Воскресенье, 26 октября 2025

Калі мары становяцца планамі

492

Калі сядзець на месцы і толькі аб нечым марыць, то наўрад ці на цябе пасыплецца манна нябесная і ўсе жаданні збудуцца ў адно імгненне. Патрэбна ў любым выпадку варушыць мазгамі, прапрацоўваць ўсе варыянты, выбіраць з мноства прапаноў самую выгадную і надзейную. А калі не хапае сродкаў, каб набыць жадаемае? І з гэтай сітуацыі можна знайсці выйсце. Для прыкладу — установа адукацыі «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж».

Па словах намесніка дырэктара па вытворчым навучанні Алега Мотыля, вельмі хацелася абнавіць легкавы аўтамабільны парк, прызначаны для падрыхтоўкі ваджэнню навучэнцаў з каледжа з наступнай здачай экзаменаў на вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «В». Тры аўтамабілі, якія меліся, ужо крыху стаміліся, таму новае аўто не памяшала б. І дырэктар установы адукацыі Дзмітрый Чайкоўскі прыклаў усе намаганні, каб жадаемае стала рэальнасцю. Аўтамабіль «Лада Гранта» набылі ў снежні мінулага года за спонсарскія грошы! Вось вам і рашэнне задачы. Цяпер хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем асвойваюць азы язды на легкавіку, каб потым калясіць па дарогах нашай прыгожай Беларусі.

І ўжо калі загаварылі пра спонсараў… Матацыкл «Мінск Х250» таксама быў набыты пры такой падтрымцы ў 2024 годзе. У красавіку бягучага каледж атрымаў сертыфікат на падрыхтоўку і перападрыхтоўку вадзіцеляў катэгорыі «А». Ужо набралі першую групу з 13 чалавек, пакуль што з тых, хто мае пасведчанне кат. «В» або «С». Нават дзяўчына вырашыла ў будучым пакатацца з ветрыкам.

Што атрымалася? І каледж падымае свой прэстыж, прыцягвае ўвагу абітурыентаў, праяўляе клопат пра сваіх навучэнцаў. І маладым людзям толькі выгада, бо пры жаданні цяпер можаш падчас вучобы атрымаць не толькі катэгорыю «В», але і права на кіраванне матацыклам.


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны МАСІК