Воскресенье, 5 октября 2025

Кнігі — як дзеці, і дзеці — як кнігі

581

На вуліцы Р. Шырмы ў г. Пружаны знаходзіцца ўтульная прастора — куточак, дзе дзеці могуць сустрэцца з сябрамі, пачытаць і абмеркаваць цікавую кнігу, наведаць разнастайныя мерапрыемствы, а таксама сустрэцца з таленавітымі людзьмі. Гаворка ідзе пра дзіцяча-юнацкі аддзел цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма. Напярэдадні прафесійнага свята, які адзначаецца 15 верасня, мы наведалі яго.

Пераступіўшы парог, мы быццам бы апынуліся ў дзіўным горадзе, дзе замест вуліц кніжныя стэлажы са шматпавярховымі паліцамі, а насельнікі — гэта кнігі, кожная са сваёй назвай. І працуюць у гэтым незвычайным горадзе добразычлівыя, чуллівыя супрацоўнікі бібліятэкі.

Загадчыца аддзелам Антаніна Сухарэвіч у гэтай прафесіі ўжо 20 гадоў. І лічыць, што чым раней пачнецца знаёмства з кнігай, тым больш шанцаў прывіць любоў да чытання.

— Мяне натхняюць дзеці, якія чытаюць. Гледзячы на іх, разумееш, што працуеш нездарма.

Кожны дзень у аддзеле адбываецца штосьці новае і цікавае. Калектыў арганізоўвае яркія і запамінальныя мерапрыемствы для дзяцей, якія з захапленнем чакаюць чарговай сустрэчы. А для самых актыўных чытачоў праводзяць летні чытацкі конкурс «Лета з добрай кнігай». Вось сёлета на працягу 2,5 месяцаў маленькія аматары выконвалі творчыя заданні па тэме «Любімы літаратурны герой», чыталі розныя кніжкі, адказвалі на пытанні віктарыны. А пераможцы атрымалі выдатныя падарункі.


— Мы цесна супрацоўнічаем з дзіцячым садам № 4. І ведаеце, часцяком пасля наведвання мерапрыемства дзеці прыходзяць ужо са сваімі бацькамі. Могуць проста разглядаць малюнкі, перагортваць музычныя кніжкі… Але гэта адразу такая асалода на сэрца, — дзеліцца Антаніна Сяргееўна.

У чытальнай зале аддзела традыцыйна ціха, але не з-за адсутнасці наведвальнікаў. Чуецца шалясценне старонак, спакойны голас бібліятэкара і павольныя крокі. А за кулісамі ціхай абстаноўкі ідзе вялікая і карпатлівая работа: падбор літаратуры па заяўках, выдача кніг, улік выданняў, расстаноўка, падрыхтоўка выстаў. Усё гэта ўмее і выдатна з гэтым спраўляецца бібліятэкар чытальнай залы Галіна Чулец.

Кожная кніга ў гэтым дзіўным горадзе стаіць на сваім месцы. І бібліятэкары абанемента Вольга Дзімітруковіч і Наталля Купрэева добра арыентуюцца, дапамогуць знайсці неабходную літаратуру дапытлівым юным чытачам. Вольга Фёдараўна лічыць, што «кнігі выхоўваюць, дапамагаюць самастойна аналізаваць, ацэньваць учынкі кніжных герояў, часам параўноўваць з сабой, рабіць высновы».
На пытанне, якім павінен быць дзіцячы бібліятэкар, Антаніна Сяргееўна адказвае:

— У першую чаргу трэба любіць дзяцей і кнігі, і нашы супрацоўнікі менавіта такія людзі.

Згадваюць бібліятэкары ў сваёй рабоце і кур’ёзныя выпадкі. Напрыклад, прыходзіць навучэнец і пытае кнігу Каваленкі «Под откос». І шляхам лагічнага мыслення бібліятэкар разумее, што гэта кніга В. Караленкі «Парадокс». А вось яшчэ адзін смешны выпадак: пытаюць кнігу А. Астроўскага «Бесприютница», аказваецца, кніга называецца «Бесприданница».

Напярэдадні Дня бібліятэк Антаніна Сухарэвіч звяртаецца да калег са словамі віншавання, жадае ўсім моцнага здароўя, аптымізму, творчых поспехаў і ўдзячных чытачоў.


Анастасія МІХЕЕВА

На здымках: Антаніна Сухарэвіч, Вольга Дзмітруковіч, Наталля Купрэева; падчас наведвання бібліятэкі маленькімі чытачамі.
Фота аўтара і з архіву дзіцяча-юнацкага аддзела