Вторник, 7 октября 2025

Трагічныя старонкі гісторыі пушчы: 1941 год

491

Штогод у першую нядзелю жніўня многія жыхары Пружаншчыны ўшаноўваюць памяць землякоў, якія былі расстраляны ва ўрочышчы Перароў у Белавежскай пушчы ў пачатку вайны. Менавіта гэты рэліктавы лес, значная частка якога знаходзілася на тэрыторыі тагачаснага Шарашоўскага раёна, стаў месцам, дзе ў пачатку вайны прайшлі першыя карныя аперацыі гітлераўцаў.

Раней лічылася, што ў ваколіцах Шарашова ў час вайны карнікі спалілі 25 вёсак, з якіх 3 не аднавіліся. Аднак яшчэ ў 1944 г. Брэсцкі антыфашысцкі камітэт паведамляў, што ў гэтым краі было знішчана 53 вёскі і хутары. Падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа стала вядома, што ў Шарашоўскім раёне фашысты спалілі не менш за 79 населеных пунктаў, 25 з якіх не адрадзіліся. 62 мястэчкі былі спалены ў жніўні-кастрычніку 1941 г. падчас карных аперацый па знішчэнні лясных паселішчаў і прымусовым высяленні жыхароў з мэтай недапушчэння дапамогі чырвонаармейцам і разгортвання партызанскага руху, а таксама забойства савецка-камуністычнага актыву і яўрэяў. Хуткая ліквідацыя пушчанскіх вёсак была выклікана асаблівай увагай кіраўніцтва рэйха да старажытнага лесу. Імперскі ляснічы і вышэйшы ўпаўнаважаны па ахове прыроды маршал Г. Герынг хацеў стварыць у пушчы асобную паляўнічую гаспадарку з цэнтрам у Белавежы. Па яго загаду старадаўні лес і прылеглыя тэрыторыі тэрмінова «зачысцілі» ад мірнага насельніцтва, браканьераў, партызан і дыверсантаў.

У дакументах захаваліся звесткі аб крывавых расправах у Белавежы пасля прыходу немцаў у чэрвені–ліпені 1941 г. У карных акцыях у Шарашоўскім і Пружанскім раёнах, ваколіцах Белавежы і Гайнаўкі (Польшча) удзельнічаў 322-і паліцэйскі батальён. Разам з 307-м і 316-м батальёнамі ён з 18 чэрвеня 1941 г. уваходзіў у паліцэйскі полк «Цэнтр» на чале з обер-штурмбанфюрэрам СС і старшым лейтэнантам паліцыі Максам Мантуа. Дзейнасць 322-га батальёна апісана ў дзённіку баявых дзеянняў, які выявілі ў Празе ў 1965 г. На батальён ускладвалі розныя задачы: ахова мастоў, дарог, чыгункі, барацьба з партызанамі пад эгідай тылавога армейскага камандавання і «ўціхамірванне» насельніцтва (знішчэнне яўрэяў, камуністаў, актывістаў) пры падначаленні баявым часцям СС. Ад яго чакалі «жорсткіх, рашучых і бескампрамісных дзеянняў». У складзе 322-га батальёна былі: штаб з узводам сувязі (да 30 чал.), 3 роты (кожная 140–150 чал.), група аўтамабілістаў (65 чал.).


6 чэрвеня 1941 г. батальён налічваў 619 чалавек. Камандзірам быў маёр паліцыі Готліб Нагель з Вюртэмберга, яго ад’ютантам — обер-лейтэнант паліцыі Ёзэф Уль з Бадэна, на чале 3-й роты «Штутгарт» — обер-лейтэнант паліцыі Герхард Рыбель з Гесэна, камандзірам аднаго з узводаў — лейтэнант паліцыі Герд Хюльзэман з Вестфаліі, камандзірам 1-й роты — капітан паліцыі Рэйнгольд Ёрке, 2-й роты — капітан паліцыі Герман Ліпман, аўтападраздзялення — Фрэмсдорф. Пасля вайны яны і іх падначаленыя служылі ў розных структурах ФРГ, ніхто не панёс пакарання за дзеянні ў час вайны, хаця крымінальную справу ўзбуджалі некалькі разоў.

Буйная аперацыя па высяленні людзей і знішчэнні пушчанскіх вёсак прайшла 25– 31 ліпеня 1941 г. 23 ліпеня ў Белавежу прыбыў 322-гі паліцэйскі батальён. Пасля нарады з вышэйшым начальнікам СС і паліцыі Эрыхам фон дэм Бах-Залеўскім і старшым ляснічым Ульрыхам Шэрпінгам батальёну даручылі ў кароткі тэрмін эвакуіраваць населеныя пункты (плошча 80 на 100 км). Дакумент сведчыў: «Спальваючы вёскі, немцы пакідалі жыхароў без прытулку, прымушаючы іх бадзяцца. Большая частка жыхароў, якія засталіся без жытла і маёмасці, адпраўлены ў нямецкае рабства». Мерапрыемствы праводзілі па загаду (на польскай, нямецкай і рускай мовах), у якім указвалася: «Кожны жыхар можа забраць на падрыхтаваныя вазы сваю рухомую маёмасць. Для пагрузкі рэчаў адводзіцца 2 гадзіны. Работнікі паліцыі прызначаюць час адпраўлення. Іх распараджэнням трэба падпарадкоўвацца абавязкова. Забараняецца браць з сабой коней, вупраж, вазы, косы, вілы, матыкі, мяхі і кошыкі. Канфіскаваная жывёла, авечкі і свінні застаюцца ў вёсцы. Наведванне выселеных вёсак, палёў, лугоў і Белавежскай пушчы забараняецца і будзе карацца смерцю». Кіраўніцтва і кантроль за «эвакуацыяй» ажыццяўлялі падначаленыя Шэрпінга: маёры Вальтэр Фрэверт і Эміль Хербст.


Нацысты загадзя рыхтавалі еўрапейцаў да ўспрымання палітыкі рэйха ў пушчы, апраўдваючы высяленне і знішчэнне людзей, асабліва яўрэяў. У часопісах Шэрпінг пісаў: «Лесапільныя заводы пакінуты, лес ператвораны ў пустыню (польска-рускае знішчэнне лесу), а яўрэй з набітым кашальком цягнецца да новых злачынстваў. У вёсках насельніцтва пладзіцца як трусы. Насельніцтва, якое жыве ў гэтай вобласці, не прадстаўляла каштоўнасці. У буйных паселішчах яўрэі былі ў большасці, яўрэі самай дурной, апусціўшайся формы. У малых паселішчах жылі палякі і беларусы, якія прывыклі красці».

Пушчанцаў высялялі абозам і аўтатранспартам батальёна, на якіх хворых, дзяцей і старых дастаўлялі на новае месца жыхарства. Батальён ахоўваў абозы, конны транспарт якім пад прымусам давалі неэвакуіраваныя вёскі. Пасля высялення населеныя пункты спальвалі. Зборам пакінутага ўраджаю займаліся ваеннапалонныя з Беластока. Усю хатнюю скаціну рэквізавалі (663 кані, 22 жарабяты, 7 быкоў, 280 кароў, 454 галавы маладняку, 1514 свіней, 978 парасят, 1939 авечак і інш.). У дзённіку 322-га батальёна няма ацэнкі дзеянняў супраць мірных людзей, але наракаецца на «вельмі кепскія лясныя дарогі», таму «абозы і аўтамашыны вымушаны пераадольваць дрымучы лес, ад чаго моцна церпяць веласіпеды і аўтамабілі», адзначаецца стараннасць нямецкіх служачых, якія «аддавалі ўсе свае сілы для выканання пастаўленай задачы».

25 ліпеня каля Белавежы эвакуіравалі 3 вёскі, перавезлі 183 сям’і (921 чал.) у Загор’е і Смаляны на ўсход ад Пружан. 1-я, 2-я і 3-я роты на 24 грузавіках даставілі жанчын, дзяцей і старых да месца новага пасялення. Высяленне праходзіла штодня. 31 ліпеня «эвакуіравана 12 населеных пунктаў у раёне в. Малая Нараўка. 45 камуністаў (палякаў і рускіх) былі расстраляны за камуністычную агітацыю, у тым ліку 1 жанчына».

1 жніўня паліцэйскі батальён атрымаў заданне ад групэнфюрэра СС Бах-Залеўскага па спісах, якія перадаў старшаму ляснічаму Шэрпінгу мясцовы жыхар (імя дакладна не ўстаноўлена), знайсці і арыштаваць 73 камуністычных функцыянеры. 2 жніўня каля Белавежы расстралялі 36 чалавек, у тым ліку 5 яўрэяў і 6 жанчын. У гэты ж дзень расстралялі 15 грамадзянскіх палонных, якія займаліся камуністычнай прапагандай. Адначасова 1-я рота падавіла забастоўку на лесазаводзе ў Белавежы: 19 завадатараў, у тым ліку 4 жанчыны, расстралялі. Згодна рапарта 322-га батальёна ад 3 жніўня «агульная колькасць застрэленых 2 жніўня складае 72 чал.». Пасля інфармацыі аб забойствах у дзённіку ёсць запіс: «Невялікія ападкі, стан здароўя асабовага саставу добры».


Сведка падзей В.І. Улезла ўспамінала: «1 жніўня наш дом акружылі фашысты. Перавярнулі ўсё. Маці спрабавала запярэчыць, дык яе ледзь не расстралялі на месцы. А бацьку (Івана Фёдаравіча Казака — дэпутата (па іншых звестках — старшыню) Белавежскага сельсавета) забралі, дваюрадную сястру Лідзію Казак (па мужу Вашкевіч) таксама. Ліда была камсамолкай, спявала прыгожа. Але фашысты не паглядзелі нават на тое, што ў яе засталася трохмесячная дачушка. У той дзень у склеп белавежскага паштовага будынка былі звезены 70 жыхароў. Яны правялі тут жудасную ноч».


Аб карнай аперацыі ўзгадвала В. Мацута: «Немцы ўварваліся ў хату, усё параскідвалі. Лепшую маміну вопратку бралі сабе. Потым нас усіх вывелі ва двор і пачалі дапытвацца, ці няма зброі. На нашых вачах тату жорстка білі прыкладамі. На другі дзень людзі чулі як стралялі. Некаторыя нават бачылі, як з песнямі фашысты ездзілі па кар’еры — утрамбоўвалі зямлю».

Падчас акцыі 2 жніўня «супраць банд, беспрытульнікаў і камуністычных функцыянераў» у Сухопалі, Мураве, Пружанах, Камянюках і іншых населеных пунктах былі арыштаваны і перададзены ў зборны пункт у Белавежы 2 жанчыны і 39 мужчын, эвакуіравана 57 сем’яў (169 чал.).


Масавыя расстрэлы мірных людзей і палонных 31 ліпеня–
2 жніўня гітлераўцы праводзілі ў 369, 370, 399 і 619 кварталах Белавежскай пушчы, дакладная колькасць расстраляных невядома. Мяркуюць, што толькі ва ўр. Перароў (пахаванне ахвяр войнаў № 7836) у 619 квартале Нікарскага лясніцтва забілі каля 120 жыхароў Белавежы, Гайнаўкі, Роўбіцка, Борак, Малога Красніка, Шарашова і інш. Аб гэтым забойстве захавалася найбольш звестак. Лічыцца, што камандаваў расстрэламі ў Перарове лейтэнант Хюльзэман, які зрабіў адпаведны запіс у журнале і дадаў: «Усе салдаты дзейнічалі дакладна і зладжана. Ванітаў, няспраўнасцяў і іншых пабочных эфектаў не назіралася».


Наталія Пракаповіч
(Заканчэнне ў наступным суботнім выпуску)