
Нарадзілася Наталія ў гарадскім пасёлку Ружаны ў простай сям’і працаўнікоў: мама — заатэхнік, бацька — вадзіцель. Ніякіх асаблівых прывілеяў у яе не было, затое былі галоўныя каштоўнасці, прывітыя з дзяцінства: павага да працы, сумленнасць і адказнасць.
Пасля школы яна паступіла ў Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум, а потым, наперакор магчымасцям з’ехаць у вялікі горад, вярнулася ў родныя мясціны. Першай ступенькай яе кар’еры стала пасада бухгалтара ў Ружанскай раённай бальніцы. Амаль дзесяць гадоў карпатлівай працы з лічбамі, справаздачамі, дакументамі — школа, якая загартавала характар і навучыла шанаваць кожную дробязь.
У 2007 годзе ўжо вопытны спецыяліст вырашыла змяніць сферу дзейнасці і ўладкавалася на працу ў санаторый «Ружанскі». Пачынала на новым месцы з самай, здавалася б, простай пасады — касіра-кантралёра ў кафэ. Але нават тут кіраўніцтва хутка заўважыла яе прафесіяналізм і ўменне працаваць з людзьмі. Неўзабаве яна зноў стала бухгалтарам і яшчэ на дзесяць гадоў пагрузілася ў свет разлікаў і аналізу. Аднак на гэтым яна не спынілася. Разумеючы, што для росту патрэбны новыя веды, Наталія завочна атрымала юрыдычную адукацыю. Гэтае рашэнне адкрыла перад ёй новыя гарызонты. І сёння яна — начальнік упраўлення маркетынгу, якасці і арганізацыйнай работы.
У 2024 годзе Наталія Нашылава была абрана дэпутатам Ружанскага сельвыканкама, а затым дэлегатам VII Усебеларускага народнага сходу.
— Гэта была адна з самых хвалюючых падзей у маім жыцці, — прызнаецца дэлегат. — Усведамленне таго, што ты прадстаўляеш не толькі сябе, але і свой раён, сваіх землякоў — гэта вялікая адказнасць. А сустрэча з Прэзідэнтам… проста складана перадаць словамі. Адчувалася, што кожны з нас — частка нечага вялікага і важнага, і што нашы галасы, ідэі сапраўды могуць мець вагу і нешта змяніць.
Сёння адзін з галоўных вектараў дзейнасці Наталіі Нашылавай — папулярызацыя санаторыя і клопат аб моладзі. І гэта не проста рэклама, а расказ пра тое, што ў нас ёсць унікальныя магчымасці для адпачынку і лячэння, пра мясцовыя традыцыі, пра людзей, якія тут працуюць. А яшчэ — гэта магчымасць паказаць, што ў невялікім
куточку Беларусі ёсць
нешта па-сапраўднаму ўнікальнае і каштоўнае. Таксама яна актыўна дапамагае студэнтам у праходжанні практыкі, а потым і ў працаўладкаванні на іх базе. Наталія пераканана, важна не проста даць ім работу, а стварыць умовы, каб яны хацелі тут застацца з разлікам на перспектыву. Акрамя таго, яна займаецца пытаннямі забеспячэння жыллём супрацоўнікаў санаторыя, уладкавання іх дзяцей у дзіцячы сад і многімі іншымі.
Наталія Аляксееўна не баіцца пачынаць з малога, упарта працуе і шчыра верыць у сілу роднай зямлі.
— Кожны з нас можа зрабіць сваю малую ра-дзіму лепшай, — падкрэслівае яна. — Не абавязкова чакаць нейкіх грандыёзных магчымасцяў. Досыць проста знайсці сваё месца, любіць сваю справу, свой край і рабіць усё, што ў тваіх сілах. Тады і краіна стане лепшай і прыгажэйшай…
Ірына Велясевіч