёс рана прыгатаваў для дзяўчынкі сур’ёзнае выпрабаванне: усяго ў паўгода мамы не стала. Аднак Раіса не засталася без цяпла і клопату родных людзей, на выручку прыйшлі бацькі таты, якія сталі для яе сапраўднымі анёламі-ахоўнікамі. Менавіта іх справы і ўчынкі сталі першым і самым галоўным урокам чуласці, любові і ўвагі.

Калі дзяўчынцы споўнілася дзесяць гадоў, дзядуля з бабуляй вярнуліся на сваю малую радзіму, у пасёлак Лагішын Пінскага раёна. У Беларусі Рая скончыла школу, потым Гомельскі кааператыўны тэхнікум, хаця марыла стаць настаўніцай геаграфіі. Але мудры дзед накіраваў яе ў іншы бок, і дзяўчына яго паслухала. Атрымаўшы прафесію таваразнаўцы, па размеркаванні прыехала ў г.п. Шарашэва, які назаўжды стаў яе лёсам. Тут яна сустрэла сваю другую палавінку, стварыла моцную сям’ю, падарыўшы мужу двух цудоўных дзяцей — дачку Іну і сына Аляксандра.

Прафесійны шлях Раісы Аляксандраўны — цудоўны прыклад неверагоднай адданасці абранай справе. Пачаўшы з пасады намес-ніка па нарыхтоўках, яна прайшла немалы шлях па кар’ернай лесвіцы, стаўшы намеснікам па гандлі, дырэктарам мясцовага ўнівермага, а затым і старшынёй Шарашэўскага спажывецкага таварыства. Нават пасля рэарганізацыі яна не змяніла вектар дзейнасці, узначаліўшы філіял Пружанскага райспажыўтаварыства. Завочна атрымаўшы адукацыю ў прэстыжным Маскоўскім кааператыўным інстытуце, аддала сферы гандлю без малога 40 гадоў свайго жыцця. Яе праца адзначана шматлікімі граматамі і лістамі па-дзякі, але галоўная ўзнагарода — гэта шчырая павага калег, якія і сёння з цяплом гавораць аб яе неверагоднай працаздольнасці і адданасці прафесіі.

На заслужаным адпачынку нястомны ветэран працы не змагла ся-дзець без справы. Яе кіпучая энергія і жаданне рабіць дабро знайшлі новае прызначэнне — узначаліць пярвічную арганізацыю ГА «Беларускі саюз жанчын». І вось ужо сем гадоў Раіса Аляксандраўна нязменны лідар і душа аб’яднання, членамі якога з’яўляюцца 50 актыўных жанчын пасёлка. Пад яе чулым кіраўніцтвам яны займаюцца добраўпарадкаваннем, арганізоўваюць суботнікі, святы, апякаюць шматдзетныя сем’і і адзінокіх жанчын, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях і з поспехам прадстаўляюць родны край на розных конкурсах высокага ўзроўню. Яе энергіі і жыццялюбству можна толькі пазайздросціць.

Гэта адзначылі і ганаровыя госці: старшыня Шарашэўскага сельвыканкама Генадзь Фасевіч, старшыня прафсаюзнага камітэта Пружанскага райспажыўтаварыства Ларыса Гушча, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Яцкевіч, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца айцец Мікалай, а таксама родныя, сябры і аднакласнікі, якія ў гэтую сераду віншавалі Раісу Бульчук з юбілеем. У гэты дзень у яе адрас прагучала незлічоная колькасць цёплых слоў і шчырых пажаданняў.

Паважаная Раіса Аляксандраўна! Прыміце самыя сардэчныя віншаванні з нагоды юбілею! Ваша жыццё — гэта сапраўдны прыклад мужнасці, веры, дабрыні і бязмежнай любові да людзей. Жадаем Вам моцнага здароўя, душэўнага спакою і цяпла. Няхай блізкія і родныя людзі заўсёды акружаюць Вас клопатам і ўвагай, а кожны новы дзень дорыць выдатныя магчымасці і яркія ўражанні.

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік