
Вуліца Вінаградава на першы погляд ціхая, нічым непрыкметная частка дарогі, якіх дзясяткі ў любым горадзе. Але для яе жыхароў яна даўно ператварылася ў гоначную трасу, дзе знак абмежавання хуткасці «40» не больш, як дэкарацыя. Вадзіцелі, упэўненыя ў сваёй беспакаранасці, ляцяць «на ўсіх парах», не зважаючы ні на пешаходаў, ні на жывёлу, ні на элементарныя законы фізікі, якія дыктуюць: на такой хуткасці збіць чалавека — пара дробязяў. Асабліва, калі тут няма тратуара і пешаходы вымушаны ісці па абочыне, у прамым сэнсе рызыкуючы жыццём.
Толькі за мінулы тыдзень у рэдакцыю паступіла некалькі званкоў з просьбай: праз газету яшчэ раз звярнуць увагу на праблему, якая датычыцца не толькі жыхароў гэтай вуліцы. Людзі расказалі, што там адбываецца на самай справе, і мы адправіліся на месца «ралі», дзе рэгулярна пад коламі аўто гінуць кошкі, сабакі, вожыкі і іншая жыўнасць без разбору.
За 15 мінут «дзяжурства» на вул. Вінаградава міма нас пранеслася з дзясятак машын, палова іх з парушэннем хуткаснага рэжыму. Ісці ўздоўж абочыны было сапраўды страшна, асабліва, калі трапляеш у зону, дзе машыны рухаюцца насустрач адна адной. Тады трэба рэзка збягаць на абочыну і брацца бліжэй да плота. Мы адсачылі, хто ў гэты час быў за рулём. І да нашага здзіў-лення аказалася, што гэта не толькі навічкі ў кіраванні транспартным сродкам, але і «мацёрыя вадзілы», якія вырашылі, што вадзіцельскі стаж дазваляе ім «ліхачыць» на дарозе.
Як высветлілася, жыхары гэтай злашчаснай вуліцы з пісьмовай прось-бай ужо звярталіся наконт уладкавання на гэтым участку дарогі пешаходнага тратуара і ўстаноўкі штучных няроўнасцей у пачатку і канцы вуліцы. Просьбы пачутыя — вынікі нулявыя. Мы, вядома, усё разумеем, што па ўзмаху чарадзейнай палачкі цуды адбываюцца толькі ў казках. Але людзі ўвесь час задаюць зразумелыя пытанні: чаму на элементарныя меры бяспекі ідуць месяцы, а то і гады перапіскі і ўзгадненняў? Жыхары так стаміліся верыць абяцанням, што адказ хочуць пачуць тут і зараз.
Па каментарый гэтай сітуацыі мы звярнуліся да начальніка аддзялення ДАІ Пружанскага РАУС Сяргея Мышкевіча.
— Штогод у кастрычніку мы ўносім свае пэўныя прапановы на наступны год для ўключэння іх у абласны план мерапрыемстваў па бяспецы дарожнага руху на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Цяпер на нашым кантролі, у тым ліку вул. Вінаградава і вул. Камсамольская. Па рашэнні райвыканкама на 2026 год тут ужо запланавана пашырэнне асфальтавага пакрыцця з далейшым уладкаваннем умацаванай абочыны для пешаходаў і веласіпедыстаў. Што датычыцца штучных няроўнасцей, то зараз іх класці не мэта-згодна, пакуль не будуць праведзены запланаваныя дарожныя работы. У далейшым, пры наяўнасці фінансавання, добраўпарадкаванне гэтага ўчастка будзе праведзена ў бліжэйшы час.
А пакуль розныя структуры прымаюць рашэнні, нам застаецца толькі адно — звярнуцца да вадзіцеляў з просьбай быць пачутымі. Любая дарога ў населеным пунк-це — гэта не гоначны трэк і не месца для рызыкоўных эксперыментаў. Бо ўжо заўтра пад коламі чужога аўто можа апынуцца не толькі ваш сабака. І калі вас не спыняюць ні знакі, ні сумленне, то няхай хаця б спыніць простая думка — наступнай ахвярай можа стаць той, хто вам дарагі.
Ульяна Рысь
Фота аўтара
