
7 верасня 2005 года ўсю Пружаншчыну ўскалыхнула балючая навіна: пайшоў з жыцця намеснік старшыні райвыканкама Іван Сяргеевіч Казарэз. Значную частку працоўнага этапу свайго жыцця ён аддаў нашаму раёну, роднаму для яго. Таму яго ведалі практычна ва ўсіх куточках Пружанскага краю.

Нарадзіўся І.С. Казарэз у першы дзень 1953 года ў в. Клятное. У якасці прафесійнага накірунку ён выбраў сабе педагагічную галіну, і пасля заканчэння ў 1975 годзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў працаваць настаўнікам. На працягу трох гадоў Іван Сяргеевіч вучыў дзяцей у Пінскім раёне, але лёс распарадзіўся вярнуцца на малую радзіму, дзе таксама яго таленты спатрэбіліся ў сферы адукацыі. Больш за 10 гадоў займаў розныя пасады ў раённым аддзеле народнай адукацыі, а ў 1990 годзе — узначаліў яго.

Неўзабаве энергія, ініцыятыўнасць, добрасумленнасць і працавітасць Івана Сяргеевіча была ацэнена на больш высокім узроўні. І яму прапанавалі стаць намеснікам старшыні райвыканкама, які курыруе сацыяльную сферу жыцця рэгіёна. Паўтара дзесяцігоддзя І.С. Казарэз вырашаў шматлікія пытанні ў галіне медыцыны, адукацыі, сацыяльнага забеспячэння, спорту, культуры і многіх іншых накірунках. Асабліва арганізатарскія таленты яго раскрыліся падчас падрыхтоўкі Пружан да рэспубліканскіх «Дажынак-2003».
За тымі значнымі пераўтварэннямі зараз цяжка разгледзець перамены ў жыцці асобных людзей. А такіх прыкладаў у практыцы Івана Сяргеевіча было нямала. Дзякуючы яму карэнным чынам змяніліся лёсы тысяч людзей. І ў сотнях сем’яў Пружаншчыны, калі гаворка заходзіць пра гісторыю роду, успамінаюць дапамогу Казарэза.
Несправядліва, што пакінуў ён гэты свет на 53-м годзе жыцця. Колькі яшчэ добрага мог бы зрабіць такі чалавек. Але нам у спадчыну застаўся яго яскравы прыклад, што не дазваляе інакш ставіцца да той зямлі, на якой працягваецца жыццё.
Аляксандр Юркевіч, старшыня раённага выканаўчага камітэта 1998-2012 гг.
На сваім жыццёвым шляху мне давялося знаёміцца і працаваць са многімі людзьмі. І ў гэтай кагорце асобнае месца займае Іван Сяргеевіч Казарэз. Наша першае знаёмства ў 1985 годзе было ўскосным, таму што ў кіраўніка сельгаспрадпрыемства і работніка раённай сферы адукацыі нямнога кропак сутыкнення. Больш шчыльна мы пачалі ўзаемадзейнічаць на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі я стаў працаваць у раённым упраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні.
Мне імпанавалі многія рысы характару Івана Сяргеевіча, сярод якіх самымі яркімі былі душэўная дабрыня і выключная прыстойнасць. А яшчэ ён заўсёды трымаў дадзенае ім слова. Нельга сказаць, што І.С. Казарэз часта што-небудзь абяцаў, але ж калі зрабіў гэта, то абавязкова выконваў.
Так склалася, што мы ўсё жыццё вучымся: спачатку ад бацькоў, настаўнікаў, а потым і ад свайго акружэння. Вось і ад Івана Сяргеевіча я навучыўся вельмі важнаму правілу: заўсёды спакойна і паважліва весці гутарку. Без жорсткіх слоў, без павышанага тону, аргументавана, але разам з тым строга і без «панібрацтва» — вось стыль Казарэза, які многаму навучыў мяне.
А інакш было і немагчыма, таму што разам мы вырашалі нямала праблемных пытанняў у жыцці Пружанскага раёна. Калі ў 1998 годзе я ўзначаліў раённую вертыкаль улады, то змог абапірацца на даволі прафесійную каманду памочнікаў, сярод якіх быў і Іван Сяргеевіч. На пасадзе намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях яму даводзілася займацца даволі маштабнымі і ў немалой ступені складанымі сферамі. І ўсюды ён дамагаўся пастаўленых мэт. У прыватнасці, дзякуючы менавіта яго ініцыятыве ў Пружанах з’явіўся вядомы па ўсёй рэспубліцы музей-сядзіба «Пружанскі палацык»: ён быў аўтарам ідэі рэстаўрацыі гістарычнага аб’екта. Тое ж самае тычыцца і палацавага комплексу роду Сапегаў, для аднаўлення якога менавіта Казарэз шукаў крыніцы фінансавання. Нават звяртаўся да Іцхака Шаміра. У многім пры яго падтрымцы наладжвалася шчыльнае памежнае супрацоўніцтва з польскімі рэгіёнамі. Увогуле, стос турбот і клопату Івана Казарэза быў літаральна неабсяжны. Аднак галоўнае ў гэтым тое, што ён актыўна працаваў з усімі вектарамі, паступова разбіраючы іх на складаемыя і дакладна пралічваючы кожны крок.
Калі ўспомніць усё, што мы разам з Іванам Сяргеевічам перажылі, то стане відавочным тое, чаму гэтага чалавека немагчыма забыць. І яго раптоўная смерць стала і для мяне сапраўдным шокам. Сапраўды кажуць у народзе, што Богу таксама патрэбны добрасумленныя памочнікі, і першымі ён адбірае на нябёсы самых лепшых. На зямлі застаецца толькі памяць аб учынках, аб здзяйсненнях і ўзоры паважанага жыцця.
Мікалай Кудравец, старшыня раённага Савета дэпутатаў
Няўмольна хутка бяжыць час. Праляцелі 20 гадоў з таго вераснёўскага дня. На сёмы дзень восені не стала руплівага чалавека, выдатнага сына сваіх бацькоў і пружанскай зямлі, вядомага кіраўніка, бацькі, мужа Івана Сяргеевіча Казарэза.
У гэта цяжка было паверыць, бо здавалася, што яго нястомны характар, агеньчык дабра і высокай працаздольнасці будзе гарэць вечна.
Мне пашчасціла ў жыцці працаваць пад кіраўніцтвам Івана Сяргеевіча. У 1987 годзе збылася мара студэнцкіх гадоў — настаўнічаць на роднай зямлі. У той час аддзел адукацыі ўзначальваў Іван Сяргеевіч. З яго лёгкай рукі пачалася мая працоўная дзейнасць у Магілявецкай сярэдняй школе. У 1990 годзе Іван Сяргеевіч быў назначаны на пасаду намесніка старшыні Пружанскага раённага выканаўчага камітэта.
Пэўнае ўражанне аб дзейнасці Івана Сяргеевіча пачало складвацца з 1994 года, пасля назначэння мяне дырэктарам школы. Паступова сваю жыццёвую скарбонку я пачаў папаўняць урокамі гэтага мудрага чалавека, урокамі чалавечнасці, адказнасці, вернасці справе.
Іван Сяргеевіч прымаў удзел у нарадах кіраўнікоў адукацыі, бываў у школе. Асаблівым днём быў дзень прыёмкі школы да новага навучальнага года. Гэта своеасаблівы штогадовы адказны экзамен. Ведалі, што камісію ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама. Хутка прайшоўшы кабінеты, спартыўную залу, сталоўку, стадыён, тэрыторыю, адзначыў: «Тут усё добра. Так трымаць». І гэта была самая высокая адзнака прадстаўніка ўлады, паважанага чалавека ўсяму калектыву школы.
Івану Сяргеевічу верылі калегі, верылі кіраўнікі, верылі жыхары раёна. Ён заўсёды выконваў абяцанае. Пазней, ужо працуючы начальнікам адзела адукацыі, я ўпэўніўся ў тым, што ў любой жыццёвай сітуацыі ён не кіне, дапаможа і паступіць чалавечна. Яго словы: «Вашы праблемы — гэта і мае праблемы. Вашы памылкі — гэта і мае памылкі». Адкрыта, па-бацькоўску ўказваў на недахопы. Не любіў выносіць праблемы сацыяльнай сферы на ўсеагульнае абмеркаванне, вырашаў іх у кабінеце, на месцы. Мы, начальнікі аддзелаў, гэта разумелі, яшчэ больш яго паважалі і прыкладвалі ўсе сілы, каб сацыяльная сфера раёна працавала зладжана і вынікова.
Успамінаю вясну 2002 года. Праходзіць комплексная праверка Магілявецкай школы, адчыняюцца дзверы кабінета, заходзіць Іван Сяргеевіч. У час размовы паступае нечаканая для мяне прапанова ўзначаліць аддзел адукацыі раёна. Калектыў школы працаваў зладжана, прафесійна, педагогі граматныя і адказныя. Мяняць месца працы не хацеў. Іван Сяргеевіч расказаў аб праблемах сістэмы адукацыі раёна. Праўдзіва сказаў, што праца начальніка складаная. Але ж, маўляў, Магілявецкая школа лепшая ў раёне, вопыт кіраўніка ёсць, справішся.
3 першых дзён чэрвеня 2002 года пачалася новая старонка маёй біяграфіі. Наколькі яна была прадуктыўнай і паспяховай, змогуць адказаць толькі тыя людзі, з кім працаваў у той час. Калі і дасягнула сістэма адукацыі раёна пэўных поспехаў, то ў гэтым вялікая заслуга Івана Сяргеевіча, сапраўднага сейбіта мудрасці, адказнасці і талерантнасці.
Настаўнікам добра вядомы словы «сэрца аддаю дзецям». Іван Сяргеевіч Казарэз сваё сэрца аддаў бацькоўскай зямлі, аддаў людзям, любімай справе. Зямная зорка знікла, але яна свеціць там далёка і выклікае толькі добрыя ўспаміны і памяць. Памяць, якая будзе жыць вечна, пакуль будуць жыць тыя людзі, з кім ён працаваў на роднай зямлі, зямлі бацькоў і прадзедаў.