
Любая старадаўняя кніга мае сваю непаўторную гісторыю, якая перажыла стагоддзі. Кожная з іх — не проста носьбіт ведаў, а сапраўдны артэфакт, які захоўвае ў сабе дух эпохі. І калі кнігам прадвызначана жыць доўга, то толькі дзякуючы людзям, чые рукі беражліва вяртаюць ім былую веліч. Адной з такіх захавальніц старажытных выданняў з’яўляецца Таццяна Шчаноўская — рэстаўратар-пераплётчык з Брэста, чыё майстэрства ўдыхае новае жыццё ў старажытныя кнігі. Нядаўна ў сценах легендарнага Ружанскага замка Сапег адбылася яе сустрэча з прыхільнікамі рэдкіх хронік — падзея, якая стала сапраўдным падарожжам у часе.

Размаўляць з Таццянай Мікалаеўнай можна бясконца. Прадстаўніца рэдкай прафесіі настолькі трапятліва расказвае пра сваю работу, што ты літаральна з першых хвілін з галавой акунаешся ў сапраўднае таінства рэстаўрацыі і пераплёту. Любімай справе яна прысвяціла без малога 30 гадоў, і цяпер з асаблівым натхненнем працягвае працаваць над сваім адукацыйным праектам «Гісторыя ў вокладках», які ўяўляе сабой кнігі лекара, 3D, мініяцюрныя кнігі — усяго і не пералічыць.
Пачаткам яго стварэння паслужылі «копцкія пераплёты», якія стваралі хрысціяне — майстры найвышэйшага ўзроўню пры манастырах у Старажытным Егіпце. Кожны стараўся ўнесці сваю разыначку ў асобны экзэмпляр. Гэта распаўсюджвалася і ў ХVI-XVIІ ст. на Русі, калі на цэлы каралеўскі двор быў адзін пераплётчык. Каб жыць пры двары і ў пашане, ён кожны раз прыдумваў нешта асаблівае. Вось так і кнігі брэсцкага майстра маюць свой непаўторны каларыт, напоўнены сэнсам і глыбінёй. Сваімі працамі яна паказвае, што кніжнае мастацтва можа выходзіць далёка за межы традыцыйных фарматаў і прадстаўленняў.
— Да любой кнігі трэба ставіцца вельмі беражліва, а да старадаўніх асабліва, паколькі ў кожную з іх укладзена велізарная праца майстра, які яе ствараў. На гэтую сустрэчу я прывезла «шасцік-ніжжа», паясную кнігу, ускладнены варыянт пераплёту «dos-а-dos», а таксама тунэльныя, бальныя, бархатныя кнігі і цікавы варыянт кнігі атрут, — распавядае Таццяна Мікалаеўна. — Гэта ўнікальныя выданні, якія запрашаюць чытача паспрабаваць нешта зусім новае, далёкае ад звыклага фармату. Напрыклад, шасцікніжжа выклікае здзіўленне нават у чалавека, які прывык да класічнай кніжнай формы далічбавай эпохі. Гэтую кнігу можна чытаць 6-цю рознымі спосабамі — сістэма зашпілек і мацаванняў дазваляе раскрываць яе розныя раздзелы, аб’ядноўваючы пад адной вокладкай 6 розных кніг. Варыянт пераплёту «dos-а-dos», калі дзве розныя кнігі маюць адзін агульны бок вокладкі і размешчаны літаральна «спіна да спіны», дазваляе адначасова праглядаць розныя фрагменты. А ўжо паясная кніга — гэта свайго роду сучасны арганайзер, які ўяўляе сабой невялікую кніжачку на поясе, у якой былі сабраны важныя запісы ўладальніка: малітвы, рэцэпты, вершы, лісты, спісы спраў і многае іншае.
У эпоху Позняга Сярэднявечча кніга лічылася ў большай ступені паказчыкам не вучонасці ўладальніка, а яго высокага сацыяльнага статуса. Кожная выраблялася ўручную і практычна прыраўноўвалася да твора мастацтва. А калі кніга была яшчэ і нестандартнай, то каштоўнасць яе павялічвалася ў разы. Цяпер вырабам кніг займаюцца разумныя машыны, праца якіх пастаўлена на паток. Аднак прафесія рэстаўратара-пераплётчыка па-ранейшаму застаецца ўнікальнай, больш сказаць, штучнай.
— Рэстаўрацыя — гэта не проста звычайны рамонт, гэта дыялог з мінулым, — падкрэслівае майстар. — Перш чым дакрануцца да кнігі, я вывучаю яе гісторыю: калі і дзе была надрукавана, хто яе трымаў у руках, якія падзеі яна перажыла. Часам пад пластом пылу і пашкоджанняў хаваюцца дзіўныя знаходкі — экслібрысы, паметкі на палях, запісы ўладальніка, пакінутыя стагоддзямі таму. Усё гэта выклікае пэўныя пачуцці і эмоцыі, таму і стаўленне да гэтага віду рамяства асаблівае. Калі бярэш у рукі мініяцюрную кнігу, асабліва круглай формы, то адразу разумееш, што перад табой сапраўдны шэдэўр высокага мастацтва. Рэстаўрацыю любых старадаўніх кніг трэба рабіць вельмі акуратна і памятаць, што даецца ўсяго толькі адзін шанец зрабіць пэўную аперацыю і нешта выправіць, іншая спроба ўжо ўсё сапсуе. Гэта вельмі тонкая, ювелірная работа, таму ў працэс трэба пагружацца цалкам і шчыра любіць справу, якой ты служыш.
Спачатку ўся кніга разбіраецца, чысціцца, праходзіць працэдуру абеззаражвання, затым сушыцца і толькі тады сыходзіць пад прэс для наступнага прашывання лістоў. На рэстаўрацыю ўсёй кнігі можа патрабавацца некалькі месяцаў штодзённай карпатлівай працы. Перад гасцямі мерапрыемства майстрыха прадэманстравала, як аднаўляецца вокладка, акуратна сшываюцца старонкі і як з дапамогай спецыяльных саставаў выдаляюцца сляды часу, не пашкоджваючы далікатную паперу. Сёння многія працэсы аднаўлення намнога спрошчаны, але Таццяна Мікалаеўна выкарыстоўвае выключна традыцыйныя метады і ўсё робіць уручную.
У гэтую дзіўную прафесію маладую жанчыну прывёў выпадак, калі ёй тэрмінова спатрэбілася работа побач з домам. Тады ў яе на руках была маленькая дачка і раз’язджаць па горадзе зусім не было часу. Яна звярнулася ў абласную друкарню і яе ўзялі ў аддзел тэрміновых заказаў. Асвойваць новую справу прыйшлося з нуля: праца са скурай, цісненне, складаная вокладка… Прайшоўшы пэўную практыку, яе запрасілі пераплётчыкам у партархіў, а пазней у дзяржархіў, але ўжо рэстаўратарам дакументаў ваеннага часу на папяровых носьбітах. Менавіта тут Таццяна атрымала той самы неацэнны вопыт, які пасля і стаў справай усяго жыцця. Цяпер яна дзеліцца сваімі ведамі з тымі, каму ўвогуле цікава старажытная кніга. Ружанскі замак выбрала невыпадкова. Кажа, што менавіта тут адбываецца сапраўднае пагружэнне ў свет, дзе час запавольвае ход, а яго сцены захоўваюць памяць не толькі пра магнацкі род Сапег, але і жывую гісторыю, якую хочацца зберагчы праз кнігу, якая патрабуе трапяткога стаўлення, клопату і павагі.
Ірына Велясевіч
Фота аўтара