
Ужо больш за 10 гадоў ён рэгулярна выязджае на трывожныя выклікі, колькасць ліквідаваных з яго ўдзелам надзвычайных здарэнняў даўно пераваліла за тысячу.
— Усялякі раз у барацьбе з агнём, ратаваннем людзей у аўтамабільных і іншых тэхнагенных аварыях бачыш на свае вочы разбурэнні. І вельмі хочацца перамагчы ўзніклы хаос, прынесці ў гэты свет прыгажосць парадку. Словам, ствараць нешта новае, замест разбуранага.
Гэта і падштурхнула Яўгена Вітальевіча да работы з драўнінай. Як ён расказвае, аднойчы ўзяў у рукі адпаведны інструмент, каб зрабіць нейкую дробязь. За ёй больш складаную рэч, і так па ўзрастаючай. Сёння, як сам прызнаецца, нават чакае вольную мінуту, каб прыступіць да стварэння новых задумак.
Базай для такой работы стала дача, дзе ён спачатку зрабіў уласную майстэрню, якую абставіў патрэбнымі станкамі. А прысядзібны ўчастак пераўтварыў у выставу зробленага. Колькасць вырабаў даўно перасягнула за некалькі дзясяткаў ад дробных да габарытных рэчаў. Вось толькі сябе Яўген Ануфрыенка майстрам не называе. Майстар можа вырабляць прадукцыю на паток, ставячы на кожны выраб уласнае кляймо якасці. А Ануфрыенка адносіць сябе да творцаў, драўляных мастакоў, якія ствараюць нешта асаблівае па сваёй душы. І ніколі не паўтараючыся.
— Першым сабраў вось гэты драўляны гамак,— расказвае творца.— Малюнак убачыў у інтэрнэце, але вырашыў зрабіць інакш, як выглядае ў маёй фантазіі. Потым змайстраваў гэтую лаўку, ужо без усялякіх падказак, па ўласнай інтуіцыі.
Нядаўна Яўген закончыў рабіць падвес для плеценых сядзенняў. Ён убачыў іх у магазіне і літаральна праз некалькі мінут у галаве ўзнік чарцёж, якім чынам іх замацаваць.
Зразумела, што творца не жыве ў вакууме, мае саслужыўцаў, сярод якіх нямала таварышаў і сяброў, якія, безумоўна, ведаюць пра захапленне Яўгена Ануфрыенкі і неаднаразова звярталіся з просьбай зрабіць і для іх які-небудзь эксклюзіў. Для аўтара такая магчымасць — чарговая прыступка да ўласнай рэалізацыі. І хаця ён не бачыць свой выраб, усё-такі разумее, што стварыў для гэтага свету нешта дадатковае.
— Прызнацца, не заўсёды знаходзіцца час на захапленне, бывае, што тыднямі не прыступаеш да гэтай работы. Вось толькі рукі па-сапраўднаму свярбяць, калі доўгі перыяд не можаш зайсці ў майстэрню.
І як толькі гатовы выраб размяшчаецца на адведзеным яму месцы, Яўген бярэцца за новы. Планаў у яго галаве хапае, ёсць і зараз задумкі, якія пачнуць рэалізоўвацца ў бліжэйшы час. Яны стануць чарговым дапаўненнем да парадку, які больш упрыгожвае наваколле, чым разбуранае.
На здымку: Яўген Ануфрыенка дэманструе нядаўнюю работу. Вось так можна ўпрыгожыць той куток, дзе жывеш.
Алег Сідарэнка