
Не спыняюся паўтараць: гісторыя не мае ўмоўнага ладу. Усе нашы здагадкі, што было б, калі б падзеі мінулага развіваліся па іншым сцэнарыі (а кнігі пра «траплянцаў» і альтэрнатыўную гісторыю зараз у трэндзе), застаюцца толькі разважаннямі. Не заўсёды, дарэчы, удалымі. Часам яны нагадваюць спробу выбраць сабе іншых бацькоў: маўляў, пры спрыяльным раскладзе зорак імі маглі стаць не простыя вяскоўцы, а заможныя князі.

Але не выбіраем мы ні бацькоў, ні малую радзіму, ні мінулае сваёй краіны. Гэта якраз тое, што варта прымаць як ёсць, з усімі жыццёвымі хібамі, памылкамі, складанасцямі характараў, беднасцю ці знешняй непрывабнасцю. І не адракацца ад людзей і падзей, шанаваць тых, хто не аглядаўся назад, а мэтанакіравана будаваў будучыню для нашчадкаў — наш з вамі сённяшні дзень.
У тым ліку, гэта і ўдзельнікі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Каб змагацца супраць рэжыму панскай Польшы, патрэбна было нямала мужнасці, адданасці справе. Члены КПЗБ (Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі) і КСМЗБ (Саюза моладзі), беспартыйныя актывісты станавіліся жывымі мішэнямі для паліцыі, рызыкавалі ўласным жыццём і сваімі сем‘ямі, пакутавалі ў бесчалавечных умовах канцлагера ў Бярозе-Картузскай. І ўсё ж выходзілі пераможцамі – па сіле духу, моцы сваіх перакананняў.
Сёння, у такі значны для ўсіх нас дзень – Дзень народнага адзінства – нагадаем некалькі імёнаў землякоў, тых, хто імкнуўся наблізіць аб‘яднанне размежаваных умовамі Рыжскага дагавору братэрскіх палавінак нашай краіны — Заходняй Беларусі і БССР.
Вялікі ўклад у арганізацыю гэтай работы на Пружаншчыне ў 20-х – пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя ўнёс Сцяпан Піліпавіч Пацяруха (1904-1982).
Ён нарадзіўся ў вёсцы Калядзічы Пружанскага павета, у сям‘і сялян. Па характары заўсёды быў барацьбітам, лідарам, а калі сям‘я з‘ехала ў бежанства ў Самарскую губерню, захапіўся камуністычнымі ідэаламі.
Пацярухі вярнуліся на радзіму ў 1920-м годзе. Сцяпан, якому споўнілася 16 гадоў, пайшоў працаваць лесарубам. Цяжкая фізічная праца гартавала цела, але ўсе праблемы працоўнага люду цяпер ён бачыў «знутры». Выконваў даручэнні падпольшчыкаў-камуністаў, а ў 1924 годзе і сам уступіў у КПЗБ. Дарэчы, рэкамендацыю ў партыю яму давала Вера Харужая, якая ў той час знаходзілася на Пружаншчыне.
За актыўную партыйную работу яго некалькі разоў арыштоўвалі польскія ўлады, у 1925-27 і 1932-39 гадах адбываў тэрміны зняволення ў польскай турме ў Брэсце, паўгода правёў у канцлагеры ў Бярозе-Картузскай. У 1928 годзе ўзначальваў Пружанскі падпольны райкам КПЗБ, а ў 1932-м быў у ліку арганізатараў забастоўкі лесарубаў і возчыкаў лесу ў Белавежскай і Ружанскай пушчах. У гэтай значнай акцыі пратэсту прынялі ўдзел больш за 4000 чалавек з 56 пушчанскіх вёсак і часткова перамаглі: былі перагледжаны расцэнкі, павысілася заработная плата.
Пасля ўз‘яднання Заходняй Беларусі з БССР Сцяпан Пацяруха працаваў намеснікам старшыні Пружанскага райвыканкама, старшынёй Поразаўскага райвыканкама. У 1940 годзе быў абраны першым дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Пружаншчыны. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся сярод арганізатараў і кіраўнікоў падпольнага і партызанскага руху ў Белавежскай і Ружанскай пушчах.
Пасля вайны Сцяпан Піліпавіч працаваў сакратаром Шарашоўскага, а пазней Пружанскага райкамаў КПБ. З‘яўляўся старшынёй савета ветэранаў – былых членаў КПЗБ і КПМЗБ Пружанскага раёна. Ганаровы грамадзянін г. Пружаны.
Першым камуністам у роднай вёсцы Загор‘е быў яе ўраджэнец Мацвей Еўдакімавіч Казловіч (1903-1942).
У гады грамадзянскай вайны ён паспеў паваяваць на баку Чырвонай Арміі, вярнуўся ў родную вёску ўжо сфарміраваным барцом за камуністычныя ідэалы і ў многім
уплываў на фарміраванне патрыятычнага сумлення мясцовай моладзі.
За рэвалюцыйную дзейнасць неаднаразова арыштоўваўся польскай буржуазнай паліцыяй, адбываў тэрміны турэмнага зняволення. 1925, 1927, 1928 гады… Наогул, летам 1925 года ў Пружанскім павеце былі праведзены шматлікія арышты. У ліпені было арыштавана больш за 250 чалавек, сярод іх — члены Хараўскога падрайкама І.П. Уроніч, М.Е. Крыштафовіч, С.П. Пацяруха.
У першай палове 1930-х Мацвей Еўдакімавіч атрымаў заданне: падпаліць тартак (лесапілку) у раёне Смаляніцы. Партыйнае даручэнне выканаў. Як вынік – арышт, следства і новае зняволенне тэрмінам на паўтара года.
У 1940-41 гадах М.Е. Казловіч працаваў загадчыкам Бортнавіцкай пачатковай школы. А падчас Вялікай Айчыннай вайны заняўся звыклай падпольнай работай, падтрымліваў сувязь з партызанамі. У 1942 годзе быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і зноў апынуўся ў пружанскай турме. Летам гэтага ж года расстраляны, пахаваны ва ўрочышчы Слабудка ў брацкай магіле, дзе ўпакоены прах больш дзесяці тысяч савецкіх падпольшчыкаў, актывістаў, антыфашыстаў, байцоў Чырвонай Арміі, мірных жыхароў.
Падрыхтавала
Ірына СЯДОВА