Перасоўны медыцынскі комплекс на мінулым тыдні пачаў работу ў Пружанскім раёне. У перавагах падобнага абслугоўвання першымі ўпэўніліся жыхары вёскі Жабін Шаняўскога сельсавета.
— Наша вёска знаходзіцца непадалёку ад Гарадзечна, дзе ёсць ФАП. Адтуль наш фельчар Алена Іванаўна заўсёды прыязджае, калі патрэбна, — кажа адна з першых пацыентак Ніна Паўлаўна Пукіта. — Ды звычайна на веласіпедзе. А тут глядзіце, на якім аўтамабілі прыехала!
Сапраўды, у спецыяльным «памяшканні» — гінекалагічнае крэсла і кушэтка для агляду жанчын. Устаноўлены рукамыйнікі, ёсць халадзільнае абсталяванне.
— Думаю, што вельмі зручным перасоўны комплекс будзе падчас прышчэпачнай кампаніі, — разважае загадчыца Гарадзечненскага ФАПа Алена Мазан, якая вядзе агляд пацыентаў у Жабіне. — Ды і наогул тут ёсць усе ўмовы для паўнацэннага пярвічнага медагляду, можна ўзяць аналізы крыві на біяхімію, зрабіць кардыяграму.
Пакуль мы размаўляем, памочнік урача Кацярына Дубчук рыхтуе да прыёму наступную пацыентку. Соф’і Міхайлаўне Качан напярэдадні споўнілася 85 гадоў. Узрост шаноўны, адпаведны і букет праблем са здароўем. Жанчына выслухоўвае рэкамендацыі па прыёме лекаў, а фельчар радуецца, што артэрыяльны ціск у яе — у норме.
— Гэта ў мяне настрой сёння такі выдатны, што і ціск нармалізаваўся, — жартуе бабуля. — Раней толькі аўталаўка да мяне пад самую хату прыязджала, а цяпер — цэлая паліклініка на колах, усе зручнасці! Сама так разважаю і моладзі скажу: варта цаніць гэта, дзякаваць нашай краіне і нашаму Прэзідэнту за тое, што жыццё пенсіянераў імкнуцца зрабіць лепшым!
— Мы атрымалі перасоўны медыцынскі комплекс ад галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама. Ён быў закуплены за сродкі абласнога бюджэту, — тлумачыць галоўны ўрач УАЗ «Пружанская ЦРБ» Юрый Юзько. — Фельчара ФАПа сёння задзейнічалі часова. Пакуль комплекс функцыянуе ў рэжыме тэсціравання. Два тыдні нам патрэбна, каб вызначыцца, наколькі дакладна працуюць усе агрэгаты, ці трымаюць патрэбную тэмпературу халадзільнікі. А ўжо з сярэдзіны верасня тут з‘явіцца пастаянны работнік, складзем графік выездаў па населеных пунктах раёна. Адначасова магчыма будзе наладзіць і продаж лекаў.
— Думаю, што комплекс стане добрай альтэрнатывай стацыянарнаму медыцынскаму абслугоўванню, асабліва для жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак, — адзначыў Юрый Віктаравіч. — Ён можа працаваць як аўтаномна, так і сумесна з ФАПам. Медыкі цяпер змогуць у літаральным сэнсе слова ўвайсці ў кожны дом, зрабіць неабходныя абследаванні, правесці дыспансерызацыю людзей, якім складана дабрацца ў паліклініку.
Ірына Сядова. Фота аўтара