
Другі год запар жыхары і турысты Ружан маюць магчымасць дакрануцца да высокага арганнага мастацтва. Касцёл Святой Тройцы, помнік архітэктуры XVII стагоддзя, сёлета зноў стаў адным з месцаў правядзення Фестывалю акадэмічнай арганнай музыкі «Ars Magna Organi».
Барочны арган сярэдзіны XVIII – канца XIX стагоддзя – сапраўдны гонар не толькі ружанскага храма, але і ўсяго Пружанскага раёна, аднак амаль цэлае стагоддзе музычны інструмент маўчаў. «Загаварыў» жа арган год таму, у верасні 2024-га. Менавіта тады, падчас фестывалю арганнай музыкі «Ars Magna Organi», адбылася яго інаўгурацыя: арган зноў загучаў для вернікаў і шматлікіх турыстаў гарадскога пасёлка. Нямала іх і падчас сёлетняга фестывальнага сезону, і вось чаму.
Па-першае, фестываль пашырыў тэрміны правядзення: калі ў мінулым годзе канцэрты праходзілі ў верасні – кастрычніку, то на гэты раз пачуць арган можна было ўсё лета і ў верасні. Па-другое, колькасць канцэртаў таксама павялічылі – з 10-ці ў мінулым да 15-ці ў гэтым сезоне. Па-трэцяе, геаграфія арганістаў – самая шырокая: ад Беларусі і Расіі да Венгрыі. І, нарэшце, па-чацвёртае, не абышлося ў фестывальным сезоне–2025 без новаўвядзенняў.
Адным з такіх сталі два канцэрты ўдзельнікаў арганных майстар-класаў, што прайшлі напачатку жніўня. А ўжо ў пачатку бягучага месяца адбылася не менш важная падзея. Справа ў тым, што арган упершыню загучаў у дуэце з сапрана, разам са сталічнай арганісткай Калінікай Мядзведзевай выступіла вакалістка Кацярына Вабішчэвіч (г. Мінск).
Калі вы яшчэ не пабывалі на канцэрце ў рамках фестывалю арганнай музыкі ў Ружанах, не ўпусціце апошнюю ў гэтым годзе магчымасць. У суботу, 20 верасня, для жыхароў і гасцей гарадскога пасёлка – канцэрт Іны Шпілеўскай з Наваполацка. У праграме – творы кампазітараў Даменіка Цыполі, Бальдасарэ Галуппі, Вільгельма Фрыдэмана Баха і іншых. Пачатак у 13.00 гадзін. Уваход на ўсе канцэрты бясплатны.
Запрашаем паслухаць высокую музыку і пабываць у адным з улюбёных месцаў турыстаў Пружанскага раёна – ружанскім касцёле Святой Тройцы!
ДУ “Турыстычны инфармацыйны цэнтр Пружанскага раёна”