Хто сказаў, што на пенсіі жыццё становіцца сумным, губляе фарбы ці ўвогуле амаль што заканчваецца? Не кажыце пра гэта наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту: у іх цяпер няма вольнага часу, каб забіваць галаву падобнымі глупствамі.
Аддзяленне адкрылася зусім нядаўна на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для Пружан гэта абсалютна новая форма работы з пажылымі людзьмі.
— Мы прымаем пенсіянераў старэй 60-гадовага ўзросту, якія ўжо не працуюць. Такія людзі абсалютна бясплатна могуць атрымаць кансультацыйна-інфармацыйную, сацыяльна-бытавую, сацыяльна-пасрэдніцкую і іншыя паслугі, — расказвае загадчыца аддзялення Марына Кавальчук.
Прасцей кажучы, тут ладзяць вольны час для пажылых людзей з дапамогай гурткоў і клубных аб’яднанняў. Заняткі праходзяць у будынку былога «Водаканала» па вуліцы Піянерскай пяць разоў на тыдзень з 8 да 17 гадзін. Актыўным, неабыякавым, творчым асобам, якія на заслужаным адпачынку імкнуцца жыць насычана і цікава, прапануюць заняцца самаразвіццём.
Такіх знайшлося ўжо каля чатырох дзясяткаў чалавек. Некаторыя праводзяць у аддзяленні амаль увесь дзень — вывучаюць віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці, авалодваюць новымі тэхнікамі вязання, вучацца вакалу і нават вывучаюць замежную мову. Згодна з журналам наведвальнасці, самымі актыўнымі з’яўляюцца М.М.Панкратава, А.А.Севасцьянава, С.С.Карпей…
Жадаючыя нават пачалі вучыць італьянскую мову. Праводзіць заняткі з пенсіянерамі сама Марына Аляксандраўна, адна са спецыяльнасцей, якую яна атрымала ў ВНУ, — перакладчык. Вынікі пяці заняткаў відавочны: вучні ўжо ведаюць алфавіт, дзве італьянскія песні і прыступілі да вывучэння граматыкі.
Адна з самых старанных вучаніц Валянціна Мажэйка просіць мяне называць яе проста па імені і тлумачыць чаму:
— Мы ўсе тут вучні, аднолькавыя, без уліку займаемых некалі пасад. А галоўнае — у нас пачалася другая маладосць. Падчас сустрэч у аддзяленні можна знайсці сяброў, цікава бавіць час і нават даць размінку для мозга, каб не «чарсцвеў».
Жанчына расказвае, што большую частку жыцця правяла ў Брэсце, але, калі выйшла на заслужаны адпачынак, вярнулася на малую радзіму. Нягледзячы на неразуменне з боку некаторых знаёмых: як, маўляў, можна было пакінуць вялікі горад, ні разу не пашкадавала аб пераездзе. На яе думку, у Пружанах усё даступна — вечары адпачынку, творчыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, пасяджэнні клубаў, заняткі для здаровага ладу жыцця.
Сапраўднымі актывістамі тут называюць тых, хто прыязджае на заняткі з іншых населеных пунктаў: Р.М.Ялавая, напрыклад, ездзіць з Новых Засімавічаў, Т.А.Піўнева — з Лінова, М.М.Чайкоў — з Малых Якавічаў, а Л.Р. Алешка наогул дабіраецца са Шчарчова.
Самым наведваемым з’яўляецца вакальна-харавы гурток «Забава», які вядзе В.А.Каробка. Валянціна Антонаўна ставіцца да заняткаў з сур’ёзнасцю і строга пытае з вучняў. Тых, у каго не адразу ўсё атрымліваецца, з усмешкай супакойвае: «Калі мядзведзя можна навучыць ездзіць на матацыкле, дык і чалавека — спяваць». Іншы раз сустрэчы гурткоўцаў пераходзяць у культурна-масавыя мерапрыемствы. Так, нядаўна сапраўднае свята пенсіянеры ўстроілі з нагоды дня нараджэння сваёй настаўніцы.
На жаль, з задуманага ніяк не ўвасобіцца ў жыццё абучэнне камп’ютарнай грамаце: пакуль няма сродкаў для пакупкі разумнай тэхнікі, з якой пенсіянеры так жадаюць стаць на «ты».
І хаця не ўсе выкладаемыя ў аддзяленні дзённага знаходжання пенсіянераў навукі даюцца лёгка, але з дапамогай цярплівых настаўнікаў, перакананы сівавалосыя вучні, усё ім па сілах.
На здымку: урок італьянскай мовы вядзе Марына Кавальчук.
Марына Вакульская (фота аўтара).
