
Для камунальшчыкаў лета — падвоены «гарачы перыяд». Звязана гэта з тым, што, нягледзячы на цяперашнія паказанні слупка тэрмометра, работнікі ЖКГ актыўна рыхтуюцца да чарговай зімы, калі будзе патрэбна стабільнае ацяпленне ў нашых дамах. Як расказвае намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» Андрэй Купцэвіч, аб’ём работ даволі вялікі, а тэрміны сціслыя і ўсё роўна паспець трэба зрабіць усё.
— Па-першае, было адноўлена ўсё абсталяванне, што магло стаць прычынай узнікнення аварыйных сітуацый у зімовы ацяпляльны перыяд, а дзе вельмі патрэбна, то і заменена. Па-другое, праведзена паверка ўсіх кантралюючых і размяркоўваючых прыбораў, арматуры і таму падобнага, а яшчэ выкананы выпрабаванні гідраўлічных сетак на трываласць,— расказвае Андрэй Уладзіміравіч. — Напрыканцы ліпеня нашы падведамасныя кацельні будуць ацэньваць і дапускаць да працы прадстаўнікі Дзяржпраматамнагляду і Энергагазнагляду.
Самыя капітальныя работы сёлета праводзяцца на кацельні ў в. Слабудка. Ідуць яны крыху з апярэджаннем графікаў, у чым камунальшчыкі дзякуюць працуючым на падрадзе будаўнікам ПМК-22. Больш таго, на тыдзень раней прыйшлі і асаблівыя катлы, якія стануць «сэрцам» ацяпляльнай сістэмы гэтага пасёлка.
Справа ў тым, што былыя цеплагенератары, якія функцыянавалі на дровах, даўно ўжо састарэлі. Яны не толькі ледзь спраўляліся з нагрузкай, але і маглі хутка выйсці са строю. Больш таго, іх абслугоўванне, ды і само паліва абыходзілася значна даражэй, чым патрабуе сучаснае адпаведнае абсталяванне.

У выніку аб’ект быў прапанаваны на маштабную рэканструкцыю, якую і дазволілі праводзіць пружанскім камунальшчыкам. У дадатак з амаль 4 мільёнаў рублёў агульнага кошту работ была прафінансавана значная частка — Брэсцкім абласным упраўленнем Дэпартамента па энергаэфектыўнасці выдзелена 1,7 мільёна рублёў, а 1,7 мільёна рублёў паступіла з Банка развіцця. На атрыманыя сродкі набыты два вялікія катлы «Бітэрм», якія працуюць на пелетах. Як было падлічана загадзя, такое цеплагенеруючае абсталяванне не толькі задаволіць усе патрэбы згодна з нарматывамі, але дасць даволі адчувальную эканомію. Апошняя заключаецца як у спажыванні паліўных рэсурсаў, так і ў нагрузцы на абслугоўваючы персанал дзякуючы павышанай аўтаматызацыі ўсіх рабочых працэсаў.
Сёння вядуцца актыўныя будаўнічыя работы, мэта якіх падрыхтаваць памяшканне кацельні пад новыя ўмовы эксплуатацыі і паралельна палепшыць стан самога вытворчага будынка, пасля чаго пачнецца мантаж награвальнага абсталявання. Мяркуецца, што на пачатку ацяпляльнага перыяду работы будуць завершаны.
Магчыма, жыхары Слабудкі ўвогуле не заўважаць якіх-небудзь змен, больш за тое, хаця праект і патрабуе адключыць гарачае водазабеспячэнне… на 8 месяцаў, падыход быў рацыяналізаваны і вяскоўцы пакуль не адчулі на сябе праводзімыя работы.
Потым, пасля запуску ў эксплуатацыю, будуць збі-рацца вынікі працы, назіранні і падлікі для аналізу па далейшым распаўсю-джанні першага вопыту, таму што нават на Брэстчыне аб’-ектаў такога кшталту няма.
Алег Сідарэнка
На здымках: праектныя дзеянні звяраюць намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» Андрэй Купцэвіч і вытворца работ ПМК-22 Леанід Хмара; ідуць будаўнічыя работы.
Фота Кацярыны Масік