
У панядзелак вечарам горад ачнуўся пасля ўдару стыхіі, якая доўжылася ўсяго пяць мінут, але пакінула сляды, як быццам бушавала гадзінамі. Пасля нясцерпна спякотных выхадных, калі паветра плавілася над асфальтам, усе чакалі дажджу. Прыкладна каля 18.30 неба пацямнела за лічаныя секунды. Разгулялася бура нябачнай сілы, і яе галоўнай зброяй стаў раз‘юшаны шквалісты вецер.

Гарадскі парк — месца адпачынку і цяністых алей, пацярпеў адным з першых. Магутныя ліпы, клёны і ясені, што дзеся-цігоддзямі ўпрыгожвалі тэрыторыю каля палацыка, былі літаральна вывернуты з коранем магутнымі парывамі ветру. У гэты момант здавалася, што неба змяшалася з зямлёй. І толькі 5 мінут бушавала стыхія. Менавіта столькі часу спатрэ-білася, каб паламаць і выкруціць дзясяткі дрэў, многім з якіх каля 100 гадоў. Бязлітасная паласа ўрагану прайшлася і ўздоўж цэнтральнай алеі — ад галоўнага ўваходу да стадыёна «Мухавец», пашкодзіла лініі асвятлення. Ліхтары і святочныя гірлянды былі ўперамешку з галінамі і лістотай.
Сквер памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на вуліцы Тармасава таксама стаў сведкам сімвалічнага, але трывожнага эпізоду. Велізарнае дрэва, не вытрымаўшы націску ветру, павалілася на памятны БМП-1 — грозны знак мінулага, прыціснуты раптоўнай сілай сучаснасці.
Нерадаснае відовішча адкрылася і на вуліцы Рыгора Шырмы, недалёка ад школы мастацтваў. Тут ураган прайшоўся разбуральнай паласой, быццам гіганцкая каса. Тоўстыя галіны валіліся адна за адной, дрэвы выкручвала з хрустам. Карціна нагадвала наступствы тарнада — вузкі калідор татальнага разбурэння. І ўсё гэта ў самым цэнтры горада, дзе ў гэты час найбольшая колькасць людзей і транспарту. На шчасце, абышлося без ахвяр.
Самае цікавае, што стыхія раптоўна раз’юшылася і гэтак жа раптоўна супакоілася. Яшчэ не паспелі сціхнуць грымоты, як хмара рассеялася і яркае вячэрняе сонца зноў асвятліла горад, быццам бы нічога не было. Толькі маўклівыя сведкі — паваленыя гіганты і заваленыя галінамі дарогі і тратуары красамоўна казалі пра адваротнае.
Камунальныя службы зрэагавалі імгненна. Ужо праз лічаныя мінуты пасля заканчэння ўрагану аварыйныя брыгады выехалі на месцы здарэнняў і пачалі расчыстку тэрыторый, аднаўленне пашкоджаных ліній асвятлення. Усе намаганні былі кінуты, каб максімальна хутка прывесці вуліцы і скверы ў парадак і гарантаваць бяспеку гараджан.
Гэты раптоўны напад прыроды — суровы напамін пра тое, што летнія буры могуць быць вельмі небяспечныя.
Яшчэ раз нагадваем простыя правілы бяспекі:
- Сачыце за прагнозамі ў мабільных дадатках, якія заўсёды пад рукой. Звяртайце ўвагу на штармавыя папярэ-джанні МНС.
- Калі навальніца з моцным ветрам заспела вас на вуліцы, неадкладна шукайце надзейнае сховішча ў капітальным будынку, а калі ў полі — проста кладзіцеся на зямлю тварам уніз.
- Пазбягайце адзінока стаячых дрэў, рэкламных шчытоў, хісткіх канструкцый, ліній электраперадач, лёгкіх пабудоў (палатак, прыпынкаў без умацавання), аўтамабіляў, прыпаркаваных пад вялікімі дрэвамі.
- Калі вы апынуліся ў памяшканні — зачыніце вокны і фортачкі, адыдзіце ад іх на бяспечную адлегласць. Адключыце электрапрыборы з сеткі.
- Адлажыце па магчымасці паездкі. Калі бура заспела вас у дарозе — спыніцеся (не пад дрэвамі або мастамі) і перачакайце прама каля дарогі.
Пяць мінут «купальскага хаосу» сталі сапраўдным выпрабаваннем для гараджан. Прырода зноў паказала сваю сілу і моц перад чалавекам, і, нягле-дзячы на свята, стала абсалютна раўнадушным гаспадаром становішча. Утаймаваць стыхію ўвогуле немагчыма, але вось выратаваць сябе, дзякуючы правільным дзеянням і ўчынкам, рэальна. Галоўнае — атрымаць урокі і памятаць: бяспека ў такія хвіліны вышэй за ўсё!
Ірына Велясевіч
НА ЗДЫМКАХ: так выглядаў гарадскі парк пасля стыхіі.
Фота аўтара