Понедельник, 6 октября 2025

Дзяніс Каралькевіч з Шарашэўскай пажарнай часці з верасня 2019 года служыць майстрам-выратавальнікам. Хаця мог бы стаць і прафесійным танцорам

591

— Яшчэ падчас вучобы ў тэхнікуме атрымаў запрашэнне прыняць удзел у танцавальных выступленнях ствараемага тэатра «Ойра». Пагадзіўся і працяглы час выходзіў на сцэну ў складзе гэтага калектыву. Не перадаць словамі, наколькі зменьваецца навакольны свет, калі яго танцуеш.

Пружанцы неаднойчы бачылі нумары, у якіх прымаў удзел і Дзяніс Каралькевіч. Неаднаразова і сам быў сведкам, як кожны раз тэатр «Ойра» атрымліваў гучныя апладысменты за арыгінальныя народныя танцы, а значыць, у гэтым прызнанні была і заслуга Дзяніса. Вось толькі жыццё распарадзілася незвычайна. Другая палова душы шарашоўца патрабавала інакш несці людзям дабрыню, напрыклад, ратуючы іх у бядзе. Таму неўзабаве Дзяніс Валяр’янавіч апрануў форму МНС. За мінулы час службы ён разам са сваімі калегамі па выратавальніцкай справе дапамог сотням людзей, за што неаднойчы атрымліваў падзяку, хаця яна ўжо выказвалася не авацыямі, а словамі. Таго, што так склалася, ніколькі не шкадуе, хаця часам бывае і вельмі цяжка, калі за змену літаральна прысесці не ўдаецца.
Зразумела, што пры такой нагрузцы прафесійныя заняткі танцамі давялося адкласці. Не, не закінуць, раз-пораз успамінае хлопец свае захапленні, знаходзіць час на рэпетыцыі. У прыватнасці, сёлета на абласным узроўні МНС праводзіла мастацкі конкурс, прысвечаны 80-ай гадавіне Вялікай Перамогі, на якім Каралькевіч у танцавальным нумары разам са сваёй партнёркай занялі трэцяе месца. Вось толькі, як сам прызнаецца, на сцэну выходзіць ужо не так часта, як хацелася б.

Аднак творчая часцінка душы ўсё роўна не дае спакою. Замест танцаў, шчыльна захапіўся фота і відэаздымкай, занатоўваючы ў «пікселях» прыгажосць навакольнага свету. А яшчэ ў вольны час вырашыў аднавіць бацькавы матацыкл, сабраўшы яго літаральна з рэштак.

— З дазволу таты вырашыў вярнуць былы выгляд «Іжу» з каляскай, які дагніваў у гаражы. Сёння такую справу таксама можна аднесці да мастацтва, таму што падобная работа толькі ручная.

Некаторыя запчасткі знайшоў па знаёмых або праз інтэрнэт, нешта стварыў уласнаручна. Сёння матацыкл, якому споўнілася амаль паўсотні гадоў, выглядае годна. Засталіся літаральна некалькі штрыхоў, і можна будзе, пасля атрымання адпаведнай катэгорыі, праехацца «з ветрыкам» па пасялковых вуліцах.


Чаму ж не можа пажарны Каралькевіч, як і многія яго саслужыўцы, абысціся без якога-небудзь захаплення? А таму, што свет, які іх акружае ў пазаслужбовай абстаноўцы, усё-такі патрабуе дабрыні. І спосабаў ствараць яе сваімі рукамі вельмі многа. Галоўнае — жадаць гэтага.


На здымку: Дзяніс Каралькевіч і да службы, і да сваіх захапленняў ставіцца адказна.

Алег Сідарэнка