Рэцэпт ад удзельніцы клуба «Магія кулінарыі» пры аддзяленні дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту Пружанскага ТЦСАН Наталлі Бабрук.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:
шпроты ў алеі (пажадана невялікага памеру) — 1 бляшанка,
тоставы хлеб — 5-6 лустачак,
плаўлены сырок — 1 шт.,
маянэз — 1 ст. лыжка,
часнок — 1 зубчык,
марынаваны агурок — 1 шт.,
яйкі вараныя — 2 шт.
ПРЫГАТАВАННЕ
Лустачкі тоставага хлеба тонка раскатаць качалкай, чым танчэй, тым лепш. Тосты павінны быць свежымі, інакш хлеб будзе крышыцца. Разрэзаць напалову, каб атрымаліся трохкутнікі. Хлеб згарнуць вугалкамі, каб атрымаліся канверцікі, зафіксаваць драўлянымі зубачысткамі. Падсушыць у духоўцы мінут 10 пры тэмпературы 170 -180 градусаў. Цяпер зубачысткі можна зняць, і без іх канверцікі будуць трымаць форму.
Нацерці на тарцы плаўлены сырок, яйкі, выціснуць часнок, заправіць маянэзам, перамяшаць. У кожны канверцік пакласці зверху і знізу начынне, пажадана рабіць гэта маленькай кававай лыжачкай. Усярэдзіну паставіць хвосцікамі ўгару шпроты. Дадаць па невялікім кавалачку марынаванага агурка.
Смачна есці!
