Воскресенье, 5 октября 2025

Мы за спакой у роднай дзяржаве. Размова пра Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, які адзначыў прафесійнае свята

3 096

Свой уклад у абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, арганізацый і дзяржавы ў цэлым робяць і супрацоўнікі Пружанскага раённага аддзела Следчага камітэта (РАСК). Як бы нам ні хацелася, каб злачыннасць мінала бокам, каб усюды панаваў лад і ўзаемаразуменне, усё ж такі знаходзяцца сярод нас злодзеі, махляры, забойцы, якія далёкія ад чалавечай маралі і з якімі абавязкова патрэбна змагацца, выкараняць зло, а недзе нават і прадухіляць замахі на гонар сваіх суайчыннікаў. Справа нялёгкая, але нашы следчыя органы паспяхова расследуюць злачынныя справы, з дакладнай паслядоўнасцю раскрываюць увесь ланцужок саўдзельнікаў. А яшчэ супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта не ўпускаюць з-пад увагі і такую важную дэталь, як прымяненне на практыцы дасягненняў навукі і тэхнікі, станоўчага вопыту, бо апошнім часам вельмі актывізаваліся віртуальныя махляры і даверлівых грамадзян яшчэ хапае, хоць і папярэджваюцца яны аб непажаданых наступствах падчас кантактаў у месенджарах усімі магчымымі сродкамі. Так як у Пружанскім РАСК працуюць прафесіяналы сваёй справы, якія неаднаразова адзначаліся і на абласным, і на рэспубліканскім узроўнях, то ім пад сілу нават любая заблытаная крымінальная справа. Гэтыя людзі самааддана служаць Радзіме не толькі таму, што давалі клятву, а яшчэ па поклічу сэрца, дзеля сваіх родных і блізкіх, усіх грамадзян непаўторнай Беларусі. І не трэба забываць, што следчыя прымаюць удзел у межах сваёй кампетэнцыі ў рэалізацыі дзяржаўнай крымінальнай палітыкі, ажыццяўляюць міжнароднае супрацоўніцтва. Адным словам, работы хапае, часам і выхадныя ахвяруюцца дзеля справы, каб толькі хутчэй выкрыць злачынцу, прыцягнуць да адказнасці, тым самым зрабіць гэты свет яшчэ дабрэйшым і спакайнейшым. З дня ў дзень даводзіцца сутыкацца з чужым горам, душэўнай чэрствасцю, пры гэтым захоўваць халодную развагу, цвёрды розум, глыбока хаваючы свае пачуцці, каб дэталёва ва ўсім разабрацца, выйсці на ісціну.


Пад абаронай у нашай краіне усе — ад старога да малога. Апошнім і працягваць будаваць шчаслівую дзяржаву, у тым ліку і змагацца з несправядлівасцю, выводзіць на чыстую ваду несумленных грамадзян. І гледзячы, як хлопцы і дзяўчаты свядома папаўняюць слаўныя рады супрацоўнікаў Следчага камітэта, можна не сумнявацца ў захаванасці Асноўнага Закону Рэспублікі Беларусь. Возьмем да прыкладу Пружанскі РАСК, які за апошні год прыняў на службу трох маладых спецыялістаў.

Сярод іх і жыхарка г. Пружаны Ангеліна Ярохава. І не трэба скептыцызму наконт таго, што дадзеная прафесія дзяўчыне не да твару. Усюды можна быць карысным, каб толькі душа ляжала да абранай справы. Ангеліна яшчэ падчас вучобы ў СШ № 3 г. Пружаны для сябе вырашыла, што будзе дапамагаць людзям разбірацца ў правах і абавязках, адстойваць Закон сваёй краіны. І ўсё ў яе ідзе ладам. Да прыкладу, у жніўні закончыла тры крымінальныя справы з накіраваннем у суд.

Вось такая яна, Ангеліна Ярохава, мэтанакіраваная,
жыццярадасная і ўпэўненая ў правільнасці выбару прафесіі.


А пачынаўся шлях Ангеліны Ярохавай у прафесію з паступлення пасля 9 класаў у Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж на спецыяльнасць «Правазнаўства». У 2024 годзе на базе РАСК праходзіла спачатку вытворчую, а потым і пераддыпломную практыкі. І ўжо тады спадабаўся і калектыў, і зладжанасць у рабоце раённага аддзела. Таму і не раздумвала, прайшла ўсе належныя праверкі і атрымала допуск з лістапада мінулага года на працу ў якасці следчага (дзяржаўнага грамадзянскага служачага). Пакуль што Ангеліна не носіць пагонаў, толькі дзелавы стыль адзення, але пасля атрымання вышэйшай адукацыі ва УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна», куды паступіла перад уладкаваннем на працу (абавязковая ўмова), стане дыпламаваным юрыстам з лейтэнанцкімі пагонамі. Такая вось мілавідная дзяўчына вырашыла прысвяціць сябе служэнню Айчыне, стаць у нейкім сэнсе яе абаронцай. Пачэсна і выклікае гонар за Ангеліну Ярохаву.

Свабоднага часу ў маладога следчага не так і многа, але дзяўчына са школьнай лаўкі займаецца валейболам, мае другі дарослы разрад. За гэты час выступала на абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных спаборніцтвах. Работа работай, але душы спачынак таксама трэба даваць, каб набрацца сіл на новыя светлыя здзяйсненні дзеля сваіх суайчыннікаў.

Са злачынствамі трэба змагацца, быць гатовым даць адпор любым супрацьпраўным дзеянням. Так лічыць і Кірыл Мазурук. Жыхар Брэста пасля сканчэння Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь па размеркаванні трапіў на Пружаншчыну. Цяпер з 28 ліпеня бягучага года яго родны дом — Пружанскі РАСК, з якім ён заключыў першы кантракт. Хоць і было складана паступіць у навучальную ўстанову (тэсціраванне рознага характару, нават на стрэсаўстойлівасць, добрае здароўе), але Кірылам рухала толькі адна думка — прыкласці ўсе намаганні для таго, каб зрабіць сваю краіну яшчэ лепшай, стаць яе апорай. Як бачым, мара здзейснілася, малады чалавек паступова ўваходзіць у курс справы, ды і старэйшыя калегі дапамагаюць хутчэй унікнуць у работу.

Любіць сваю Радзіму, быць ёй карысным.
Для Кірыла Мазурука гэта зусім не пустыя словы.


Вольная часіна, канечне, прысутнічае, але, як адзначае малады спецыяліст, яе выкарыстоўвае на тое, каб больш глыбока ўнікнуць у спецыфіку работы, не пасарамаціць калег, быць дасведчаным у любым пытанні адносна парушэнняў законаў дзяржавы. Вопыт не адразу прыходзіць, гэта ўсе разумеюць, таму пажадаем Кірылу поспехаў у абранай справе, заставацца заўжды ўважлівым да людзей, не баяцца праяўляць ініцыятыву.

Злодзей павінен сядзець у турме. Усім вядома гэтае выказванне, у тым ліку і следчаму Кірылу Люсціберу з Пружан. У тым ліку і па гэтай прычыне Кірыл паступіў у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь на следча-экспертны факультэт. І вось больш чым год шчыруе ў раённым аддзеле Следчага камітэта. Нехта заўважыць, што кабінетная работа не такая ўжо цікавая, кожны дзень перакладвай паперы з месца на месца. Але малады спецыяліст мяркуе інакш: галоўнае — знайсці сябе, быць разам са сваімі суайчыннікамі, пры любых абставінах заставацца чалавекам. Калі ты жывеш працай, бачыш відавочны рэзультат ад сваёй дзейнасці, значыць, патрэбны грамадству. І гэта самае галоўнае ў жыцці, ды і думаць галавой, аналізаваць факты, праводзіць следчыя эксперыменты часам намнога цяжэй, чым варочаць зямлю лапатай.

Для следчага Кірыла Люсцібера важна адно: даць рашучы адпор злачыннасці, выкараніць няпраўду і паклёпы.


На што яшчэ звяртае ўвагу ў сваёй працоўнай дзейнасці Кірыл Люсцібер? На суладнасць калектыву, калі ты не адзін са сваімі праблемамі, цябе акружаюць інтэлігентныя і высокаадукаваныя людзі. Кожны разумее, што толькі зладжаная работа дазволіць знізіць да мінімуму паказчык па злачыннасці ў краіне, дасць магчымасць людзям спакойна хадзіць па вуліцах, надасць упэўненасці ў тым, што ў нашай дзяржаве на першым месцы быў і будзе чалавек.
Адсюль і ўпэўненасць: калі на абароне інтарэсаў краіны стаяць такія супрацоўнікі РАСК, мы можам спаць спакойна і смела глядзець у будучыню.


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік