Воскресенье, 5 октября 2025

Приехать и остаться. Или как удержать молодых специалистов?

490

У наш час гэта пытанне даволі складанае, нехта кажа нават невырашальнае. Недахоп кадраў на месцах — праблема невялікіх раёнаў. Чаму ж так? Паспрабуем разабрацца.

З чаго ўсё пачалося
На пасяджэнні райвыканкама, якое праходзіла на мінулым тыдні, разглядаліся некалькі пытанняў: «Аб мерах, якія прымаюцца ўстановай аховы здароўя «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» па матэрыяльна-тэхнічным, кадравым забеспячэнні і павышэнні якасці дыспансэрнага назірання насельніцтва раёна», «Аб рабоце, якая праводзіцца сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна па выкананні рашэння райвыканкама ад 27 мая 2024 года №1131 «Аб кадравым забеспячэнні сельскагаспадарчых арганізацый Пружанскага раёна».

Як бачыце, тэмы амаль пераклікаюцца паміж сабой. Прычыну вынясення іх на пасяджэнне райвыканкама растлумачыць даволі проста. І там, і там адчуваецца нястача ў кадрах. Чаму моладзь не затрымліваецца на сваім першым працоўным месцы, як яго яшчэ называюць — адпрацоўкай? Чаму не даязджаюць да нас маладыя спецыяліс-ты? У гэтым спрабавалі разабрацца ўдзельнікі пасяджэння.
У сваім матэрыяле я раблю акцэнт на забеспячэнні медыцынскімі кадрамі. Крыху пазней акцэнтуем увагу і на аграрным сектары.

Што з поспехам функцыянавання?
Як высветлілася з даклада галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя «Пружанская ЦРБ» Юрыя Юзько, пытанні забеспячэння кадрамі з’яўляюцца важнейшымі для паспяховага функцыянавання любой галіны народнай гаспадаркі. І не паспрачаешся. Асаблівую актуальнасць яны маюць у сістэме аховы здароўя, дзе нават самы высокі ўзровень тэхнічнай аснашчанасці не зніжае запатрабаванасці ў асабістым кантакце ўрача з пацыентам, а значыць, і ў патрэбе ўрачэбных кадраў.

Даведачна. У Пружанскай ЦРБ па стане на 1 жніўня 2025 года працуе 1015 чалавек. З іх урачамі — 131 (13 у дэкрэтным адпачынку), сярэднімі медработнікамі — 438 (54 у дэкрэтным адпачынку), малодшы і іншы персанал складае 446 чалавек. Працягваюць працаваць 22 урачы і 54 работнікаў сярэдняга медперсаналу пенсійнага ўзросту. Забяспечанасць урачэбнымі кадрамі складае 82,8% на 10 тысяч насельніцтва. Астатніх медработнікаў крыху больш.

Як расказаў Юрый Віктаравіч, штогод фарміруюцца планы і заяўкі аб’ектыўнай запатрабаванасці ў кадрах медпрофілю і прадастаўляюцца ў Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама. Адсочым храналогію такіх заявак: 2021 год — 32 урача і 25 сярэдняга медперсаналу, прыбыло 6 і адпаведна 5 спецыялістаў, 2022 год — 32 і 25, прыбыло 2 і 19 адпаведна, 2023 год — 30 і 21, прыбыло — 5 і 23 адпаведна, 2024 год — 12 і 29, прыбыло — 4 і 16 адпаведна, 2025 год — 10 і 25, прыбыло 7 і 18 адпаведна.

Прааналізаваўшы гэтыя лічбы, можна з дакладнасцю сказаць, што ў цэлым па рэспубліцы запатрабаванасць ва ўрачах і сярэднім медперсанале выконваецца толькі на 22% і 62% адпаведна. Па Брэсцкай вобласці гэта выкананне на палову больш. На сёння ў Пружанскім раёне ёсць 16 вакантных урачэбных пасад, з іх найбольш запатрабаваны ўрачы стаматалагічнага, псіхатэрапеўтычнага і хірургічнага профілю. Застаюцца вакантнымі і пасады медыцынскіх сясцёр, акушэраў.


Як можна якасна лячыць людзей, аказваць ім медыцынскія паслугі, калі адчуваецца востры недахоп медыцынскіх кадраў? Ды і тыя, хто даязджае да нас, заставацца пасля адпрацоўкі не збіраюцца. Усе мараць стаць прафесарамі, працаваць у тым жа Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры медыцынскіх тэхналогій. Імкненні добрыя, але ці змогуць!?

Нехта можа спытаць, а што робіцца на мясцовым узроўні, каб спецыялісты затрымаліся, каб расціць сваіх будучых медработнікаў? Адкажу, што нямала ажыццяўляецца мер для забяспячэння ўстаноў аховы здароўя якасным кадравым патэнцыялам. Тут і прафарыентацыйная работа, арганізацыя экскурсій у аддзяленні райбальніцы, правядзенне Дзён адчыненых дзвярэй, практычныя заняткі сярод навучэнцаў па аказанні першай медыцынскай дапамогі і многае іншае. Мала таго, што медработнікі забяспечваюцца жыллём, яны могуць працаваць на сучасным медыцынскім абсталяванні, атрымліваць дастойную зарплату. Нехта скажа, што, маўляў, а вольны час, чым заняць? Ёсць такі выраз — «замыленае вока», калі не заўважаеш таго, што побач, тых выгод, заняткаў, якія, не будзем крывіць душой, на Пружаншчыне ёсць: заняткі спортам, магчымасці для культурнага адпачынку, ды проста вандровак па горадзе і раёне. Тут столькі хараства, што дух займае. Ведаеце, неаднойчы рабіў такі пасыл жыхарам мегаполісаў, што ў іх столькі магчымасцяў наведваць музеі, канцэртныя, тэатральныя пляцоўкі. У адказ чуў, што гэта не заўважаецца, а становіцца штодзённасцю. І не вельмі яны імкнуцца наведваць усе гэты пляцоўкі.

Калі ёсць агеньчык у вачах
Мне даводзілася не адзін раз бываць на мерапрыемствах з удзелам моладзі, спецыялістаў розных галін эканомікі. Падабаюцца зносіны з моладдзю. Калі падчас размовы адчуваеш нейкую абыякавасць да прафесійнай дзейнасці, адсутнасць энтузіязму, калі не заўважаеш агеньчыка ў вачах, то разумееш, што гэты чалавек у сваёй прафесіі выпадковы. Успамінаю сваю вучобу. З нашай групы будучых журналістаў па прафесіі працуе менш за палову. Астатнія проста атрымалі дыплом аб вышэйшай адукацыі. На іх жа месцы маглі б вучыцца тыя, хто сапраўды марыў стаць прафесіяналам сваёй справы, а ім не хапіла балаў да паступлення, можа, нейкага шанцавання.


Тыя ж, хто атрымаў дыплом і прыехаў на першае месца працы без ахвоты, так і будзе працаваць, адбываючы нейкае пакаранне, неабходнасць адпрацоўкі, каб не выплачваць кампенсацыю за выдаткаваныя дзяржавай сродкі на тое, каб чалавек навучыўся, прыносіў карысць грамадству, развіваўся сам як асоба.


Мне здаецца, на тое, што такія раёны, як Пружанскі, маюць дэфіцыт медыцынскіх кадраў, аказвае ўплыў даволі дзіўны метад размеркавання. Я так і не змог зразумець яго логіку. Маладыя жыхары Пружанскага раёна, якія скончылі навучальныя ўстановы медыцынскага профілю могуць… не трапіць да нас. Тут яны праходзілі прафарыентацыю, атрымлівалі накіраванні на вучобу, але пасля выпуску іх размяркоўваюць у іншыя ўстановы аховы здароўя. Чаму так? Пытанне застаецца адкрытым.

Віктар Ільюшчанка

Фото из открытых источников