Некалі мне здавалася, што гісторыя кожнага асобнага месца, кожнага перыяду жыцця мае свае дакладныя пачатак і заканчэнне. Але ж цяпер ведаю: на самой справе яна падобна на пакамечаны, неахайна зматаны скрутак нітак. Тузанеш за кончык, каб разблытаць, але аказваецца, што гэта — не пачатак клубка, а так, нейкі абгрызак з сярэдзіны тырчыць. Выцягваеш нарэшце доўгую нітачку, а яна шчыльным вузельчыкам пераплялася з іншай…
Напэўна, таму і гісторыкаў пастаянна абвінавачваюць у падтасоўванні фактаў, перапісванні мінуўшчыны. А яны ж і не вінаватыя: проста аднаму падабаецца чырвоная нітка, другі цягне за белую, трэцяга нехта ў бок штурхае: шукай, маўляў, толькі чорную, чацвёрты самы заблытаны кавалак нажніцамі выража і выкіне…
Дзе ўзяць столькі ўмення і цярпення, каб разблытаць клубок падзей з пачатку да канца? Як зразумець, што мінулае краіны нельга размаляваць ні ў чорны, ні ў белы, ні нават у колеры дзяржаўнага сцяга? Яно такое, якім было.

**
Восенню 2014 года я рыхтавала артыкул да 100-годдзя царквы ў Аранчыцах Пружанскага раёна. Як звычайна бывае, напісала – і занялася іншай тэмай. І нават падумаць не магла, што тая вандроўка па дарогах часу атрымае свой працяг, а гісторыя Крыжаўзвіжанскага храма акажацца ў пэўнай ступені пераплеценай з зусім, здавалася б, іншымі падзеямі. Адпраўной кропкай стаў лёс аднаго чалавека – Фамы Лук‘янавіча Клюкі.
Жыхарка Аранчыцаў Зоя Фамінічна Мяшкова беражліва захоўвае сямейны архіў. Альбомы з фотаздымкамі, пісьмы, паслужныя спісы… Але самае каштоўнае, што ёсць у гэтай сталай жанчыны, — гэта яе памяць аб мінулым, яе жыццёвая мудрасць.

За цікавай гутаркай час ляціць непрыкметна. Аповяды матушкі Зоі пра былое такія вобразныя і яркія, што нібы ўвачавідкі адкрываюцца мне шляхі-дарогі, якімі прайшоў протаіерэй Фама.
Дарога жыцця
Чацвёртае дзіця ў сям‘і Лук‘яна Клюкі назвалі Фамой. Зразумела, падчас таінства хрышчэння ніхто і ўявіць не мог, што цярністы і пакутніцкі шлях служэння Богу, падобна святому апосталу Фаме, давядзецца прайсці і яму. Ды наогул простыя сяляне з Камянецкага прадмесця Замасты наўрад ці задумваліся, якім чынам выбар імя можа прадвызначыць лёс хлопчыка: бацюшка па святцах як трэба назаве.
Хаця Лук‘ян Васільевіч не быў такім ужо “простым” непісьменным вяскоўцам. Ён адслужыў 15 гадоў у арміі, куды ўзяты быў па рэкруцкім наборы, удзельнічаў у Крымскай вайне 1855 года, меў нават медаль у памяць аб гэтых падзеях. Адным словам, прайшоў агонь, ваду і медныя трубы. Ажаніўся позна, пасля рэкрутчыны, але за 17 гадоў у шлюбе паспеў стаць бацькам пяцярых дзяцей (яшчэ двое памерлі маленькімі).
Фама нарадзіўся 10 снежня 1884 года. Напэўна, ад бацькоў і сялянскіх продкаў займеў ён працавітасць і прагу да ведаў, а ад свайго хрысціянскага заступніка – мару стаць святаром.
Пасля Камянецкай чатырохкласнай школы Фама Лук‘янавіч скончыў царкоўна-настаўніцкую школу ў Трасцянцы і – у 1906 годзе – аднагадзічныя царкоўна-пеўчыя курсы ў Гродне. Працаваў псаломшчыкам у Сакольскім павеце. Не тое, каб расчараваўся ў выбраным шляху, але не знайшоў паразумення з настаяцелем царквы, чалавекам жорсткім і патрабавальным, і праз якія паўгода вырашыў пайсці ў армію. 15 лістапада 1906 года па жэрабі ён быў прыняты на тэрміновую ваенную службу. Адукаванага юнака адразу залічылі вучнем у пісарскі клас, а пасля заканчэння вучобы накіравалі ў Варшаву, у акруговае артылерыйскае ўпраўленне. Тут ён даслужыўся да фельдфебеля і застаўся на звыштэрміновую службу з мэтай трымаць экзамен на ніжэйшы афіцэрскі чын, але па сямейных абставінах у 1911 годзе звольніўся ў запас, вярнуўся дадому.
На гэтым этапе жыцця малады чалавек усур‘ёз вырашыў звязаць свой далейшы шлях з педагогікай: экстэрнам здаў экзамен за 6 класаў гімназіі, вытрымаў і іспыты на званне настаўніка народных школ пры камісіі Варшаўскай навучальнай акругі. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ён ужо працаваў у Петракоўскай мужчынскай гімназіі.
Ды толькі надышоў 1914 год — і Фама Клюка зноў апранае вайсковую форму. “То прыкладвалі пагоны, то здымалі”, — разважаў ён потым.
На перадавую не накіравалі: добра ведаючы справаводства, акуратны і педантычны фельдфебель служыў у Віленскім тылавым эвакуацыйным пункце. За сваю адказнасць і стараннасць атрымаў узнагароды: цёмна-бронзавы медаль за працу па выкананні ўсеагульнай воінскай мабілізацыі, два сярэбраныя нагрудныя медалі “За усердие”.
Дарога лёсу
Пабываў Фама Клюка і ў палоне ў “першых немцаў”. Гэта ўжо калі разгарэўся пажар рэвалюцый у Расіі і першая сусветная фактычна скончылася, але пачаліся тэрытарыяльныя спрэчкі і канфлікты. Магчыма, менавіта ў гэты час і адчуў ён яскрава, што жыццё яго перадвызначаецца звыш. Калі ўжо, здавалася, не было ніякага выйсця з сітуацыі, яго выкупіў з палону жыхар Вільны Іван Баліцкі. Проста так, у знак сяброўства. Як тут не ўзгадаць апостала Фаму, які ў свой час “праз зачыненыя дзверы вязніцы выйшаў на волю”.
Падарунак нечаканага дабрадзея – мініяцюрная кніжачка “Псалтыры” з памятным надпісам – беражліва захоўваецца нашчадкамі як сямейная рэліквія.
Але дадому Фама Лук‘янавіч так пакуль і не даехаў: у Баранавічах сустрэў Соф‘ю, будучую жонку. Гэтую сустрэчу ён лічыў другім падарункам лёсу.

Знакавыя падзеі падштурхнулі яго да ажыццяўлення даўняй мары: напрыканцы ліпеня 1921 года Фама Клюка быў рукапакладзены ў святары, служыў у цэрквах Баранавіцкага благачыння і толькі ў красавіку 1926 года трапіў бліжэй да родных мясцін, стаў настаяцелем Спаса-Праабражэнскага храма ў Дзмітровічах, кіламетрах у дзесяці ад Камянца.
Наступныя 13 гадоў сталі самымі шчаслівымі ў жыцці сям‘і. Нарадзіліся дочкі Вера і Зоя. Айцец Фама клапаціўся аб вялікім прыходзе, добраўпарадкаваў старажытную царкву, выкладаў рэлігію ў мясцовай школе — у 1935-м годзе ён сам і займаўся арганізацыяй яе будаўніцтва. І няхай сабе праваслаўныя малебны пісаліся на польскай мове, а святару даводзілася весці ўласную гаспадарку, як звычайнаму селяніну (працавалі цяжка, але ж не бедствавалі), затое над галавой было мірнае неба.
…Як аказалася, мір пратрымаўся нядоўга. У верасні 1939-га, калі фашысцкая Германія захапіла Польшчу, Дзмітровічы зноў аказаліся “пад немцамі”. Пакуль толькі на некалькі дзён: згодна з Брэсцкімі дамовамі Заходняя Беларусь далучылася да Савецкай Расіі. Немцы адышлі на захад і тыдні два ў лясной вёсцы было безуладдзе. Вяскоўцы баяліся марадзёрства, самі вартавалі па начах. І з нецярпеннем чакалі “Саветаў”.
А калі тыя прыйшлі… Сястра Фамы Марыя Лук‘янаўна пайшла на сход, які адразу сабралі ў вёсцы. Галоўнае пытанне цікавіла мужыкоў: ці будуць пры новай уладзе падаткі? “Нет! – цвёрда адказаў упаўнаважаны, — податков не будет однозначно. Никаких податков! Теперь будут налоги!”
Беларускія сяляне марылі пра змены, але яны аказаліся не зусім такімі, як сабе ўяўлялі. У першую чаргу давялося зведаць слова “дэфіцыт”. У школе неактуальнымі сталі старыя, польскія, падручнікі, але новых так і не прывезлі. Зніклі не толькі вокладкі ды ўсялякія іншыя дробязі, нават сшыткаў не хапала, дык хлопцы сцягнулі ў сельсавеце непатрэбныя квіткі на былыя “падаткі”, на іх зваротным баку можна было пісаць. Бедна апранутыя рускія настаўніцы дзівіліся прыгожаму адзенню мясцовых дзяўчат і нават – па няведанні – вышытыя начныя сарочкі апраналі на танцы.
Але самае цяжкае — адносіны да царквы і святароў на дзяржаўным узроўні зусім іншымі сталі. Так што людзі – хто па перакананні, а хто і з боязі — вымушана ўзялі курс на атэізм, многія паскідвалі іконы з чырвоных кутоў.
Што было, калі немцы зноў вярнуліся ў чэрвені 41-га! Вярталі тэрмінова іконы на месца, шукалі крыжыкі. У некаторых вёсках на суседняй Кобрыншчыне звычай быў: на надмагільным крыжы нацельны крыжык пакідаць. Дык усе гэтыя крыжыкі з могілак пабралі.
Дарога да храма
Царкоўны дом у Дзмітровічах быў вялізны, з шасці пакояў. Яго насельнікаў значна пацяснілі: пасялілі 40 немцаў з падраздзялення, якое займалася пошукам партызан у Белавежскай пушчы. Нестраявыя гэта вайскоўцы былі, многія пажылыя ўжо. З няпрошанымі “суседзямі” жылі ў згодзе (а якія яшчэ варыянты?). Але з-за іх цяпер баяліся партызан: калі раптам на гэты батальён нападуць, то ўсім мала не здасца. Немцы па начах выходзілі на сваю “працу”, днём адсыпаліся, па чарзе даілі гаспадарскія каровы, гралі на губных гармоніках…
Насупраць, у школе, на другім паверсе жылі настаўнікі, а два класы ўнізе аддалі пад жандармерыю. Перавезлі будынак школы з вёскі Ражкоўка, што ў сямі кіламетрах, у ім размясціўся амскамісарыят. Увялі каменданцкі час. Цяпер забаранялася пасля 9 вечара хадзіць па вуліцы, парушэнне распарадку пагражала мясцовым жыхарам начоўкай у жандармерыі.
Ва ўмацаваных такім чынам Дзмітровічах жахаў вайны нібыта і не ведалі. Затое Ражкоўка ледзь не паўтарыла лёс вёскі Байкі на Ружаншчыне. Ці, правільней сказаць, ледзь не апярэдзіла, мяркуючы па часе: шматпакутныя Байкі былі знішчаны 22 студзеня 1944 года. Расстрэл жыхароў Ражкоўкі — прызначаны на 28 верасня 1942-га.
Апошнім часам нямала публікацый можна знайсці ў друкаваных і інтэрнэт-выданнях пра Ражкоўскі цуд — з‘яўленне нямецкаму афіцэру Багародзіцы, адмену карнай аперацыі, узвядзенне ў вёсцы царквы ў памяць гэтага…
Але адна справа — чытаць пра тое, што здарылася ў невядомых табе мясцінах з незнаёмымі людзьмі, і зусім іншая — нечакана пачуць у размове з матушкай Зояй: «А царкву ў Ражкоўцы тата будаваў»…
Лясную вёску Ражкоўку партызаны наведвалі рэгулярна: ведалі, што знойдуць падтрымку ў тутэйшых жыхароў. Але ў ведамстве рэйхсмаршала Герынга, якому ў падпарадкаванне была аддадзена Белавежская пушча, жартаваць не любілі. Любое супрацьдзеянне новаму парадку адсочвалася і жорстка каралася.

Зоя Фамінічна на свае вочы бачыла алею смерці ў Белавежы, дзе вучылася ў прыватнай школе. У «царскім сяле», куды некалі з‘язджаліся на паляванне манархі (дарэчы, да Першай сусветнай вайны гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў Пружанскі павет), быў вельмі прыгожы храм. Падчас бамбёжкі ў першы ж дзень гітлераўскага нападу на Польшчу — 1 верасня 1939 года ў алтарную частку яго трапіў снарад. Службы святар Клаўдзій Пушкарскі праводзіў у маленькай цэркаўцы на могілках, а тут працяглы час так і панавала запусценне. Паабапал дарогі, якая вяла да храма, стаялі зламаныя, пасечаныя асколкамі дрэвы. Карнікі выкарыстоўвалі іх у якасці шыбеніц.
—Страхоцце, — змахвае слязінку са шчакі матушка Зоя.
Святароў немцы не чапалі, нават прывозілі французскае чырвонае віно для прычасця ў аплеценых саломай бутлях. А калі згарэлі храмы ў вёсках Белая і Вялікі Лес (самі ж і спалілі!), дазволілі сялянам пабудаваць царкву ў Ражкоўцы. Для гэтых мэт перавезлі будынак былой леснічоўкі.
Але…
Карная аперацыя была прызначана на 28 верасня 1942 года. Прапланавана з нямецкай дакладнасцю: пералічылі і канфіскавалі на патрэбы арміі свойскую жывёлу і птушку, вызначылі, што малых дзяцей павінны забраць жыхары суседніх вёсак (айцец Фама з матушкай прытулілі ў сябе траіх), моладзь выедзе на работы ў Германію, а астатнія…
Астатніх аказалася 276 чалавек. Пад вартай карнага батальёна яны крочылі ад вёскі да месца расстрэлу — вялізнага рова, які капалі па загаду два дзясяткі аднавяскоўцаў. Плакалі, маліліся, як хто ўмеў.
Гэты кіламетр да будучай брацкай магілы стаў самым страшным шляхам у іх жыцці. Дзве гадзіны чакання пад прыцэлам кулямётаў здаліся вечнасцю.
Але здарыўся цуд: сама Божая Маці заступілася за няшчасных. Замест загаду аб расстрэле камандзір батальёна аховы люфтвафе Белавежскай пушчы маёр Хербст прывёз дазвол на памілаванне. Не проста адпусцілі асуджаных на смерць: вярнулі назад тых, каго збіраліся везці ў рэйх, аддалі ўсю канфіскаваную маёмасць і жывёлу. Толькі трое ці чацвёра чалавек, якіх непасрэдна абвінавачвалі ў сувязях з партызанамі, забралі ў Белавежу. Напэўна, яны скончылі жыццё на тых дрэвах-шыбеніцах каля царквы.
Пасля жанчыны ўспаміналі, што, узняўшы рукі ў апошняй малітве, убачылі ў небе абраз Багародзіцы ў сінім покрыве з немаўлём на руках…

Царкву ў Ражкоўцы асвячалі 22 студзеня 1943 года — у гонар Казанскай Божай Маці. Маёр Хербст і яшчэ некалькі нямецкіх афіцэраў прыехалі на гэтую ўрачыстасць. У асвячэнні прымалі ўдзел дзмітровіцкі святар Фама Клюка, белавежскі — Клаўдзій Пушкарскі, агародніцкі — Пётр Самайловіч і, зразумела, Анатоль Кунцэвіч, які стаў першым настаяцелем новага храма. Потым падышлі да расстрэльнай ямы: яе загадана было не закопваць як мінімум год — у «выхаваўчых» мэтах.
У памяць аб цудоўным выратаванні маёр да гадавіны гэтай даты перадаў ікону, выразаную на дрэве. Казалі, выразаў яе нейкі нямецкі салдат у шпіталі, але на самай справе хто ведае таго майстра…
—Яна спачатку проста лакам пакрыта была, — кажа матушка Зоя. — Пазней ужо яе расфарбавалі.
(Працяг будзе)
Ірына Сядова.
