Вторник, 30 сентября 2025

Беседа с директором Пружанского лесхоза Виктором Корниенко

512

Вельмі паказальную назву мае прафесійнае свята лесагаспадарчай галіны беларускай эканомікі — Дзень работнікаў лесу. Не проста гадавальнікаў зялёнага багацця краіны або лесаперапрацоўчай прамысловасці. А менавіта сінтэз гэтых абодвух накірункаў: свята тых, хто працуе ў лесе і з лесам. З канкрэтызацыі гэтай акалічнасці мы і пачалі перадсвяточную гутарку з дырэктарам Пружанскага лясгаса Віктарам Карніенкам.

— Віктар Віктаравіч, сапраўды, вы працуеце ў лесе, ахоўваючы нашы прыродныя багацці, і разам з тым робіце ўсё, каб эканоміка Беларусі атрымлівала карысць ад гэтага набытку. Якім чынам удаецца выконваць дзве кардыяльна розныя задачы?

За зялёныя набыткі Пружаншчыны адказвае
галоўны ляснічы Дзмітрый Козел.


— Прызнацца, мы іх не спалучаем, а для вырашэння кожнай выконваем загадзя складзеныя планы. Але пры іх рэалізацыі ўлічваем «інтарэсы» кожнай. У прыватнасці, вырошчваем лес, які можна выкарыстоўваць у вытворчасці, а таксама забяспечваем вытворчасць тым, што вырасцілі. І гэта неабходна рабіць так, каб ні адзін з накірункаў дзейнасці не пацярпеў.

«Лічбы важныя і ў нашай справе», — лічыць
бухгалтар Гарадзечненскага лясніцтва
Валянціна Вакульчык.


Спынюся на аднаўленні нашага зялёнага набытку. Для таго, каб лясны фонд захоўваў сваю разнастайнасць мы, папершае, высаджваем новыя плантацыі, з пачатку бягучага года гэты фонд павялічыўся амаль на 200 гектараў, восенню работы будуць працягвацца. Разам з тым, устанаўліваем агароджы, каб дзікія жывёлы не марнавалі маладыя парасткі. Штогод да папярэдняй плошчы дабаўляецца да 250 гектараў такіх земляў. А яшчэ садзейнічаем натуральнаму росту дрэў, для чаго ў вызначаныя перыяды выконваем асвятленне ўчасткаў, санітарны догляд, а напрыканцы — выбарчая высечка. Паралельна ажыццяўляецца догляд за ляснымі культурамі, каб усе пасадкі прыжыліся і далі добры вынік. Сёлета такія работы былі праведзены на плошчы ў 705 га.

На дрэваапрацоўчай вытворчасці шчыруе
вадзіцель пагрузчыка Аляксандр Батура.
З тэхнікай на «ты» вадзіцель Дзмітрый Казбяровіч.
Запрашае на паляванне егер Бярозаўскага
лясніцтва Мікалай Манчык.


Па-другое, пільна сочым за супрацьпажарнай бяспекай. Напрыклад, сістэма відэаназірання «Лясны вартавы» зараз ахоплівае амаль усе лясныя тэрыторыі нашага рэгіёна, дзякуючы чаму мы атрымліваем вельмі аператыўную інфармацыю аб надзвычайных здарэннях. У якасці прыкладу прывяду сёлетняе ўзгаранне ў экасістэме каля в. Сярэдняе. Праз некалькі мінут, як мы зрэагавалі на здарэнне, пачалі паступаць тэлефанаванні ад відавочцаў. А пры лясным пажары гэтыя некалькі мінут дарагога вартыя.

Знакам Міністэрства лясной гаспадаркі Республікі Беларусь «Ганаровы лесавод» узнагароджаны майстар лесу Зеляневіцкага лясніцтва Канстанцін Здановіч, які працуе ў гэтай галіне з 1993 года. А некалі тут жа працавалі яго тата і дзядзька.


— А якія намаганні прымае прадпрыемства для ўцягнення зялёных дароў у эканоміку?


— У бягучым годзе мы адчувальна нарасцілі
аб’ёмы лесанарыхтоўкі, дзякуючы таму, што Пружаншчына стала самым багатым на лес рэгіёнам Брэстчыны. У выніку на сённяшні дзень мы нарыхтавалі ўжо 140 кубічных метраў сыравіны.
Пераважная большасць пастаўляецца прамым пакупнікам — экспарцёрам і айчынным перапрацоўчым прадпрыемствам мэблевай, папяровай і іншых сфер. Паралельна з сыравінным забеспячэннем арганізуем і ўласную перапрацоўку. Розныя піламатэрыялы ўжо прынеслі нам каля 1,5 мільёна долараў выручкі. Разлічваем, што да канца года выйдзем на экспартныя 2 мільёна долараў, тым самым удвая пераўзыходзячы гадавое заданне.
Набірае абароты і пелетная вытворчасць, асабліва з улікам увядзення датацыйнай падтрымкі для пераходу на аднаўляемыя віды паліва. У выніку сёлета было выпушчана 1800 тон, а за пелетамі звяртаюцца не толькі мясцовыя пакупнікі, але і з суседніх рэгіёнаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.


І вось нядаўна запусцілі такі новы для нас накірунак, як домабудаванне з драўніны. Ёсць ужо першы заказ, які зараз выконваем, паралельна адладжваючы працэс. Ужо ёсць наступны спіс заказаў, што паказвае ўстойлівы попыт на такую прадукцыю. Спектр збудаванняў з ацыліндраванага бруса даволі шырокі — ад альтанак да аграсядзіб, таму і будзем нарошчваць гэты вектар вытворчасці. Асабліва з улікам таго, што падобная прадукцыя трапляе ў спіс крэдытуемых тавараў пад льготныя 4%.


— Пружанскі лясгас – адна з буйных арганізацый раёна па колькасці работнікаў, сярод якіх нямала сапраўдных дынастый, «сямейных падрадаў». Чаму склалася менавіта так?


— Гэтак адбіваецца спецыфіка нашай работы, таму што лес трэба гадаваць не год і нават не дзесяць гадоў, а цэлае стагоддзе. Справа бацькоў перадаецца дзецям, ад іх унукам па прынцыпу пераемнасці. Так некалі і мой бацька Віктар, які працаваў тут галоўным інжынерам, перадаў сваю справу і мне.


Яшчэ ў якасці цяперашніх прыкладаў назаву дынастыю Шыпулей, якія ўжо ў трэцім пакаленні займаюцца лясной справай, і зараз сын і ўнук Іван узначальвае Пружанскае лясніцтва. Таксама бацьку Уладзіміра і сына Андрэя Яворскіх, брата Івана і сястру Яну Мартынавых, мужа Аляксандра і жонку Святлану Данілік, а яшчэ «сямейны падрад» Сяргея і Галіны Ермакоў. І спадзяюся, што ў свой час прыйдзе да нас на працу сын ляснічага Зеляневіцкага лясніцтва Віктар Манцэвіч, які вучыцца зараз на лесавода.


Усіх нашых цяперашніх работнікаў, а таксама ветэранаў на заслужаным адпачынку віншую з самым мірным святам — Днём работнікаў лесу. Няхай ураганы і засухі жыцця абыходзяць вас бокам, каб кожнае пачынанне давала ўстойлівыя парасткі, якія праз час ператвараліся ў істотныя здабыткі. І каб поруч з вамі ішлі моцнае здароўе і мірнае неба.


Гутарыў
Алег СІДАРЭНКА

Фота Кацярыны МАСІК