У рамках выканання п. 11 падпраграмы «Сям‘я і дзяцінства» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2021-2025 гады з 1 жніўня ў Пружанскім раёне пачнецца выплата шматдзетным сем‘ям аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да пачатку новага навучальнага года.
Па тлумачэнні парадку выплаты мы звярнуліся да начальніка аддзела працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пружанскага райвыканкама Дар‘і Чарняк.
— Дар‘я Аляксандраўна, якая катэгорыя бацькоў мае права на да-дзены від дапамогі ад дзяржавы?
— На яе маюць права сем’і, якія выхоўваюць трох і больш родных або ўсыноўленых, удачароных дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (па стане на 31 жніўня). У склад сям‘і не ўлічваюцца прыёмныя дзеці і дзеці, якія знаходзяцца пад апекай. Дарэчы, у мінулым навучальным годзе падобную дапамогу ў нашым раёне атрымалі 702 сям‘і (1522 дзіцяці).
Дапамога выплачваецца са сродкаў раённага бюджэту на кожнага вучня, які навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі — на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Не ажыццяўляецца выплата дадзенай дапамогі на дзяцей, якія вучацца ў прафесійна-тэхнічных, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах і іншых установах па падрыхтоўцы кадраў, а таксама якія знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні.

— Калі шматдзетныя бацькі зарэгістраваны не на Пружаншчыне, але пражываюць у нашым раёне, ці маюць яны права на дапамогу?
— Матэрыяльная дапамога выплачваецца сем’ям, зарэгістраваным па месцы жыхарства (знаходжання) на тэрыторыі Пружанскага раёна. Тым, хто пражывае ў нашым раёне, але мае рэгістрацыю ў іншым рэгіёне, трэба звярнуцца непасрэдна па месцы рэгістрацыі.
— Якім чынам ажыццяўляецца выплата?
— Выплата матэрыяльнай дапамогі ажыццяўляецца з 1 па 31 жніўня на бягучы разліковы рахунак або карт-рахунак (базавы рахунак), адкрыты адным з бацькоў у аддзяленні ААТ «ААБ Беларусбанк».
Памер дапамогі на кожнага школьніка складае 30% бюджэту пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва, які дзейнічае на 1 жніўня 2024 года.
— Дар‘я Аляксандраўна, куды трэба звяртацца?
— Бацькі названай вышэй катэгорыі, якія не падалі дакументы для атрымання дапамогі ва ўстанову адукацыі па месцы навучання сваіх школьнікаў, могуць звярнуцца ў кабінет № 212 упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (г. Пружаны, вул. Чырвонаармейская, 78, 2-гі паверх).
— Якія дакументы неабходна падаць?
— Заяву на матэрыяльную дапамогу; копію пасведчання шматдзетнай сям’і; даведку аб складзе сям‘і; дакумент, які пацвярджае навучанне ва ўстанове агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі — на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі на кожнага вучня. Заяўнікам, у якіх дзеці ідуць у 1 і 10 класы, неабходна падаць даведку пра залічэнне дзіцяці ва ўстанову адукацыі. Таксама выпіску з разліковага рахунка (карт-рахунка) з указаннем яго нумара і аддзялення ААТ «ААБ Беларусбанк».
Калі ў вас ёсць пытанні, можна тэлефанаваць нам па нумарах: 4-15-63, 4-16-04.
Гутарыла Ірына Сядова