Для журналістаў адной з галоўных ацэнак іх работы з’яўляецца зваротная сувязь з чытачамі. Гэта значыць, што чарговы нумар не адкладваюць у бок, а праглядваюць і засяроджваюць увагу на самых цікавых матэрыялах. Ведаю такіх падпісчыкаў, а іх нямала, хто чытае газету, як кажуць, ад коркі да коркі.
Пару дзён таму ў рэдакцыю прыйшоў ліст ад Андрэя Іванавіча Касарэнкі — жыхара Пружан. Звярнуў увагу менавіта на гэты ліст не за змест тэксту, а за арыгінальнасць. Гэта 6 лісточкаў з сшытка ў клетку, падзеленыя на дзве часткі, замацаваныя паміж сабой маркамі. Чытаць трэба з канца на пачатак. Як бачыце, у нас паштавікі прымаюць карэспандэнцыю нават без канверта. На адной са старонак стаяў штамп паштовага аддзялення. Мне адразу на памяць прыйшлі лісты з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, так званыя «трохкутнікі» палявой пошты. Арыгіналы гэтых поўных шчырасці і пранізлівай любові пасланняў мне пашчасціла трымаць у руках і чытаць іх. Свой архіў мне даверыў Васіль Рыгоравіч Прытычанка, ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Кармяншчыны Гомельскай вобласці. Працуючы ў мясцовай газеце, я вёў аўтарскую рубрыку «Лісты здалёку». Ад гэтых «трохкутнікаў» заўсёды павявала цяплом. Вось і гэты ліст ад Андрэя Іванавіча быў падобным на тыя, здалёк. Аўтар яго дзеліцца разважаннямі наконт узнятай тэмы аўтарскай рубрыкі «Белае — Чорнае», якая выйшла ў № 67 раённай газеты. Чытач амаль са ўсім пагадзіўся з аўтарам, акрамя таго, што каты нападаюць на сваіх крыўдзіцеляў, кажа, што, наадварот, ігнаруюць іх. Тым жа, хто да жывёл добра адносіцца, падкормлівае, стараюцца аддзячыць дабрынёй, ласкай. Аўтар ліста прапануе нам расказаць аб прынятым
1 красавіка 2024 года Законе «Аб адказным абыходжанні з жывёламі».
У адным з нумароў «раёнкі» мы гэта зробім. Андрэй Іванавіч падрабязна расказвае пра некалькі выпадкаў, якія адбыліся ў яго жыцці, калі яго абыякавасць да пухнатых братоў нашых меншых перарасла ў добрыя адносіны і спагаду да іх. А яшчэ аўтар асуджае тых, хто прыручае хвастатых, а пасля выкідвае прэч.
Яшчэ Андрэй Іванавіч Касарэнка аналізуе аналітычны матэрыял Ірыны Велясевіч аб штучнай і натуральнай харчовай прадукцыі. Наш падпісчык, абапіраючыся на аргументы ў матэрыяле, пытае, дзе ў Пружанах можна знайсці натуральны чорны хлеб, у якім няма штучных дадаткаў, кансервантаў… Іншага яго арганізм не ўспрымае. Андрэй Іванавіч вельмі смуткуе па пружанскім натуральным хлебе «кірпічык», лічыць, што цяперашні таксама з дабаўкамі. Не буду сцвярджаць адваротнае, бо я не тэхнолаг хлебазавода, але мне здаецца, што аўтар памыляецца наконт нашага хлеба. Здаецца натуральней яго няма нічога. А яшчэ вельмі добрыя хлебабулачныя вырабы выпускаюць у Аранчыцах. Іх прадукцыю можна набыць у магазіне «Верас» ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Аднак, там хлеб не іржаны.
Нехта скажа, нейкія дзіўныя тэмы ў калонцы падняў. Можа і так. Але я хацеў засяродзіць увагу не на тэмах ліста, а на зваротнай сувязі рэдакцыі з чытачамі. Ведаеце, для нас гэта вельмі важна. Мы для гэтага і працуем, каб нашы матэрыялы краналі чалавечыя пачуцці, былі цікавымі, чытачы на іх адклікаліся лістамі, тэлефанаваннямі, каментарыямі ў інтэрнэце, а яшчэ падпіскай на раённую газету. Мы гэтага чакаем.
Віктар Ільюшчанка