У адрозненне ад мінулага года, калі з-за адсутнасці белай коўдры Сусветны дзень снегу на Пружаншчыне не адбыўся, сёлета была цудоўная магчымасць адзначыць гэтае «маладое» (гісторыя яго бярэ адлік з 2012 года) міжнароднае свята. Дзень зімовых відаў спорту — яшчэ так называюць яго — закліканы сярод іншага павысіць цікаўнасць моладзі да здаровага ладу жыцця.
22 студзеня на гарадскім стадыёне прайшлі раённыя спаборніцтвы па лыжных гонках — «Дзень лыжніка».
Традыцыйныя спаборніцтвы праводзіліся сярод вучнёўскай моладзі, і сёлета прапанову паўдзельнічаць у мерапрыемстве прынялі сем школ раёна. Зборныя каманды прадстаўлялі па тры дзяўчынкі і тры юнакі. Першым давялося выступаць на дыстанцыі ў два кіламетры, а хлопцам прапанавалася пераадолець трохкіламетровы маршрут.
У выніку ўпартай барацьбы лепшы камандны вынік паказалі лыжнікі з СШ №3. Другое месца заняла каманда Мокраўскага ВПК д/с-СШ, трэцяе — СШ №4. Лепшых вызначылі і ў асабістым заліку: імі аказаліся Ганна Зубкова (СШ №3) і Максім Кобец (Мокраўскі ВПК д/с-СШ).
Пераможцы лыжнай гонкі былі ўзнагароджаны кубкамі, граматамі і памятнымі падарункамі.
Марына Вакульская.
