
На маляўнічым узгорку каля галоўнага корпуса Ружанскага палаца, дзе некалі ўзвышалася велічная рэзідэнцыя магутнага роду Сапег, прайшоў мастацкі пленэр для дзяцей пад кіраўніцтвам брэсцкай мастачкі Ганны Захарчук. Гэтае месца, абвеянае гісторыяй і легендамі, стала ідэальнай пляцоўкай для творчага натхнення маладых мастакоў.

Дызайнер жаночага адзення, майстар-цырульнік, каларыст, жывапісец, выдатная жонка і мама — гэта ўсё пра яе, Ганну Захарчук. Вось ужо сапраўды кажуць: рознабаковая асоба таленавітая ва ўсім. Напачатку свайго творчага шляху Аня спрабавала сябе ў розных накірунках. Але праз 15 гадоў спроб і памылак усё роўна вярнулася да жывапісу, менавіта да той першакрыніцы, якая дае ёй сілы, мудрасць, жаданне тварыць і цалкам акунацца ў свет мастацтва. І вось ужо тры гады любімае хобі ўзяло верх над асноўнай працай.

— Цяпер я сумяшчаю прафесію каларыста і мастака. За гэты час убачылі свет каля 200 маіх работ. Калі я пішу карціну, абсалютна пра ўсё забываю, ёсць толькі я і мае ўнутраныя адчуванні. Спачатку пачынала маслам, потым выпрацавала ўласны стыль — карамельная акварэль, што значыць 3D карціны на шкле. Гэта традыцыйнае напісанне, толькі ўжо ў новым выкананні. Я яго інтэрпрэтавала і зрабіла з выхадам за рамкі звыклага. Яно вельмі глыбокае і дастаткова наіўнае. Гледзячы на гэтыя работы, кожны можа адкрыць у сабе такога ўнутранага дзіцяці. Мне здаецца, што ў цяперашні час гэта вельмі важна, — падзялілася мастачка.
— Я, калі заканчваю работу, адчуваю нейкую прыемную пустату ў грудзях, як быццам бы нанова нарадзілася і з мяне выйшла тое, што немагчыма сказаць словамі. У мяне каля 50 работ па шкле і ў планах працягваць удасканальваць свой стыль, шукаць іншыя падыходы і напаўняць свае карціны новым зместам.
Навучэнцы размясціліся на ўзгорку з відам на замкавыя руіны. І перад імі адкрылася панарама, годная пэндзля майстроў: высокае неба з дзіўнымі аблокамі, старажытныя сцены, якія захоўваюць памяць стагоддзяў, і домікі пасёлка ўдалечыні. Кожны абраў сабе пейзаж па сваім унутраным адчуванні і жаданні яго захаваць на палатне. Нехта з дзяцей упершыню ўзяў у рукі пэндзлі і фарбы, а ў некаторых ужо ёсць пэўныя навыкі работы з акварэллю.
Перад пачаткам пленэру Ганна расказала дзецям пра свой творчы шлях, падзялілася сакрэтамі жывапісу і паказала, як правільна кампанаваць малюнак на лісце, змешваць фарбы, дабівацца патрэбных адценняў, перадаваць святло і цень, працаваць з перспектывай. Пад яе кіраўніцтвам юныя мастакі стваралі свае першыя эцюды: нехта засяродзіўся на небе з яго паветранымі аблокамі, іншыя старанна вымалёўвалі старадаўнія замкавыя сцены, а трэція малявалі агульны выгляд Ружан з вышыні. Гэтая сустрэча — не проста ўрок малявання, а сапраўднае падарожжа ў свет мастацтва, дзе кожны пачынаючы змог адчуць сябе часткай чагосьці вялікага і прыгожага.
Ганна Захарчук падкрэслівае, што самае галоўнае — гэта інтуітыўнае напісанне, калі дзеці пішуць душой. Тут не трэба баяцца самапраяўляцца або таго, што не атрымаецца. Але тое, што зроблена рукамі дзіцяці само па сабе ўжо бясцэнна. Пасля такіх дзіўных зносін многія прызналіся, што зараз мараць навучыцца маляваць прафесійна. Мастачка ўпэўнена, што такія сустрэчы не толькі развіваюць навыкі, але і абуджаюць любоў да мастацтва і роднага краю.
Па выніках пленэру арганізатары абяруць лепшы малюнак з подпісам аўтара, які ўпрыгожыць сувенірную прадукцыю Ружанскага замка. Узнагароджанне адбудзецца на ўрачыстай лінейцы
1 верасня. А гэта значыць, што творчасць юнага мастака ўбачыць мноства людзей, якія наведваюць унікальнае гістарычнае месца. І хто ведае, магчыма, менавіта тут, сярод старажытных сцен палацавага комплексу нараджаюцца будучыя таленты беларускага жывапісу.
Ірына Велясеві
Фота аўтара