Вторник, 30 сентября 2025

В деревне Близная Ружанского сельсовета состоялось важное и трогательное событие — перезахоронение останков красноармейца

467

Пасля перамогі савецкага народа над фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне мінула 80 гадоў, але да гэтай пары пошукавым атрадам удаецца знаходзіць астанкі невядомых воінаў, ідэнтыфікаваць іх і перапахаваць. Так атрымалася і з ураджэнцам вёскі Блізная Пружанскага раёна Васілём Пятровічам Русакевічам.

Родныя нашага земляка нічога не ведалі пра далейшы лёс свайго сваяка, які 18-гадовым юнаком пайшоў на фронт Вялікай Айчыннай вайны. «Пахаванкі» не было, іншых звестак таксама. У выніку ён лічыўся прапаўшым без вестак. Раптам праз столькі дзесяцігоддзяў з Расіі прыйшла навіна, што знойдзены і ідэнтыфікаваны астанкі загінуўшага байца. Гэта ўдалося вызначыць па медальёну, у якім захоўвалася паперка з дадзенымі чырвонаармейца: Васіль Пятровіча Русакевіч, ураджэнец БССР, Ружанскі раён, вёска Блізная.


На слыху цытата, якую прыпісваюць генералісімусу Аляксандру Васільевічу Сувораву: «Вайна скончыцца толькі тады, калі будзе пахаваны апошні салдат». А колькі яшчэ такіх без вестак прапаўшых спачываюць у зямлі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, краін Еўропы? Гэта нікому невядома. Таму вельмі шмат работы пошукавым атрадам. Колькі яшчэ прыйдзецца пераварушыць зямлі, каб знайсці невядомыя магілы, адшукаць кожную ахвяру кровапралітнай той вайны. Аб гэтым гаварылі выступаючыя на жалобнай і разам з тым урачыстай працэдуры перапахавання нашага земляка на могілках вёскі Блізная Ружанскага сельсавета, якая адбылася напярэдадні Дня народнага адзінства.

У сваім звароце да сабраўшыхся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч сказаў: «У гэтым годзе мы адзначаем 80-гадовы юбілей Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вялікая Айчынная вайна была не проста вайной, гэта было выпрабаванне для ўсяго чалавецтва: бітва за свабоду, выжыванне, нацыянальную самастойнасць. На абарону Айчыны плячом да пляча сталі рускія, беларусы, украінцы, грузіны, татары, армяне і іншыя народы Савецкага Саюза. У барацьбе за свабоду савецкі народ, нягледзячы на мільённыя ахвяры, у тым ліку і мірнага насельніцтва, паказаў найвялікшую трываласць і бяс-прыкладны гераізм, адданасць інтэрнацыяналізму і патрыятычнаму абавязку. Шмат нашых салдат палягло і на зямлі Пружаншчыны, імёны большасці з іх вядомыя. Аб іх доблесці, мужнасці, адвазе сведчаць воінс-кія пахаванні, мемарыялы і абеліскі. Вечная слава загінуўшым за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы!»

Далей Міхаіл Міхайлавіч адзначыў, што памяць пра подзвіг нашых гераічных продкаў, якія не вярнуліся з фронту, патрэбна не ім, а нашчадкам, за жыццё якіх гінулі людзі.

Міхаіл Грышкевіч расказаў і пра работу пошукавых атрадаў. Затым кіраўнік раёна сказаў, што сёння праходзіць перапахаванне воіна, нашага земляка Васіля Пятровіча Русакевіча. Яго астанкі былі знойдзены пошукавым атрадам на тэрыторыі Зубцоўскай муніцыпальнай акругі Цвярской вобласці Расійскай Федэрацыі. Прах героя вярнуўся на малую радзіму. Мы аддаём даніну павагі подзвігу нашага земляка.

Са словамі ўдзячнасці за тое, што знайшлі, перавезлі і ўрачыста перапахавалі астанкі дваюраднага дзядзькі звярнулася Таццяна Курылюк, якая пражывае ў Брэсце.

Да прысутных таксама звярталіся ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка, старшыня ветэранскай арганізацыі РВСП Уладзімір Папоў, удзельнік ваенна-патрыятычнага клуба Ружанскай школы імя Казіміра Марача Максім Шэпыраў, настаяцель Пятрапаўлаўскага храма г.п. Ружаны протаіерэй Аляксандр Сень, які таксама адслужыў і малебен па загінуўшым воіне. Пад гукі духавога аркестра труна з астанкамі Васіля Пятровіча Русакевіча была пахавана на могілках вёскі Блізная. Пасля хвіліны маўчання да магілы былі ўскладзены вянкі і кветкі.


Пантэон землякоў, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць Радзімы, папоўніўся яшчэ адным імем.


Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара