На працягу трох лістападаўскіх дзён Пружаны жылі хакеем. У Лядовым палацы праходзіў дзіцячы міжнародны турнір сярод хакеістаў 1998 года нараджэння «Залатая восень-2011».
Падобныя спаборніцтвы праводзяцца ўпершыню і сабралі шэсць каманд з гарадоў Беларусі і Расіі. За галоўны прыз па кругавой сістэме змагаліся: «СДЮШАР» (Мінск), «ДЮСШ» (Брэст), «Сіняя птушка» (Масква), «ДЦАР» (Гродна), «ЦАР» (Жлобін), «ДЮСШ №2» (Пружаны).
Арганізатарамі турніру выступілі Пружанскі райвыканкам, а таксама бацькоўскі камітэт каманды падлеткаў 1998 года нараджэння ДЮСШ №2.
Падчас урачыстага адкрыцця турніру да яго ўдзельнікаў з прывітальным словам звярнуўся старшыня райвыканкама А.І.Юркевіч. Дзяўчаты паднеслі капітанам каманд караваі — ад пружанскай зямлі. Прагучалі дзяржаўныя гімны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
Першымі на лёд выйшлі гаспадары і госці з Масквы. Не прайшло і пяці мінут, а лік на табло ўжо быў 2:0 на карысць нашай каманды. Здавалася, што калі так пойдзе і далей, то саперніку не пазбегнуць разгрому. Але далей гульня выраўнялася. На першы перапынак каманды пайшлі пры ліку 2:1 на карысць пружанцаў. Пасля другога перыяду нашы вялі з лікам 5:4. Фінальная сірэна зафіксавала перамогу гаспадароў — 8:7.
У сваім другім матчы пружанская каманда без праблем «разабралася» з хакеістамі Гродна — 8:5, а ў трэцім — у няпростай барацьбе вырвала перамогу ў дружыны Жлобіна — 3:2.
Усе з нецярпеннем чакалі сустрэчу лідараў, якая адбылася ў апошні дзень турніру. Каманды Брэста і Пружан мелі дагэтуль на сваім рахунку па тры перамогі. Напружаная барацьба ішла толькі на працягу двух перыядаў. У трэцім нашы не здолелі аказаць годнага супраціўлення і саступілі з лікам 3:9.
Завяршаўся турнір сустрэчай каманд Мінска і Пружан. Пружанцы на працягу ўсяго матча вялі ў ліку. На пачатку трэцяга перыяду пры ліку 5:3 на карысць гаспадароў трэнер сталічнай дружыны нечакана вырашыў спыніць гульню і павёў сваіх хакеістаў у раздзявальню.
У напружанай барацьбе прайшла гульня паміж камандамі Брэста і Жлобіна. Брастаўчане святкавалі перамогу — 4:3.
Такім чынам, пераможцамі турніру сталі хакеісты Брэста, якія атрымалі пяць перамог у пяці сустрэчах. Другое месца ў пружанскай каманды, а трэцяе — у дружыны Жлобіна.
Падчас закрыцця турніру пераможцы і прызёры атрымалі кубкі і медалі. Спецыяльнамі прызамі адзначаны лепшыя хакеісты ў кожным з гульнявых амплуа, а таксама лепшы бамбардзір турніру, якім стаў Ілья Сушко з Брэста. Лепшым абаронцам прызнаны наш Антон Фралоў.
Мікола Архуцік, Аляксандр Мелеш (фота)
