Наша даведка:
Джаміля Амандурдыева — выпускніца (бакалаўр) і выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Супрацоўнічае з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь, ансамблем «Камерныя салісты Мінска», хорам Anima Una, хорам царквы Усіх Смуткуючых Радасць і іншымі калектывамі. Выступае ў Беларусі (канцэртных залах Белдзяржфілармоніі, касцёле Св. Роха) і за яе межамі (у Германіі, Польшчы, Чэхіі, Швейцарыі, Італіі). У рэпертуары спявачкі замежныя і рускія арыі, рамансы, народныя песні. З’яўляецца першым выканаўцам кантаты беларускага кампазітара-мадэрніста А. Літвіноўскага «Stabat Mater Dolorosa».
У яе прыгожае і нязвыклае для беларускага слыху імя і не менш «нетутэйшае» прозвішча. Калі ўпершыню я ўбачыла на афішы аднаго з гарадскіх мерапрыемстваў анонс выступлення опернай спявачкі Джамілі Амандурдыевай, то падумала, што нейкая экзатычная дзіва цудам трапіла ў нашу правінцыю. Але аказалася, што працэс ішоў якраз наадварот: ад пружанскіх каранёў. З іх мы і пачалі размову.
— Джаміля Георгіеўна, прабачце, давайце спачатку разбярэмся, Вы сапраўды родам з Пружан?
—Бабуля жыла на сялібе недалёка ад Шанёў, а дзед у саміх Шанях, потым ужо яны пераехалі ў Плябанцы. Мама мая нарадзілася тут. А пасля школы паехала вучыцца, пазнаёмілася з татам, туркменам па нацыянальнасці. Бацькі пасяліліся ў Мінску, ды толькі Пружаны надоўга ніколі не пакідалі. Вы не паверыце, я ні разу не была ў піянерскім лагеры, кожнае лета праводзіла ў бабулі.
Тэма вёскі вельмі блізкая мне – і адарвацца каранямі ўжо не атрымаецца. Дачка Валюша цяпер таксама «вясковая»: калі я пайшла ў дэкрэтны водпуск, то пры першай жа магчымасці з ёй з Мінска з’ехала.
Менталітэт у дзіцяці тут па-іншаму фарміруецца, чым у горадзе. Чаму — не ведаю, уплывае, напэўна, асобны дом, адсутнасць мегаполіса.
Людзі з вёскі імчацца ў горад, а ў мяне атрымалася з дакладнасцю наадварот: я імкнуся сюды. Можа быць, таму што ў маім жыцці горада вельмі шмат было, і я разумею розніцу.
Зразумела, у горадзе шэраг пераваг: заробак большы, жыццё кіпучае, шмат месцаў, куды можна пайсці. Ды там няма таго, што ёсць у вёсцы: спакою, супакаення. Я не жадаю, каб дачка з гэтай звар’яцелай гонкі пачынала. Яна паспее, яе гэта яшчэ закране. А пакуль няхай пабудзе тут. І я разам з ёй. Вельмі цяжка ў Мінск кожны тыдзень ездзіць, але я думаю, яно таго вартае.
Магчыма, зносін ёй тут бракуе, але іх удасца дабраць. А вось кавалак жыцця, які можна тут правесці, не дабярэш. Побач лес, людзі, якія размаўляюць на іншай мове…
— У сталіцы ж зараз сярод моладзі, здаецца, папулярная беларуская мова?
—Карыстанне роднай мовай у Мінску — хутчэй, тэндэнцыя, якая нагадвае моду. Мова нашых бабулек зусім іншая. Ну, магчыма, гэта і трасянка, але ў свой час для мяне, калі пачала вучыцца, значнага пераходу з мясцовай гаворкі да мовы Купалы, Коласа не было, я ўсё разумела.
—І музычны талент у Вас таксама з мясцовымі каранямі?
— Пра татаву радню я наогул мала ведаю. У Туркменіі два разы была – не спадабалася, не маё гэта. Хоць іх музыку нацыянальную ўспрымаю нармальна: у мяне касмапалітызм такі музычны развіўся.
А па беларускім боку ў нас у родзе шмат таленавітых людзей было, у тым ліку Рыгор Шырма – гэта прадзядулі траюрадны брат. У нас усе са слыхам былі. Мама казала, што дзед, прадзядуля мой, пойдзе, сланечнік зрэжа, дудачку зробіць і сядзіць грае. І на скрыпцы граў. Я не заспела яго і другога прадзеда таксама. А бабуліна мама памерла, калі мне ўжо 10 было. Яна такія прыгожыя народныя песні спявала, і я памятаю і яе, і гэтыя песні.
Вельмі шкада, што гэтыя песенныя традыцыі са старымі сыходзяць.
Дачка мая не такая, ужо інтэрактыўная, як усе цяперашнія дзеці. А раней га-джэтаў усялякіх не было, былі кніжкі, песні і дзеці на вуліцы…
—Гэта значыць, атрыманне музычнай адукацыі стала для Вас лагічным працэсам?
— Я з пяці гадоў музыкай займаюся, як мама ў школу музычную аддала. Але пасля школы была дылема: музычную адукацыю атрымаць ці медыцынскую. З дакладнымі навукамі ў мяне праблемы, так што паступала ў музычнае вучылішча – і адразу не прайшла. Гэта мяне толькі падахвоціла, і з другой спробы паступіла на спецыяльнасць «харавое дырыжыраванне».
Сябе наогул не пазіцыя-ніравала як спявачку. Але ў вучылішчы педагог па пастаноўцы голасу паказала мяне загадчыку аддзялення і той зрабіў вывад: «Гэтая твая бура ў шклянцы вады з дырыжыраваннем нікому не патрэбна, пойдзеш на вакальнае». І ў Акадэмію музыкі я паступала ўжо на вакальнае аддзяленне. Потым стажыравалася ў Германіі некалькі месяцаў, у Піцер ездзіла.
—Вы набылі, так скажам, кваліфікацыю опернай спявачкі, але спявачкай опернага тэатра не сталі. Чаму?
— Адразу пасля акадэміі выкладала вакал у Мінскай школе катэхізатараў. І ўвесь час, пакуль вучылася, пры храме спявала.
Оперны тэатр у Беларусі адзіны, туды не проста трапіць. Я адзін раз праслухоўвалася, магчыма, варта было яшчэ пайсці. Але раптам дырэктар школы катэхізатараў сказаў: «Ты не трапіш у оперны тэатр. Бог – апякун, і пакуль ты пры храме – ніколі не трапіш». Гэта мяне неяк абсадзіла, так што і не спрабую больш.
Сваю порцыю сцэнічнага жыцця, канешне, атрымліваю. Не магу сказаць, што мае спевы звязаны толькі з клірасам: спяваю і з дырыжорамі вядомымі, і выяз-джала за мяжу. Але царква бліжэй мне і неяк глыбей.
20 гадоў спявала на клірасе ў храме «Усіх Смуткуючых Радасць». Мы збіралі грошы на будаўніцтва храма, з хорам калясілі па Германіі. Штосьці зараблялі для сябе, але пэўную суму – на храм.
—Клірас — гэта таксама ад бабулі?
—Ва ўсялякім выпадку, у царкву я пайшла не таму, што «мода» такая наступіла.
Бабуля мяне заўжды прычашчала перад школай, у хаце яе абразы віселі заўсёды. І хрысцілі мяне, як належыць, пры нараджэнні. У хрышчэнні маё імя Яўгенія.
Калі ў музычнае вучылі-шча паступіла, наш выкладчык хору рэгентаваў у храме. І многія дзяўчаты з курсу пайшлі спяваць у храм, я таксама. Спачатку ўзнікла цікавасць. Паступова гэта стала часткай жыцця і ўжо немагчыма па-іншаму.
Але, зразумела, і бабулінымі малітвамі ўсё рабілася.
А потым у маім жыцці з’явіліся Жыровічы. Запрасілі ў духоўную семінарыю займацца пастаноўкай голасу. І я паехала. Гэта быў трэці год майго дэкрэту. Займалася і з хлопцамі, і з дзяўчатамі. Нядаўна дзявочы рэгенцкі корпус перавялі ў Слонім. Скажу, што гэта быў вялікі сардэчны боль і для мяне, і для дзяўчат. І многія забралі дакументы, раз‘ехаліся, хто куды. Некаторыя – у Мінск, у духоўнае вучылішча, і я тут зноў займаюся з імі. Так што зараз кавалачак Жыровічаў ёсць у мяне ў Мінску. Паўгода прайшло, але яны ўсё адно для мяне жыровіцкія.
—Вы выступалі ў Пружанах лічаныя разы, на жаль. Ці змаглі скласці ўражанне аб публіцы? Мне здаецца, у нас не надта шануюць сур‘ёзную музыку. Магчыма, таму, што асноўная маса людзей не вельмі яе разумее?
—Я спявала «папсу» класічную: Шуберта, Сен-Санса, Качыні… І прымалі мяне вельмі добра. Яшчэ доўга потым у горадзе слухала ўдзячныя водгукі ад незнаёмых людзей. У краме, у аптэцы спынялі, пыталі, ці не я спявала, і дзякавалі.
Так што зразумела да сваёй радасці, што людзі музыку ведаюць. А калі не ведаюць, то адчуваюць.
—Некалькі гадоў таму Вы запісалі дыск з кантатай «Stabat Mater» Аляксандра Літвіноўскага…
—Мне вельмі блізкая гэта тэма (я пра духоўную музыку). Заўсёды хацелася і падабалася гэта спяваць. Наогул, тое, што было прызначана для храма, не можа мінуць цябе.
Кампазітар Аляксандр Літвіноўскі, праўда, каталік, але высока духоўны чалавек, шмат эксперыментуе. Гэты музычны твор прысвечаны Божай Маці, якая смуткуе каля ўкрыжаванага Хрыста. Напісана ў стылі цяжкага барока — стылізацыя Баха, і сапраўды вельмі прыгожая музыка.
Ведаеце, нават людзі, якія ніяк не звязаны з музычным светам, адзначалі яе асаблівае ўздзеянне. А на Вас яна зрабіла ўражанне?
—На жаль, пры маім музычным «недаразвіцці» ацаніць падобную музыку магу толькі як «добрый зритель в 9-м ряду». Але проста сказаць, што Ваша выкананне спадабалася, — гэта не сказаць нічога. Слухала з захапленнем!
—«Добрый зритель в 9-м ряду» і ёсць самы галоўны мой крытык.
А наогул навучыць спяваць можна кожнага. Калі працавала ў школе катэхізатараў, з гэтым сутыкалася. Прыходзілі людзі вучыцца, многія проста для таго, каб разумець, што ў храме адбываецца падчас набажэнства. Ніхто не чакаў ад іх нейкіх подзвігаў вакальных, але ўпэўненасць у сабе яны набывалі. І, дарэчы, тут я не толькі давала ўрокі, але і брала іх сама. І ў храме, і ў школе катэхізатараў, куды сталыя, пажылыя людзі ў мяне, студэнткі, ішлі вучыцца. Пасля сустрэч, размоў з імі галаву павярнула ў іншы бок.
—Духоўныя спевы, удзел у богаслужэннях дапамагаюць зразумець сваю сутнасць?
—Немагчыма сутыкнуцца з духоўнасцю, вышэйшай культурай і не зазірнуць унутр сябе. Але вельмі цяжка сказаць: я — брудны, я — прагны. Трэба такую стружку з сябе здымаць, каб даць сабе ацэнку. І споведзі іншы раз не хапае для гэтага. Прыходзіш на споведзь – «і грэх мой перада мною ёсць». Самы галоўны свой грэх ты ведаеш. Але штосьці цябе да яго прывяло, нейкі ланцужок падзей. Было шмат дробязяў, якія ты не адсачыла своечасова. І атрымалася тое, што атрымалася.
Вельмі цяжка знайсці духаўніка, які б дапамог зразумець усё гэта і сапраўды павярнуў цябе ў патрэбным накірунку.
— Вам з гэтым пашанцавала?
—Не варта казаць пра ўдачу, хутчэй, пра перст лёсу.
У Мінску ёсць дабрачынны цэнтр пры храме Іова Шматпакутнага. Тут збіраюцца ўрачы, мецэнаты, каб аказаць дапамогу пакутнікам, манахам. Аднойчы запрасілі мяне ў паездку ў Серафіма-Дзівееўскі манастыр, у Расію ў якасці фаніятара.
Дарога далёкая, прычым, паездка, фактычна, дзелавая. Малады святар на гэта ўвагі не звярнуў і да споведзі не дапусціў практычна нікога, мяне ў тым ліку: маўляў, не пасцілі належным чынам, недастойныя. Манашка ціхенька паклікала іншага бацюшку — старэйшага. А я стаяла з групай на хорах і зверху глядзела: сярод некалькіх быў адзін святар, да якога хацелася падысці, выліць душу. Раптам ігумення наблізілася да мяне: бацюшка просіць вас. Гэты! Потым сказалі, што ён спавядае толькі манахаў, я нейкім цудам да яго трапіла.
—Гэта таксама да пытання, якія перавагі вопыт мае перад маладосцю?
— І гэтае таксама. Чалавек, які перажыў шмат, па-іншаму ўсё ўспрымае, ён не адштурхне. Хочацца да яго ісці, тэлефанаваць, хоць побач пастаяць і наталіцца спакоем. Мітусня што-дзень, праца, некуды бяжыш, едзеш. А побач пастаяў – і асеў гэты глей на дно.
А пасля той споведзі адчуванні былі незвычайныя. І наогул атмасферу Дзівеева мовай не перадаць: ішла па Канаўцы, а самой радасна, як у дзяцінстве, хочацца бегчы, смяяцца, рукамі махаць…
І потым я раптам асэнсавала, што шлях да Серафіма Сароўскага пачаўся намнога раней.
Мне тады гадоў 20 было. Нас запрасілі ў адзін храм за Мінскам, недалёка, паспяваць архіерэйскую службу. Паколькі я ў гэты храм раней не ездзіла, захацелася адтуль сабе штосьці на памяць прывезці. Гляджу, у свячной краме вісіць абраз Серафіма Сароўскага. Кажу: вось гэты абраз хачу. Бачу, цётачкі за прылаўкам шэпчуцца. Пытаю: а што такое? Яны кажуць: гэты абраз тут ад пачатку будаўніцтва храма вісіць, мы ўжо думалі, ці забярэ яго хто-небудзь. А калі забярэ, то хто? Ну вось, мне ён быў прызначаны.
Так што, наш шлях размечаны нябёсамі, патрапіць бы толькі ў сваю паласу.
—Многія цяпер не атаясамліваюць веру і царкву, кажуць, што не маюць патрэбы ў «пасрэдніку» паміж сабой і Богам…
— Кожны, зразумела, мае выбар. Але часам, напэўна, гэта з-за няведання, няўмення. Вось уявіце: прыходзіць абывацель у храм. Што там адбываецца, ён не разумее, мовы царкоўна-славянскай не ведае. Усе кланяюцца, хрысцяцца – ён «у такт» не трапляе. Ад паху ладана становіцца млосна.
І раптам адчувае, што з ім нешта робіцца — па-за ўзроўнем разумення. Накатвае, напрыклад, хваля слёз, і ён плача, не можа супакоіцца. Бог дакранаецца да душы, і чалавек не можа зразумець, што з ім зрабілася. Але, калі такое адбылося, то колькі б ні жыў, ён гэтае адчуванне не забудзе ніколі. Ён будзе ведаць, што цуд быў, і будзе імкнуцца зноў перажыць яго.
Я гэта ў свой час вельмі добра прачула. У мяне атрымалася.
Але для кожнага Бог розны, і ўспрымаецца па-рознаму. Для мяне ён — любоў. Гэта месца, дзе некалі быў наш хутар у лесе, арэлі, бабуліны дранікі… Наогул, узровень сапраўднай веры – тое, што ў вёсцы, што побач. Сурвэтачка, вышытая бабуляй. Абраз, да якога дзядуля зрабіў драўляную рамку, кветачкі сам выразаў. Сёння ў горадзе з гэтым проста: пайшоў і купіў. Ужо абразы нават у 3D робяць. Раней паштоўкі з акцёрамі збіралі, зараз абразы.
Так што, пакуль у нас ёсць яшчэ час да школы – Валечка тут будзе. Жадаю, каб гэта ў ёй засталося. Мне нават радасна, калі яна кажа: не жадаю адсюль з’язджаць. «А як ты ў школу пойдзеш?» — пытаюся. «А што, тут школ няма»?
Гутарыла Ірына СЯДОВА.