Вторник, 18 июня 2024

Раённы семінар па ахове працы правялі на базе ААТ «Ружаны-Агра»

440

Праўду кажуць, што здароўе за грошы не купіш. Ці яно ёсць, ці яго няма. А яшчэ вельмі важна берагчы яго, старацца ўмацоўваць, а для гэтага весці здаровы лад жыцця. І размова тут, у тым ліку, пра выкананне правілаў аховы працы на вытворчасці і пажарнай бяспекі. Толькі сур’ёзнае стаўленне да сваіх абавязкаў як наймальніка, так і работніка — асноўны крытэрый бяспечнай працы. Нагадваць пра гэта трэба пастаянна, бо нехта ж усё роўна забудзе, што рукі абы-куды сунуць нельга.

Для гэтага і сабраліся напярэдадні 28 красавіка — Сусветнага дня аховы працы — у ААТ «Ружаны-Агра». Семінар быў арганізаваны старшынёй Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольгай Зубковай і галоўным спецыялістам сектара механізацыі, аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віктарам Ткачуком. На мерапрыемства былі запрошаны спецыялісты па ахове працы і старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый гаспадарак раёна.

Папярэднічала семінару карпатлівая праца на працягу красавіка, якая прадугледжвала наведванне Вольгай Васільеўнай і Віктарам Уладзіміравічам сельгаставарыстваў, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, выяўленне парушэнняў у рабоце і, канечне, дапамогу ў іх выпраўленні. А яшчэ штогод Міжнародная арганізацыя працы выдзяляе цэнтральную тэму для ўсеагульнага абмеркавання. Сёлета гэта ўплыў змяненняў клімату на бяспеку і гігіену працы.

Як сапраўдны гаспадар сустракаў гасцей дырэктар ААТ «Ружаны-Агра» Андрэй Босак. Андрэй Іванавіч пасля вітальнага слова коратка расказаў прысутным пра асноўныя накірункі дзейнасці сельгаставарыства, падкрэсліўшы, што прыярытэтнымі з’яўляюцца вытворчасць малака, мяса буйной рагатай жывёлы і свіней, вырошчванне збожжавых культур, рапсу і бульбы. Мяркуецца, што напрыканцы чэрвеня будзе адкрыты каўбасны цэх, які дазволіць жыхарам і гасцям раёна пакаштаваць розныя віды духмяных мясных вырабаў.

Як вядома, работа з тэхнікай заўсёды ўяўляла небяспеку. І выкананне правілаў аховы працы тут на першым месцы. Ці ўсё ў парадку ў гэтым плане ў ААТ «Ружаны-Агра»? Наведаліся ў рамонтныя майстэрні, якіх у гаспадарцы чатыры.

Распачалі экскурсію з аддзялення «Ружанскае», размешчанага ў гарадскім пасёлку па вул. Урбановіча. Усё падрабязна расказаў і паказаў галоўны інжынер сельгаставарыства Святаслаў Роўгач, які аддаў сельскай гаспадарцы больш за 40 гадоў. За гэты час выпрацаваў для сябе жыццёвае крэда: тэхніку можна адрамантаваць, а вось жыццё чалавечае каштуе намнога больш…

Усе ангары, дзе пабывалі ўдзельнікі мерапрыемства, здзіўляюць сваёй чысцінёй, хоць прызначаны для рамонту сельгастэхнікі. За самім працэсам кантроль вядзе загадчык машыннага двара. Усё абсталяванне, прызначанае ў падмогу падчас рамонту, прайшло агляд з выдачай адпаведнага сертыфіката на допуск да работы — кран-бэлька, шынамантаж і г.д. І што важна: кожны працаўнік задзейнічаны на сваім участку, не выконвае пяць заданняў. Трэба, напрыклад, паставіць тэхніку на працяглае захоўванне, для гэтага ёсць слесары.

Дарэчы, што прыемна здзівіла: колы ўсіх агрэгатаў, нават камбайнаў, пафарбаваны і не датыкаюцца да зямлі. Гаспадарскі падыход і эканомія грошай.

Не забылі і пра адпачынак работнікаў, таму на тэрыторыі стаіць прыгожая альтанка, а перакусіць можна ва ўтульным пакоі прыёму ежы.

Затым наведалі аддзяленне «Варанілавічы», якое не так даўно было рэканструявана, там жа правялі аптымізацыю: на вытворчым участку не так многа тэхнікі, таму пакінулі толькі памяшканні, якія неабходны для рамонту.

Усе работы абышліся ў 280 тыс. рублёў. Не такія і вялікія грошы для сельгаставарыства, затое людзі працуюць у камфорце, з захаваннем тэхнікі бяспекі.

І яшчэ адзін разумны падыход — незапатрабаваныя плошчы засадзілі яблынямі са свайго пладовага саду. Як жа прыгожа яны цвілі падчас наведвання рамонтнай майстэрні! Вельмі арыгінальна прыдумана — вырашыў адпачыць, то з’еш яблычак, падсілкуйся вітамінамі.

Падобнае пераўвасабленне ажыццяўляецца і ў аддзяленні «Калазубы». А людзі ж як? Калі бачаць, што да іх па-чалавечы, то і працаваць будуць з запалам і на сумленне.

Апошні прыпыначны пункт — рамонтныя майстэрні па вул. Кірава ў г.п. Ружаны. У доме механізатара нават душ ёсць, у кабінеце па ахове працы перыядычна праводзяцца заняткі адпаведнага плана.

Цяпер час падвесці вынікі. Ці можна зрабіць гэтак жа ў кожнай гаспадарцы раёна? Адназначна адказваем, што магчыма. Няхай не такім узроўні, але пастарацца, каб умовы працы былі камфортнымі, пад сілу кожнаму кіраўніку, было б жаданне. Тую ж альтанку пастаў, ствары ўтульны пакой прыёму ежы, забяспеч інструментам. І вынік не прымусіць сябе чакаць.

А што наконт уплыву менавіта змяненняў клімату на бяспеку і гігіену працы? Не варта адмаўляць ва ўвазе гэтым працэсам. Па словах старшыні Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольгі Зубковай, сярэдняя тэмпература паветра ў нашай кліматычнай зоне з кожным годам падымаецца. У мінулым годзе летам спёка даходзіла да +30 градусаў і вышэй. І наймальнікам патрэбна ўлічваць гэты аспект для папярэджання няшчасных выпадкаў і пагаршэння стану здароўя работнікаў. Працу ў полі пры такім сонейку ніяк бяспечнай не назавеш. Таму варта карэктаваць працоўны дзень, павялічваць перапынкі.

Вядучы спецыяліст па ахове працы ААТ «Ружаны-Агра» Іна Ганчарэвіч пазнаёміла гасцей з мерапрыемствамі, якія праводзяцца ў сельгаставарыстве з мэтай папярэджання траўматызму на вытворчасці. А інфармацыю пра вытворчы траўматызм непасрэдна ў раёне і вобласці ў 2023 годзе і першым квартале 2024-га давёў да прысутных Віктар Ткачук. Ён жа нагадаў аб патрабаваннях аховы працы пры рабоце з угнаеннямі і сродкамі абароны раслін пры вядзенні вясенніх палявых работ.

Помнім: жыццё, а з ім і здароўе — неацэнны дар, які даецца толькі адзін раз. Таму клапоцімся пра сябе і не забываем пра блізкіх.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік

Больш фота: https://vk.com/album-23306785_302511491 і https://ok.ru/budni/album/978254942600