Воскресенье, 5 октября 2025

Вера ў прыметы або прымхі (па-руску «суеверия») уласціва людзям яшчэ з даўніх часоў

1 916

Без сумнення, людзі, якія вераць у прымхі, маюць ад іх пэўную залежнасць. Яны здольныя ўплываць як на настрой чалавека, так і на яго дзеянні. Я імкнуся не верыць у гэта, але калі, напрыклад, гатуеш на кухні і крыху рассыпаеш соль, то адразу ў галаве думка: ага… Адразу адкінула яе. Затым дзесьці на падлогу падае нож: ну, госці — гэта ж цудоўна. Таму стала цікава, адкуль увогуле ўзяліся прымхі і ці вераць пружанцы ў іх. Давайце разбірацца разам.


Мы правялі невялікі эксперымент. У Інстаграме было размешчана апытанне «Ці верыце вы ў прыметы і прымхі?», у якім прынялі ўдзел 1554 чалавекі, з іх 24% мужчыны, 76% жанчыны. Узроставая катэгорыя ў асноўным 25 — 44 гады. Так, 17% вераць у прыметы, 49% толькі ў некаторыя, а 34% лічаць, што гэта глупства.


На шэрагу вуліц у горадзе сустракаюцца слупы ў выглядзе літары «Л», а вакол пратаптаная сцежка. Такіх канструкцый нямала ў кожным населеным пункце. Электрыкі разводзяць рукамі, а людзі мяркуюць, што нельга праходзіць пад двума такімі слупамі. Лічыцца, што прайсці пад «чортавымі варотамі» — значыць наклікаць на сябе бяду. Але задумайцеся, калі чалавек у гэта не верыць, то і не будзе надаваць ніякага значэння, чакаць штосьці дрэннага ці добрага. Ён проста жыве сваё лепшае жыццё!


Неаднаразова даводзілася назіраць, як чорная кошка пераходзіла дарогу, а яе гучна палохалі і вярталі назад. Аднак не ва ўсіх краінах іх лічаць прадвеснікамі бяды. Так, у Вялікабрытаніі чорная кошка, напрыклад, прадказвае поспех. Шатландцы вераць, што чорны кот, які зайшоў у хату, падорыць багацце і росквіт. Калі задумацца, то нашы пушыстыя любімцы найчасцей робяць нас, людзей, толькі шчаслівымі і радаснымі. Памятаеце, каго першым патрэбна запускаць у хату? А чулі пра тое, што каты адчуваюць балючае месца і лягаюць на яго? Дарэчы, у жніўні нават адзначаецца Міжнародны дзень чорнага ката!


Калі вы чытаеце гэты артыкул, паралельна насвістваючы, то спыніцеся, скажуць некаторыя, а то грошай у хаце не будзе. Увогуле, гэта таксама выглядае лагічна. Калі ў вас ёсць час насвістваць, выходзіць, вы нічым карысным не займаецеся. А адкуль тады ўзяцца грошам?


Ці ёсць тлумачэнне іншым прымхам? Без сумнення. Мабыць, самы вядомы прыклад – прымета пра соль: рассыпаць яе — да сваркі. Многія тлумачаць гэта тым, што ў старажытныя часы соль каштавала вельмі дорага і яе страта магла выклікаць сварку.
Ну і, мабыць, усе ведаюць, што трэба прысесці на дарожку. Гэта звязана з самай вядомай міфічнай істотай — дамавіком. Так, згодна з ёй, трэба пасядзець перад дарогай, каб дух хаты не падумаў, што яго кідаюць, і не раззлаваўся. А з іншага боку, прысесці і падумаць, ці не забыўся што, лішнім не будзе. Бо вяртацца ж таксама дрэнная прымета.


Дарэчы, пройдземся па прафесіях. Калі ў акцёра тэкст падае на падлогу, то ён павінен абавязкова сесці на яго і з ім устаць. Лётчыкі ніколі не фатаграфуюцца перад палётам. А маракам лепш не паказваць пальцам на неба, бо гэта пагражае штормам ці штылем. Пажарныя кажуць, што калі ў час дзяжурства пачысціць чаравікі, то абавязкова паступіць трывожны выклік.


Так што, прымхі ўвайшлі ў жыццё кожнага чалавека і сталі яго неад’емнай часткай.

Сваім меркаваннем, верыць у прымхі альбо не, падзяліліся чытачы «раёнкі»:

Таццяна Дараховіч:
— У прынцыпе, амаль не веру. Але часам, калі чорная кошка перабягае дарогу, то абавязкова бяруся за гузік. Якія ведаю яшчэ прымхі? Кажуць, што нельга праходзіць пад слупам, які ў выглядзе трохвугольніка, таму што там збіраецца нейкая энергетыка. Але я ў гэта не веру, іду як мне зручна, толькі часам аўтаматычна ўсё роўна паварочваю ў бок. Шмат хто не верыць у лік 13 альбо баіцца яго. Я зусім не баюся гэтага, у мяне нават у дачкі кватэра № 13. Мы вельмі спакойна да гэтага ставімся.

Марыя Міхайлюковіч:
— Ведаеце, напэўна веру… Слуп? Вось гэта я абыходжу! Не разумею чаму, веру ці не, але «чортавы вароты» абавязкова. Соль рассыплеш — таксама, нават на сабе адчула, сапраўды што-небудзь дома адбудзецца. І ў люстэрка гляджу, калі нешта забылася. Але на дарожку не сядаю. Мой муж наогул добра ведае, што там трэба рабіць, каб абараніць сябе, я то не (усміхаецца). Усё ж такі гэта ўсё ад нашых бабуль яшчэ перадалося.

Галіна Люкевіч:
— А я ў прымхі імкнуся не верыць. Чорная кошка кажаце? Ай не. Але вось слуп лепш абыду (смяецца). З пустым вядром калі нехта пераходзіць — пачакаю. Мне даспадобы больш пазітыўныя прыметы. Кажуць, калі ідзе дожджык, як куды-небудзь прыязджаеш, то гэта добра. Вось неяк прысніўся сон, як быццам я кудысьці пайшла, а наперадзе мяне масток, так спакойна перайшла яго — значыць добрая вестка будзе. Ведаеце, якраз з акна нашай спальні храм, мы ўстаём, ідзём спаць, паглядзім у акенца, а сонейка так хораша свеціць на купалы, яны аж пераліваюцца — усё добра будзе. Я ў гэта веру!

Старонку падрыхтавала Анастасія МІХЕЕВА
Фота аўтара і з адкрытых крыніц інтэрнэту