
Не толькі падчас уборачнай кампаніі, але і на рэгулярнай аснове падраздзяленнямі Дэпартамента аховы ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па спыненні крадзяжоў таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, выяўленні фактаў безгаспадарлівасці ў сельгасарганізацыях. Безумоўна, падчас жніва праваахоўнікі ўвогуле пераходзяць у рэжым узмоцненага дзяжурства. Начальнік аддзела аховы Дзмітрый Сінкевіч расказаў, як прайшла сёлетняя кампанія.
— На ўвесь сезон былі арганізаваны рэйдавыя мерапрыемствы па спыненні крадзяжоў таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, якія складаюцца з надглядальных мерапрыемстваў за ўсімі аб’ектамі, транспартам і працаўнікамі. Акрамя гэтага, ажыццяўляўся кантроль выканання кіраўніцтвам аб’ектаў патрабаванняў заканадаўства аб ахоўнай дзейнасці, а таксама якасці нясення службы персаналам ведамаснай аховы.
— Што нясуць «несуны»?
— Грамадзяне спрабуюць выкрасці з сельгазарганізацый усё, што спатрэбіцца ў хатняй гаспадарцы, або тое, што можна адразу прадаць: збожжа, запчасткі, паліва, угнаенні, сродкі абароны раслін, кормы, мясная прадукцыя. Часцей за ўсё крадуць паліва са службовых аўтамабіляў. Карыстаюцца момантам, калі кантроль знікае, і зліваюць з бака салярку або бензін. Варта адзначыць, што ў тых гаспадарках, дзе выкарыстоўваюцца электронныя прыборы кантролю, падобных фактаў амаль і няма.
— Няўжо на гэтым можна пабагацець?
— Сапраўды, у вялікіх аб’ёмах украсці маёмасць ужо немагчыма. А вось на дробязаях можна наадварот не пабагацець, а страціць значна больш. За крадзеж маёмасці прадугледжваецца як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць. Дробны крадзеж (арт. 11.1 КоАП Рэспублікі Беларусь) нароўні з крадзяжом (арт. 205 УК Рэспублікі Беларусь) з’яўляецца супрацьпраўным бязвыплатным завалоданнем чужой маёмасцю з карыслівай мэтай. Адрозненне толькі ў кошце выкрадзенага. За дробны крадзеж прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь, ці грамадскія работы, ці адміністрацыйны арышт. У той жа час крымінальнае пакаранне прадугледжвае пазбаўленне волі ад 3 да 12 гадоў.
— Дзмітрый Васільевіч, што рэкамендуе Ваша служба, каб паменшыць колькасць крадзяжоў?
— Для аказання дапамогі кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый у забеспячэнні захаванасці маёмасці, кантролю арганізацыі працы вартавой аховы праводзіцца мэтанакіраваная работа па ахове месцаў захоўвання сіламі нашага падраздзялення. Мы ўстанаўліваем тэхнічныя сродкі аховы, выстаўляем пасты фізічнай аховы, выкарыстоўваем сістэмы відэаназірання і іншыя прылады кантролю персанала.
Гутарыў Алег Сідарэнка