Воскресенье, 5 октября 2025

Вясковы магазін: беражыце або беражыцеся?

357

Відэакрытыка ў адрас магазіна райспажыўтаварыства ў Баранавіцкім раёне, размешчаная ў сацыяльнай сетцы, ускалыхнула беларускае грамадства. Нават журналісты з АНТ вырашылі правесці ўласнае расследаванне прыведзеным фактам. Было выказана нямала меркаванняў, заўваг, каментатары нават падзяліліся на дзве групы «за» і «супраць».


Дакладна вывучыўшы агучаную прэтэнзію, а аўтар скардзілася, што ў вясковай краме не змагла набыць малака, марожанага і цукру, а таксама контраргументы, прыйшоў да высновы, што на некаторыя акалічнасці не была звернута ўвага. І першага боку, і другога.
З большага, варта прызнаць, што крытык адлюстравала рэальнасць. Сапраўды, сельскія магазіны толькі ў выключных выпадках могуць здзівіць асартыментам. Таксама здараецца, што прадукты з паліц хутка разбіраюцца пакупнікамі. Аўтарка не пакрывіла душой. І ўсё-такі дадам, што яна пакрывіла сумленнем. І вось чаму.

Што не заўважылі?

Пры больш дасканалым аналізе сітуацыі вызначаецца, што і аўтар заўвагі, і тыя, хто прыводзіў контраргументы, пакінулі «па-за кадрам» тры вельмі важныя акалічнасці.

Па-першае, вясковы гандаль, які арганізаваны і пад-трымліваецца ТОЛЬКІ спажывецкай кааперацыяй, больш выконвае сацыяльныя задачы. У тым фармаце, як Белкаап-саюз, аналагаў падобных аб’яднанняў няма ні ў адной іншай краіне свету. Кааператывы дзейнічаюць, але яны ў сваёй рабоце кіруюцца толькі эканамічнай абгрунтаванасцю. Наш жа Белкаапсаюз з’яўляецца рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам і падпарадкаваны ўраду краіны. Значыць, арганізацыя прымае непасрэдны ўдзел у фарміраванні ўнутранай эканомікі дзяржавы, разам з тым, адказвае за сацыяльную сітуацыю ў Беларусі. З гэтым звязана тое, што магазіны спажыўкааперацыі дзейнічаюць там, куды ні адзін прадпрымальнік не рызыкуе ехаць. А ў кааператараў іншага варыянта няма, таму што менавіта такія абставіны дыктуюць прынятыя ў нашай рэспубліцы сацыяльныя стандарты. Лічу, што толькі з улікам гэтай акалічнасці крытыкаваць гандлёвую спажывецкую сетку несумленна.

Па-другое, здаецца, што кааператарам за падобную адказнасць павінны быць прадугледжаны розныя прэферэнцыі. Магчыма, некаторыя льготы ўнутранай арга-нізацыі працы і дзейнічаюць. А вось у камерцыйным плане Белкаапсаюз зноў жа саступае. Асабліва ў плане гандлёвай надбаўкі і гнуткасці ў фарміраванні цэн. Кожны пакупнік заўважаў, што першы з прывезенага дзясятка свежых батонаў каштуе крыху больш за рубель. І апошні, нягледзячы на хуткасць разбору, будзе каштаваць столькі ж. А прыватны прадавец можа рабіць інакш: карыстаецца попытам прадукт, значыць, і цана адпаведна падрастае. Тое ж самае дзейнічае ў выпадку, калі хутка скончыцца тэрмін захоўвання або тавар страціў сваю першапачатковую якасць, можна атрымаць скідку. У сістэме спажывецкай кааперацыі зніжэння цэн не будзе, а не купленае проста запісваецца ў страты. У рэальнасці атрымліваецца, што пры параўнальна аднолькавай гандлёвай сетцы Белкаапсаюз атрымлівае прыбытку ў 400 разоў менш за буйныя харчовыя рэтэйлеры. Дык можа ён у такой сітуацыі дазволіць сабе хаця б трэць тавараў спісваць ва «ўтыль»? А менавіта так і будзе, калі прывозіць у сельскія магазіны як мага больш разнастайнага асартыменту без разліку на канкрэтнага пакупніка.


І па-трэцяе, што тычыцца даступнасці прадуктаў вясковым жыхарам. Тая сістэма, што склалася ў сельскім гандлі, кардынальна адроз-ніваецца ад гарадскіх падыходаў. І заўважыць адрозненні, калі «гады ў рады» прыязджаеш у вёску, немагчыма. Справа ў тым, што паміж прадаўцамі сельскіх крам спажыўкааперацыі і мясцовымі жыхарамі склаліся вельмі шчыльныя сяброўскія, а можа, нават і роднасныя адносіны. Неаднаразова чуў, як цешча, якая жыве ў аграгарадку Лінова, тэлефануе ў магазін з просьбай прывезці ёй больш хлеба ці цукру. Бо прыехалі дзеці да яе. Ці заказвае сетачку сталовых буракоў, таму што збіраюцца госці, для якіх трэба прыгатаваць боршч ці «селядзец пад шубай». І як на наступны дзень з магазіна тэлефануюць: «Цётка Валя, заказ дастаўлены, прыходзьце». Думаю, што з такім сэрвісам не тое, што малака з марожаным, варта чакаць аператыўнага выканання заказу на чорную ікру і іншыя «марцыпаны». Убудавацца ў гэтую сістэму прыезджаму з горада вельмі складана, таму што многае пабудавана на даверы. Больш таго, прадаўцы крам настолькі выдатна ведаюць густы аднавяскоўцаў, а таксама прыкладны аб’ём спажывання, што могуць і самі патэлефанаваць з навінамі аб завозе «смакоццяў».

І ўсё-такі беражыце!
Атрымліваецца, што крытыкаваць таксама трэба мець права. Не можа настаўнік нароўні спрачацца з будаўніком, а міліцыянер вучыць хірурга рабіць прафесійную аперацыю. Значыць, вясковыя магазіны могуць крытыкаваць хіба самі жыхары сельскіх населеных пунктаў. Вось ад іх якіх-небудзь скаргаў на сістэмныя недахопы не паступае. Чаму? Таму што разумеюць, зімой заўсёды будзе холадна, а летам — горача. Так і сітуацыя ў сельскім гандлі не можа змяніцца, ён або будзе ў тым выглядзе, як трымае наша сацыяльная дзяржава, або знікне, калі карыстацца сусветнымі капіталістычнымі падыходамі.
Падсумоўваючы, дадам, што (толькі дасканала разабраўшыся ва ўсіх абставінах здарэння) можна выказваць свае заўвагі. Нездарма ёсць народная прыкмета «Прамаўчы, за разумнага сый-дзеш». Хаця пра што я, у нас жа нямала «шырокіх спецыялістаў», якія могуць навучыць працаваць іншых. Пры тым, што ў сваёй справе нярэдка дапускаюць памылкі.

Алег Сідарэнка