Працягну радкі верша Веранікі Тушновай словамі: мне з вамі было добра працаваць, размаўляць, вучыцца, спасцігаць чарговыя старонкі жыцця, рабіць высновы…
Гэта апошні мой маналог пад гэтай рубрыкай «Калонка галоўнага рэдактара». Не, сама рубрыка нікуды не дзенецца і далей будзе жыць з другім галоўным рэдактарам. Я ж дзякую ўсім, хто быў разам са мной, падзяляў мае думкі, можа ў нечым не пагаджаўся, спрачаўся. Аб апошнім расказваюць вашы лісты ў рэдакцыю. Але пра гэта я ўжо распавядаў.
Як пісаў перад працоўным адпачынкам, пачынаецца новы этап майго жыцця ў іншай рэдакцыі, іншай газеце, са сваімі чытачамі. І гэта нармальна, гэта жыццё, якое дыктуе свае ўстаноўкі. Мы толькі яго падначаленыя, але карэкціраваць яго, папраўляць — у нашых сілах.
За гэтыя няпоўныя чатыры гады мы разам з калектывам рэдакцыі, нашымі вышэйстаячымі куратарамі змаглі змяніць «раёнку», спадзяюся, што ў лепшы бок. Зрабілі рэдызайн першай паласы, у колеры некаторыя старонкі, пастараліся ўдасканаліць насычанасць публікацый, каб яны былі цікавыя для ўсіх узроставых катэгорый, якія галасуюць за газету сваёй падпіскай, чытальніцкай зацікаўленасцю, запатрабаванасцю ў праўдзівай, дакладнай інфармацыі.
У лістападзе 2021 года мне пашчасціла ўзначаліць раённую газету, працаваць з творчым, натхнёным калектывам, цудоўнымі тэхнічнымі работнікамі, крэатыўнымі вэб-журналістамі, фінансавай службай рэдакцыі. Нягледзячы на свой ужо немалады ўзрост, яны мяне вучылі быць сумленным, праўдзівым, аб’ектыўным. Спадзяюся, што і я іх нечаму навучыў. Мы разам працавалі над далейшым удасканаленнем газеты, як модна цяпер казаць, яе архітэктонікай. Крыху не хапіла часу, каб разам завяршыць гэтую справу. Не сумняваюся, што новы рэдактар гэта зробіць.
З цеплынёй успамінаю цудоўных людзей, якія першымі сустрэлі грузавы аўтобус з маім скарбам, дапамаглі падняць яго на чацвёрты паверх інтэрната №4 Пружанскага аграрнага каледжа. А гэта былі Аляксандр Момлік — у той час узначальваў аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі, Сяргей Дзямідаў — галоўны спецыяліст аддзела. Дзякую вам, дарагія мне людзі!
Не менш цёплыя пачуцці засталіся ад зносін з благачынным праваслаўных цэркваў Пружанскай акругі протаіерэем Міхаілам Носка. Мы амаль землякі з айцом Міхаілам, ён таксама з Гомельскай вобласці, але Нараўлянскага раёна. У нядаўняй гутарцы на вернісажы, які прысвечаны Ефрасінні Полацкай (і да гэтага часу яшчэ працуе ў Пружанскім палацыку), мы знайшлі агульныя кропкі сутыкнення: дзецьмі ў 1983 годзе наведвалі Кіева-Пячэрскую лаўру, можа нават і бачыліся. Слухаць айца Міхаіла — адно задавальненне, душа супакойваецца, думкі святлеюць.
З рэдактарам і аператарам Пружаны ТВ Андрэем Мартынюком мы знайшлі агульную мову, неаднойчы дапамагалі адзін аднаму, не сумняваюся, што і далейшыя зносіны застануцца такімі ж добрымі і надзейнымі.
Асобна дзякую супрацоўніку нашай газеты, адказнаму сакратару, загадчыку аддзела Алегу Сідарэнку. Гэта ён стаў «хросным» маёй работы ў рэдакцыі.
Ведаеце, можна пералічваць многіх цудоўных людзей, з якімі мне ўдалося пазнаёміцца, размаўляць, супрацоўнічаць. Для гэтага невялічкай калонкі не хопіць, трэба некалькі старонак. Адно скажу, што ў Пружанскім раёне жывуць і працуюць цудоўныя людзі, некалькі не падобныя на іншых, са сваімі асаблівасцямі, характарамі. Дзякую ўсім за вашы добрыя адносіны, прыгажосць душы, цеплыню.
З вялікай павагай да ўсіх, Віктар Ільюшчанка