Суббота, 18 апреля 2026

25 снежня 2025 года споўніцца роўна 100 гадоў з дня нараджэння нашага вядомага земляка, савецкага і расійскага вучонага, доктара фізіка-матэматычных навук, заслужанага прафесара Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў Міхаіла Мартынюка

355

Міхаіл Міронавіч нарадзіўся ў в. Ліхачы, што на Пружаншчыне. Быў старэйшым дзіцём з шасці ў шматдзетнай сялянскай сям’і Мірона Мікалаевіча і Надзеі Прохараўны Мартынюкоў.

У 1933 годзе паступіў у Ліхацкую польскую школу. Так, у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Зігзагі жыцця» распавёў пра стаўленне польскіх настаўнікаў да вучняў: «… у школу прыйшла новая настаўніца Генавефа Відэлуўна. Гэта была прыгожая ганарлівая палячка. Яна патрабавала, каб у школе падчас перапынкаў дзеці размаўлялі толькі па-польску; ніводнага слова з ліхацкай размовы …».

Будучы яшчэ дзіцём, Міхаіл заўважыў, што да беларускага мясцовага насельніцтва палякі ставіліся зняважліва. Вось цытата з той жа кнігі: «За лесам Хмеліска быў хутар пана Залеўскага. Справы ў гэтага пана ішлі зусім дрэнна. Ён не ўмеў эканоміць. Увосень, пасля збору ўраджаю, хутка марнаваў атрыманыя грошы, а вясной у гаспадарцы не хапала збожжа. Ён прыходзіў у Ліхачы і, убачыўшы млынара Дзям’яна, здалёку крычаў: «Дзень добры, пане Дзям’яне! Чы нема ў пане жытка?».

У 1938 годзе Міхаіл Мартынюк толькі адзін з усіх вучняў Ліхацкай школы працягнуў навучанне ў гімназіі ў Пружанах, размешчанай на вуліцы Пацэвіча (знаходзілася на месцы сучаснага Палаца культуры — заўв. аўтара). Міхаіл Міронавіч успамінае: «У ёй вучыліся ў асноўным дзеці палякаў, а дзяцей беларускіх сялян у дзесяць разоў менш… Вясковая моладзь пасля заканчэння чацвёртага класа польскай школы не мела магчымасці прадоўжыць вучобу. Многія з хлопцаў не ўмелі чытаць і пісаць…».

У 1939 годзе, пасля вызваленчага паходу Чырвонай Арміі, гімназія была перайменавана ў беларускую сярэднюю школу № 1. У гэты час Мартынюк перавёўся ў рускую сярэднюю школу № 2, размешчаную каля аўтастанцыі (будынак сучаснага вучэбна-вытворчага комплексу), якую скончыў у 1941 годзе.

Бяда ў сям’ю Мартынюкоў прыйшла 17 ліпеня 1942 года. У гэты дзень немцы па-зверску расстралялі ўсіх мужчын з вёсак Ліхачы і Краснае, якім споўнілася 16 гадоў. Таксама быў расстраляны і бацька Міхаіла, Мірон Мікалаевіч. Сам Міхаіл стаяў каля расстрэльнай ямы, аднак юнаку пашанцавала, яму на той момант было ўсяго 15 гадоў. Пасля расстрэлу свайго бацькі Міхаіл Міронавіч яшчэ больш стаў ненавідзець нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Я, аўтар артыкула, калі быў вучнем Кляпацкай сярэдняй школы, разам з іншымі навучэнцамі наведвалі кожны год мітынгі ў в. Краснае, брацкую магілу 9 мая. Аднойчы прыйшоў і прафесар Міхаіл Мартынюк, які распавёў пра той самы дзень, калі расстрэльвалі красненскіх і ліхацкіх мужчын. Я на ўсё жыццё запомніў яго словы: «Калі немцы расстрэльвалі мужчын, іх целы скідвалі ў яму. Большасць людзей не загінула адразу. Таму немцы засыпалі расстрэльную яму і зямля стала варушыцца, я чуў стогны мужчын. Немцы тады грузавіком ездзілі па магіле, каб ніхто не выжыў…».

Доўгачаканая перамога на Пружаншчыну прыйшла ў 1944 годзе. Сам момант, калі Міхаіл даведаўся пра вызваленне, ён успамінаў з асаблівым трапятаннем: «… Каля Ліхачоў пачалася артылерыйская перастрэлка. Снарады ляцелі над нашымі галовамі і падалі дзесьці ў ваколіцах маёнтка Чорныя Лозы (каля в. Клепачы — заўв. аўтара). Мы з Валодзем сядзелі ў кустах і баяліся, што ў любы момант могуць з’явіцца немцы. І вось кусты заварушыліся, з іх выйшаў наш салдат і сказаў нам, што немцаў ужо тут няма… Так, 17 ліпеня 1944 года мы сустрэлі прыход чырвонаармейцаў у наш край. Нас вызвалілі ад фашыстаў роўна праз два гады пасля расстрэлу мужчын у Красным».

Улетку 1946 года Міхаіл паступіў у Пружанскае педагагічнае вучылішча, якое знаходзілася ў будынку былой сярэдняй школы № 2, скончыўшы яго ў 1947 годзе. У 1948 годзе стаў студэнтам завочнага аддзялення фізіка-матэматычнага факультэта БДУ па спецыяльнасці матэматык, скончыўшы яго праз шэсць гадоў. Працаваў настаўнікам у сельскіх школах: у в. Краснае (1946-1948 гг.), в. Руднікі (1948-1951 гг.). З 1951 па 1954 гг. — настаўнік Малецкай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, у 1954-1955 гг. працаваў настаўнікам у г. Івацэвічы.

У 1955 годзе пераехаў у Маскву, дзе выкладаў у электратэхнічным універсітэце. У 1959 годзе паступіў у аспірантуру Маскоўскага абласнога пед-інстытута. З 1963 года выкладаў фізіку ва ўніверсітэце дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы.

У 1964 годзе Міхаіл абараніў дысертацыю і адразу ж стаў кандыдатам фізіка-матэматычных навук. Праз некаторы час было прысвоена званне дацэнта. У 1990 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Фазавы пераход вадкасць-пара ў працэсе імпульснага нагрэву металаў токам». Мартынюк выступаў на міжнародных навуковых канферэнцыях у ЗША, Германіі, Аўстрыі, Англіі і выклікаў вялікі шум у навуковым свеце. З‘яўляўся аўтарам больш за 120 навуковых прац і вучэбных дапаможнікаў.

Пайшоў на заслужаны адпачынак толькі ў 2015 годзе з пасады прафесара-кансультанта кафедры прыкладной фізікі. 16 верасня 2017 года Міхаіла Мартынюка не стала.

У гэты знамянальны 2025 год мы адзначаем 80-гадовы юбілей Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Менавіта ў гэты няпросты час ажыццяўляюцца спробы перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы ўспамінам нашага вядомага земляка, прафесара Мартынюка, мы лішні раз пераконваемся, што праўду пра вайну немагчыма перапісаць.

Дзмітрый Шульга, малодшы навуковы супрацоўнік ДУК «Музей-сядзіба Пружанскі палацык»