Суббота, 18 апреля 2026

10 сакавіка споўнілася 30 дзён, як завяршыўся зямны шлях епіскапа Казіміра Велікасельца, нашага земляка, ураджэнца Стараволі

516

Як і завяшчаў, ён быў пахаваны ў г.п. Шарашэва, каля касцёла, у якім некалі быў ахрышчаны і якому пазней удзяляў шмат увагі. Як і сваёй малой радзіме, куды вяртаўся зноў і зноў… Некалькі момантаў такога вяртання засталіся адлюстраванымі на фотаздымках.

«Я выбраў свой шлях…»
Просты драўляны дом у аграгарадку Стараволя стаіць і сёння. Тут некалі жылі Вікенцій і Яніна Велікасельцы — сціплыя вяскоўцы, руплівыя працаўнікі мясцовага калгаса «Перамога». Не варта шукаць у гэтым нейкую сімволіку, але менавіта напярэдадні Вялікай Перамогі, 5 мая 1945 года, у сям‘і нарадзіўся сын Казімір, будучы каталіцкі іерарх Беларусі. На фота яго не бачым: святар ужо ў аўтамабілі, гатовы ад‘ехаць ад бацькоўскага дома, а старэнькая маці стаіць ля веснічак. Гэта канец 1990-х, позняя восень: два разы на год, на Дзяды і Радаўніцу, Казімір Велікаселец адкладваў іншыя справы, каб разам са сваякамі і аднавяскоўцамі ўзнесці малітву аб памерлых.
Таты Казіміра на час таго прыезду ўжо не было ў жывых — ён пакінуў гэты свет у кастрычніку 1993-га. Старажылы-аднавяскоўцы ўзгадваюць, што сын быў знешне падобны на бацьку, а вось па многіх рысах характару бліжэй да маці, лагоднай і спакойнай. Яніна заўсёды марыла, каб сын стаў ксяндзом, але калі той насамрэч пасля службы ў арміі замест паступлення ў медінстытут выбраў працу электразваршчыка і небяспечныя падчас рэлігійных абмежаванняў заняткі ў нелегальнай семінарыі, затрывожылася. Ездзіла да сына, прасіла: «Вяртайся, Казю, дадому, мы лес купілі, дом табе пабудуем». Той адмовіўся: «Я выбраў свой шлях, а іншае – усё пустое».
Парадаксальна, але менавіта працоўныя заслугі бацькоў далі Велікасельцу магчымасць атрымаць афіцыйны дазвол Галоўнага ўпаўнаважанага па справах рэлігій на паступленне ў Рыжскую духоўную семінарыю, хоць дабівацца гэтага давялося тры гады: ацанілі і тое, што абодва працаўнікі фермы занесены на калгасную Дошку гонару, а яшчэ і грамату Савета Міністраў БССР, уручаную бацьку.

«Аснова ўсяго — малітва і праца…»
Фатаграфій, зробленых падчас сустрэч з землякамі, мясцовай моладдзю, на жаль, у прыхаджан захавалася няшмат, ды і тыя не вельмі добрай якасці. Напрыклад, на фота 1999 года епіскап наогул зняты са спіны, калі прымае каравай з рук дзяўчынкі Хрысціны (нагодай прыезду стала асвячэнне месца будаўніцтва касцёла ў Вялікім Сяле). Затое ў памяці мясцовых вернікаў засталося нямала мудрых слоў, шчырых пастырскіх пажаданняў. І праз чвэрць стагоддзя іх добра памятае Хрысціна Папко, якая цяпер выконвае ў шарашэўскім касцёле абавязкі арганіста.


Казімір Велікаселец заўсёды прызнаваўся, што цярністы шлях да служэння Богу і людзям загартаваў яго, умацаваў веру. Без складанасцей, магчыма, і не ўдалося б дасягнуць такіх высокіх мэт.
А першай перашкодай, якую ў свой час давялося пераадольваць, называў закрыццё шарашэўскага касцёла ў 1948 годзе. Адданы вернік, Вікенцій Велікаселец узяўся навучаць сына малітвам і Божым Запаветам дома. Калі ж настаў час Эўхарыстыі — таінства першай споведзі і прычасця, на веласіпедзе павёз Казіміра ў Кобрын. Каб пераадолець амаль 60 кіламетраў і да 8 раніцы паспець на богаслужэнне, выехалі ў 2 гадзіны ночы. Гэта таксама стала для хлопчыка прыкладам адданасці веры, ахвярнасці дзеля яе.
Падобную самаахвярнасць пазней ён бачыў і ў свайго знакамітага цёзкі і настаўніка кардынала Казіміра Свёнтака, імя якога таксама звязана з Пружаншчынай. Сваім нябесным заступнікам называў святога Казіміра — апекуна Ружан, як і ён, быў вялікім малітоўнікам. І заўсёды падкрэсліваў: «Аснова ўсяго – малітва і праца». І яшчэ: «Дзякуючы малітвам і пакутам папярэдніх пакаленняў вернікаў мы атрымалі магчымасць сённяшняй рэлігійнай свабоды. Якая ж вялікая адказнасць ляжыць цяпер на ўсіх нас…».

«Мяне заўсёды ратавала вера»
За больш чым 40 гадоў пастырскай дзейнасці, з іх звыш 25 у сане епіскапа, Казімір Велікаселец нямала намаганняў прыклаў да адраджэння храмаў. Гэта тычыцца і малой радзімы, у тым ліку, як мы ўжо адзначалі, аграгарадка Вялікае Сяло, дзе ў кастрычніку 2005 года ім быў асвечаны ў гонар Святога Міхаіла Архангела новапабудаваны касцёл.


Прыняў Казімір Велікаселец удзел і ў мерапрыемствах з нагоды 140-годдзя асвячэння касцёла Небаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах у жніўні 2024 года. Ён не толькі ўзнёс малітву разам з вернікамі, паўдзельнічаў у святочным набажэнстве, але і правёў таінства канфірмацыі — мірапамазання. Яго пропаведзь, сказаная ў гэты дзень вернікам-землякам, як заўсёды, была простай і зразумелай: пра сілу шчырай малітвы і моц веры, якая можа выратаваць у самай складанай і, здавалася б, бязвыхаднай сітуацыі.


Ірына Сядова
Фота з архіва рэдакцыі і Тарэсы Панамар